Не спяшайцеся, дзеці, вырастаць

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

Увядзіце ў пашукавік словы “танцы дзеці”, і інтэрнэт адразу выдасць вам дзясяткі спасылак на ўсемагчымыя прыватныя гурткі і студыі. Не дзіва, што на гэтай хвалі, як грыбы растуць размаітыя танцавальныя конкурсы з дзікай колькасцю дробных намінацый (бацькам жа патрэбны медалі, таму трэба ўсім дагадзіць). Аднак “раздача сланоў” усім прысутным — не самае страшнае на тых міжнародных (ніяк не менш!) фэстах. Куды жахлівей становіцца ад рэпертуару, пастаўленага на дзяцей пяці — васьмі гадоў.

Папярэднія два гады, як адказная маці, я правяла ў гімнастычных залах, прывозячы дачку на рэспубліканскія і міжнародныя першынствы па эстэтычнай гімнастыцы. У чаканні выступлення дзіцяці па некалькі гадзін адгледжвала нумары “сваіх” дзяўчат з Клуба эстэтычнай гімнастыкі “Сільфіда” і суперніц з іншых аб’яднанняў Беларусі і замежжа. Узрост дзяўчынак на спартыўным дыване — ад 4 да 14 гадоў, у большасці — высокі тэхнічны ўзровень. І што мяне заўсёды шчыра хвалявала, дык гэта музычнае суправаджэнне праграм.

Трэнеры ставяцца да выбару музыкі надзвычай адказна: для самых малодшых часцей за ўсё падбіраліся кампазіцыі з выбітных савецкіх мультфільмаў, неблагіх сучасных мультсерыялаў, поўнаметражных анімацыйных карцін. Такім чынам яны адразу двух зайцоў забіваюць: выкарыстоўваюць высакаякасны музычны матэрыял і дазваляюць малечы заставацца дзятвой. Са старэйшай узроставай катэгорыяй можна пайсці далей: тут нярэдка выкарыстоўваюцца саўндтрэкі з выбітных фільмаў, мюзіклаў, опер і балетаў, музыка класічных кампазітараў. Напрыклад, падлеткі “Сільфіды” цяпер на замежных спаборніцтвах скараюць журы нумарам, пастаўленым па
партытуры Арама Хачатурана з балета “Спартак”.

А пару тыдняў таму я трапіла на Міжнародны фестываль танцавальнага мастацтва Dance Power, які ладзіўся Belarusian Centre of Arts. У сталічны Палац культуры МТЗ завіталі харэаграфічныя калектывы з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Напрыклад, у катэгорыі пачаткоўцаў да пяці гадоў і танцораў першага года навучання шасці — васьмі гадоў можна было пабачыць студыі з Брэста, Гомеля, Віцебска, Мозыра, Барысава, Бабруйска, Полацка і, зразумела, сталіцы. Геаграфія радавала. Шкада, але тое самае нельга сказаць пра многія з прадстаўленых нумароў.

Я не чакаю ад пастаноўшчыкаў сучаснага танца выбару Чайкоўскага ці Шапэна, аднак не магу пагадзіцца, што найлепшым саўндтрэкам для малечы будзе рыфмаванка з рэфрэнам “оса — толстая колбаса”. За
паўтары гадзіны конкурсу сярод самых малодшых канкурсантаў у мяне неадначасова ўзнікала пытанне: ці спрабавалі харэографы выйсці далей за пашукавік бессэнсоўных песенек YouTube?

Пастаноўшчыкі відавочна блыталіся ў адчуваннях, да якой катэгорыі аднесці выступленне сваіх падапечных. Так, у намінацыю “Народны танец” чамусьці трапіла гумарыстычная пастаноўка пра мыццё бялізны, але міма прайшла класічная “Калінка”. Да слова, быў і знаёмы матроскі “Яблычак”, але ніводнага беларускага народнага нумара я так і не дачакалася.

Увогуле, увесь музычны шэраг конкурсу збольшага мацаваўся на сучасных замежных хітах. Быццам у Беларусі не існуе айчыннай сучаснай музыкі. З завядзёнкі выбілася толькі віцебская дзіцячая студыя танца “Сугучча”: хочацца паціснуць руку яе кіраўніку Юліі Анашка за выбар у якасці фанаграмы кампазіцыі Ганны Хітрык “Лічылачка”.

Аднак далей — болей. Як толькі ўзрост выступоўцаў дасягнуў адзнакі шасці — васьмі гадоў, сталі з’яўляцца нумары з эпатажнымі назвамі накшталт “Малышкі на мільён”, “Кілергёрл супраць паліцыі”. Самі ж танцы можна абазначыць схемай “музыка — як мага грамчэй, касцюмы — максімальна набліжаныя да дарослых, рухі — як мага болей раскаваныя”. Асабіста для мяне апафеозам “сучаснасці” стала пастаноўка, дзе малодшыя школьніцы ў чорных калготах у сетку, кароткіх шортах і ботах-панчохах, расшытых камянямі ў стылі “бліскуча-дорага” амаль па-даросламу круцілі філейнымі часткамі.

На гэтым фоне сапраўды шчыра выглядаў высокагустоўны нумар “У чаканні” малодшага складу сталічнага ўзорнага тэатра танца “Менада”. Не дзіва, што кіраўнік Алеся Максіменкава і балетмайстар Алена Мукабары атрымалі дадатковую ўзнагароду як найлепшыя харэографы. І як сумна што ў некаторых маладых кіраўнікоў гурткоў іншыя “зыходныя” для стварэння танца. Мо хто падкажа, як дагрукацца да іх з просьбай дазволіць дзецям на сцэне усё ж заставацца дзецьмі.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"