Куды сыходзіць дзяцінства?

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

Завяршылася дзіцячае “Еўрабачанне”. Пераможца вызначаны — гэта Раксана Венгель з Польшчы, якая не магла стрымаць слёз, пачуўшы канчатковую колькасць набраных галасоў. Можна ганарыцца і нашым Даніэлем Ястрэмскім: ён выступіў вельмі добра. Але конкурс пакінуў і пытанні, адно з якіх вынесена ў назву. Сапраўды, няўжо дзіцячае “Еўрабачанне” настолькі пасталела, што не пакінула дзяцінству шанцаў?

/i/content/pi/cult/721/15722/pages-8-9-SS.jpgТое, што гэты конкурс стаў больш дарослым, заўважылі ўсе, пачынаючы з беларускіх каментатараў тэлетрансляцыі. Дык радавацца трэба ці хвалявацца? Стаўленне да гэтых змен ва ўсіх рознае. Між тым, дзіцячыя спевы ўжо даволі трывала скіраваныя ў бок шоу-бізнесу. А ён хаця і знаходзіцца ў нас у стане эмбрыёна, як пра тое не стамляюцца даводзіць самі яго ўдзельнікі, ды ўсё роўна — апрыёры дарослы: разлічаны на прафесійны, а не дзіцяча-аматарскі падыход да эстрады.

Дадам, што тое сталенне было закладзена ад пачатку “Еўрабачання”. Памятаеце, яшчэ некалькі гадоў таму ўсе гучна сцвярджалі, што дзеці самі пішуць конкурсныя песні? Некаторыя насамрэч пісалі (а хтосьці з іх пазней увогуле абраў шлях кампазітара і цяпер працягвае гэтаму навучацца). Ды толькі дзеці-аўтары ніяк не маглі перамагчы на адборачных турах, бо канкурыравалі з прафесіяналамі. А тыя, у сваю чаргу, імкнуліся напісаць так, каб паверылі, што аўтарам было дзіця, і наўмысна спрашчалі меладычную лінію. Сёння мы не хаваем, што за плячыма дзятвы стаіць цэлая армія дарослых — і кампазітары не “прыкідваюцца”, застаючыся самімі сабой.

Змяніўся і ўзрост удзельнікаў. Яны сталі куды старэйшымі. І ў свае 13 — 14 гадоў, улічваючы акселерацыю, — амаль дарослымі. Дык чаго здзіўляцца адпаведным песням? Звярніце ўвагу: сёлета выказванні дзяцей на больш дарослыя тэмы не ўспрымаліся як дысананс адносна іх узросту. А яшчэ ўзрос узровень спеўнай падрыхтоўкі — зноў-такі, не аматарскай, а прафесійнай. Таму ў песнях не толькі пашырылася тэматыка, але і змяніліся жанравыя, стылёвыя асновы. Стала больш балад, дзе шырокае драматургічнае і меладычнае развіццё дапамагае паказаць усё, на што здольныя юныя музыканты. А яны, як стала відавочна, цудоўна валодаюць палітрай сучасных выканальніцкіх прыёмаў, сябруюць з джазавай імправізацыяй, не пужаюцца ні мікрафонаў, ні вялізнай сцэны, пачуваючы сябе на ёй “у сваёй стыхіі”. Дый у дарослага журы — абсалютна дарослыя патрабаванні!

Падобныя працэсы ўласцівыя ўсяму конкурснаму руху — і ў галіне эстрадных спеваў таксама. Менавіта так, дарэчы, развіваліся абодва конкурсы — і дарослы, і дзіцячы — на “Славянскім базары ў Віцебску”. Больш за тое, дзіцячы конкурс яшчэ больш складаны паводле ўласна вакалу. Таму застаецца прыняць гэта за дадзенае — і рухацца далей.

Але ж ёсць і закон маятніка. Дайшоўшы да мяжы сваёй амплітуды, той хістаецца ў зваротны бок. Таму не трэба здзіўляцца, калі надалей усе рэзка пачнуць зноў рабіць стаўку на “самых маленькіх”. Пакуль жа, на маю думку, дзіцячае “Еўрабачанне” знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне, шукаючы гармонію між светам дарослых і дзяцей. І гэта прасочваецца ў песні, якая перамагла! Перамагла, дарэчы, дзякуючы галасаванню шырокай публікі (сярод якой, не будзем скідваць з рахунку, хапае і прафесіяналаў).

Услухайцеся ўважліва: гэтая песня, так бы мовіць, “для сямейнага прагляду” — як пазначаюцца адпаведныя кінастужкі. Самае запамінальнае ў ёй — фінальны рух уніз, па гуках гамы, але з пункцірным рытмам, бы дзіця збягае па лесвіцы, падскокваючы на кожнай прыступцы. Але ж не ўся песня такая! Яна куды больш дарослая, а гэта — толькі штрых, які дапамагае злучыць два сусветы, дарослы і дзіцячы, у адзін чалавечы космас. І ў чарговы раз давесці, што ўсе мы — дзеці прыроды. І знаходзімся ў пошуках гармоніі.

Чым не тэма для сацыялагічных даследаванняў? Бо “Еўрабачанне”, у тым ліку дзіцячае — гэта яшчэ і магутны зрэз чалавечай свядомасці і падсвядомасці. Мы абіраем тое, што нам блізка па духу — і чаго нам у дадзены момант не хапае, да чаго мы імкнёмся. Сёлета такім кірункам, пэўна, сталі пошукі гармоніі, жаданне быць дарослым — але з дзіцячым агеньчыкам у вачах.

Дадатковае таму пацверджанне — песня Ангеліны (Францыя), якая выйшла на другую пазіцыю (зноў-такі, праз глядацкае галасаванне). Яна больш дзіцячая паводле стылістыкі, але адметны танцавальны рух, якім нумар запомніўся больш за ўсё, мог бы стаць асновай мудрагелістай дарослай харэаграфічнай кампазіцыі contemporary dance. Так што дзяцінства не сыходзіць — яно “мадулюе” ў вечную маладосць. Ці вы не згодныя?

Фота Ганны ШАРКО

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"