Нефармат біенале

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

22 лістапада ў Палацы мастацтва адкрылася шостая біенале жывапісу, графікі і скульптуры. Ёй, зразумела, не выпадае канкурыраваць з венецыянскай, але роля згаданай імпрэзы ў культурным жыцці краіны раз ад разу ўзрастае. Быць яе лаўрэатам стала прэстыжным — пры тым, што грашовы складнік лаўрэацтва даволі сціплы. Ды не ўсё вымяраецца грашыма…

/i/content/pi/cult/721/15723/IMG_2192-S.jpg

Выстава працуе да 14 снежня.

/i/content/pi/cult/721/15723/IMG_2201-S.jpgПамятаю, калі наша біенале толькі пачыналася, мастакі ставіліся да яе, як мне падавалася, не надта сур’ёзна. Глядзелі на гэтую мастацкую імпрэзу як на чарговы салон, дзе галоўнае — прыйсціся даспадобы верагоднаму пакупніку/замоўцу. Зыходна ведаючы, што той, не надта дасведчаны ў мастацкіх плынях, стылях, трэндах, звычайна аддае перавагу рэчам немудрагелістым і “каб вока лашчылі”. Экспазіцыі першых біенале не ў малой ступені складаліся з работ, сэнсава блізкіх формуле, выведзенай у адной з песень Уладзіміра Высоцкага — “Не важно что, но чтоб красиво”. Хтосьці прыносіў на выставу тое, што звыкла мела някепскі попыт у паспалітага аматара мастацтва, хтосьці — тое, што магло трактавацца як адбітак сацыяльных актуалій, ідэалагічных пастулатаў і праз гэта звярнуць на сябе ўвагу ўжо дзяржаўных інстытуцый.

І толькі потым прыйшло разуменне, што біенале — гэта не салон, дзе, паводле законаў гандлю, заўжды мае рацыю пакупнік, і не выстава да памятнай для дзяржавы альбо значнай для грамады даты. Біенале дэманструе тое, што здаўна называюць мастацтвам для мастацтва, надаючы гэтай фармулёўцы станоўчы сэнс. Гэта спаборніцтва прафесіяналаў “па гамбургскім рахунку”. Тут нельга выехаць за кошт тэмы ці сюжэта. Няважна і тое, што ты намалюеш альбо выканаеш у пластыцы. Непрынцыпова, хто ты ёсць — рэаліст ці абстракцыяніст. Але ты мусіш прадставіць твор, па якім зразумела, што ты мастак — жывапісец, графік, скульптар. А калі твая спецыялізацыя — дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дык пачакай наступнага года, калі будзе трыенале гэтага творчага цэху.

Зрэшты, межы мастацкіх спецыялізацый сёння даволі празрыстыя. Што, дарэчы, засведчыла і гэтая біенале: сярод жывапісу ёсць карціны вядомага скульптара. Калісьці алейны жывапіс быў для яго формай пошуку пластычнага вобразу, але паступова аформіўся ў асобную творчую іпастась.

Аўтару гэтых радкоў давялося прысутнічаць на адборы твораў у экспазіцыю. Людзей, якія прымалі рашэнне прапусціць ці адхіліць тую ці іншую работу, надзяліў паўнамоцтвамі Саюз мастакоў. Усе яны — кіраўнікі секцый і рэгіянальных арганізацый. Зразумела, кожны змагаўся за сваіх, але рашэнні па кожнай рабоце прымаліся калегіяльна, большасцю галасоў. Заўжды магчымая сітуацыя, калі нешта вартае ў экспазіцыю не трапіць, але магу засведчыць, што тут згаданая верагоднасць была зведзена да мізеру. Калі ўзнікала дыскусія, перагаласоўвалі па некалькі разоў. Быў нават момант, калі адна даволі абстрактная работа праходзіла ў экспазіцыю толькі пры той умове, што аўтар пагодзіцца яе пераарыентаваць: павесіць не гарызантальна, а вертыкальна.

Мне амаль на кожнай выставе, якую я бачу, бывае цікава ведаць, якія работы не прайшлі адборачнае сіта, паводле якіх крытэрыяў іх адхілялі? Гэтым разам у экспазіцыю біенале найперш не трапілі тыя палотны, аркушы і пластыка, якія да трыяды жывапіс-графіка-скульптура належаць толькі фармальна. Іх можна было трактаваць і як дэкаратыўнае пано, і тэхналагічныя эксперыменты з паліграфіяй, якія маюць вельмі ўскоснае дачыненне да мастацкай графікі, і як так званыя “аб’екты” — але ні ў якім разе не як скульптуру ў яе звыклым разуменні. Усе гэта таксама можна лічыць мастацтвам, але выставачны фармат для яго мусіць быць іншым. Дарэчы, у часе абмеркавання згаданага “нефармату” прагучала думка, што для рэчаў такога кшталту варта было б перыядычна ладзіць спецыяльныя агляды. Скажам, раз у тры гады. Хай на такім трыенале будзе відэа-арт, інсталяцыі, перформансы і ўвогуле ўсё тое, што па-за традыцыйнай трыядай выяўленчага мастацтва.

Не трапілі ў экспазіцыю і досыць прыгожыя рэчы, па якіх бачна, што мастак адкрыта патурае густам умоўнага сярэднестатыстычнага гледача: калі краявід — дык абавязкова з бярозкамі. Жорстка адсякаліся і творы занадта пафасныя, якія па сваім стылі нагадваюць эскізы “манументалкі” часоў застойнага сацрэалізму. Зноў жа — нефармат…

Мне было цікава пабачыць, што станковы (ды і манументальны) жывапіс мае тэндэнцыю да змяншэння памераў карціны (роспісу). Мала хто сёння возьмецца за вялікае палатно. Замест яго хутчэй напіша некалькі маленькіх. А вось графічныя аркушы дзякуючы новым друкарскім тэхналогіям дасягаюць часам проста велізарных памераў. Экспазіцыя біенале адлюстроўвае
абедзве тэндэнцыі.

Я свядома не назваў ніводнага імя мастака. На самым пачатку біенале засяроджанасць журналіста на тым ці іншым творцы магла б успрымацца як псіхалагічны ціск на тых, хто будзе вызначаць пераможцаў. Адно дадам, што на біенале прадстаўлены сваімі творамі многія вядомыя аўтары, а таксама і моладзь, што нядаўна пакінула сцены Акадэміі. Такім чынам, дапытлівы глядач зможа пабачыць традыцыю і адчуць тэндэнцыю. Бо нейкая частка ўчора і заўтра заўжды прысутнічае ў нашым сёння.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"