Анатомія фестывальных клонаў

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

“К” ужо пісала, што на нядаўнім пасяджэнні рэспубліканскага савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці пры Міністэрстве культуры гаворка ішла і пра асаблівасці развіцця фестывальнага руху на Беларусі. Не без пэўнага задавальнення згадаю пры гэтым, што на пачатку мерапрыемства дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, старшыня згаданага савета Алег Хмялькоў зазначыў: “Тэма, якую пастаянна ўзнімае газета “Культура”, стала прадметам разгляду на самым высокім узроўні”.

Фестываляў у нас, безумоўна, шмат. Ад раённых да міжнародных. Мы іншым разам кажам пра гэта як пра неаспрэчны здабытак. Аднак колькасць пераходзіць у якасць толькі пры наяўнасці, так бы мовіць, дбайнай селекцыі. Пры яе адсутнасці фестывальная карта краіны будзе нагадваць арэал распаўсюджвання клонаў, вельмі падобных, а таму не надта жыццядайных. У выніку лепшых можна адабраць толькі з горшых. А гэта ўжо не эвалюцыя, а штосьці адваротнае. Словам, асноўная бяда фестывальнай справы — падабенства. І тады адзінымі спажыўцамі фэсту застаюцца госці-ўдзельнікі, бясконца ўдзячныя арганізатарам за бясплатныя харчаванне ды пражыванне.

Куды рухацца

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы — начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля Задзяркоўская агучыла асноўныя моманты даручэнняў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Савета Міністраў краіны ў дачыненні да развіцця беларускага фестывальнага руху. Гаворка пра выпрацоўку канцэптуальных падыходаў да арганізацыі фэстаў з улікам павышэння іх творчага ўзроўню, выяўлення таленавітай моладзі, пашырэння глядацкай аўдыторыі, максімальнага выкарыстання сацыяльнай інфраструктуры, развіцця турыстычнага патэнцыялу рэгіёна.

Сістэма, натуральна, ёсць і яна працуе, адзначыла Наталля Задзяркоўская. Тым не менш, у наступным годзе будзе распачата інвентарызацыя (магчыма, камісійная) міжнародных і рэспубліканскіх культурных мерапрыемстваў, у тым ліку — і рэгіянальных. Яе мэта — выключыць выпадкі арганізацыі няякасных фэстаў за кошт рэспубліканскіх бюджэтных сродкаў.

Застаецца разабрацца, які фэст якасны, а які — не. Да прыкладу, мерапрыемства не можа мець статус міжнароднага, калі ў якасці глядацкай аўдыторыі выступаюць удзельнікі творчых калектываў і іх родзічы, калі ўдзельнікамі з’яўляюцца сябры нацыянальна-культурных аб’яднанняў нашай краіны. Так, статус мерапрыемства вымагае немалых высілкаў. А з нічога і нараджаецца нічога.

Заслона шэрасці

Стандартнасць, клонавасць, шэрасць… Непазбежны ланцужок фэставага “выраджэння”. Супрацьстаяць гэтаму павінен конкурс на найлепшы рэгіянальны фестываль, які не сорамна было б фінансаваць за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Наталля Задзяркоўская зазначыла, што такі конкурс неўзабаве будзе абвешчаны афіцыйна. Фэст гэты не павінен быць новым, прыдуманым з нуля. Калі ў рэгіёнах лічаць, што да правядзення годнага, выпрабаванага часам мерапрыемства варта прыцягнуць рэспубліканскія фінансы, дык удзел у згаданым конкурсе павінен расставіць усе кропкі над “і”.

Упарадкаванне фестывальнага руху павінна быць адлюстравана ў агульных календарах і картах. Але кожнае мерапрыемства ў гэтым рэспубліканскім спісе павінна быць як звон. Цалкам выключаецца магчымасць дубляў, безаблічных, незапамінальных акцый. Паўнацэнны фэст — гэта несумненны брэнд раёна ці вобласці.

Праблема не аднаго дня

Месца правядзення фестывалю павінна мець належную інфраструктуру. Тэма — з вобласці мараў. Але доўгатэрміновасць вырашэння праблемы якраз і азначае, што пачынаць варта было яшчэ ўчора. Адсутнасць якаснага жылля для ўдзельнікаў-гасцей ніяк не спрыяе развіццю праекта. Цудам, да прыкладу, трымаецца “Берагіня”. Тлумачэнне тут, падаецца, адно: фэст яркі, карысны, брэндавы. Уяўляеце, якім ён мог бы быць па геаграфіі ўдзельнікаў пры належнай інфраструктуры?

Ёсць інструкцыя правядзення рэгіянальных мерапрыемстваў. Па словах Наталлі Задзяркоўскай, неабходна яе прааналізаваць і ўнесці, калі трэба, змены. Фэст павінен быць шматузроўневым, паэтапным па сваіх адборачных і заключных этапах. Іншым разам мы забываемся і на тое, што фестываль — гэта не толькі свята талентаў, але і іх конкурс. Творчыя лабараторыі і майстар-класы — абавязковы гарнір, які спрыяе агульнай каларыйнасці фестывальнай стравы. Дык вось, конкурсная аснова — стымул для ўдасканалення творцы, бо ўсе не могуць быць лаўрэатамі. І чарговы доказ важнасці адбору лепшага з лепшых.

Яшчэ адна істотная заўвага Наталлі Задзяркоўскай. Творчы ўзровень фэсту павінен прадугледжваць абавязковы ўдзел у праграмах мясцовых і запрошаных непрафесійных, заслужаных аматарскіх, народных і ўзорных калектываў. Неўганараваныя званнямі ансамблі павінны бачыць высокі мастацкі ўзровень сваіх калег, павінны адчуваць арыенціры для ўласнага творчага росту.

Уплыў малой радзімы

Не залішне нагадаць і пра тое, што нельга фарміраваць фестывальную праграму без уліку мясцовых гісторыка-культурных характарыстык, якія і складаюць аснову брэндавасці асобна ўзятага рэгіёна.

Усе згаданыя асаблівасці далейшага фестывальнага руху краіны будуць абагульнены ў наступным годзе. Тады ж, па словах Наталлі Задзяркоўскай, пройдзе рэспубліканскі конкурс на найлепшы нацыянальны брэнд. З гэтай нагоды карысна, як думаецца, працытаваць дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярыну Лабука:

— Брэнд нельга штучна прыдумаць і навязаць, ён павінен “вырасці” на мясцовай традыцыі. Паняцце “брэнд” шчыльна спалучана з паняццем “тавар”. А які тавар карыстаецца попытам? Толькі звязаны з нашай гісторыка-культурнай спадчынай.

Лепш, падаецца, і не скажаш. А таму ці паўсюль у сюжэтную тканіну фестываляў варта ўплятаць вобразы прыгажунь-мажарэтак з барабанамі?

Варта дадаць, што ў сувязі з “рэвізіяй” фестываляў павялічваецца роля Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, які павінен асвоіць і функцыю Цэнтра рэгіянальных культурных праектаў. Без такой каардынацыі, заўважыла Наталля Задзяркоўская, проста не абысціся.

І самае галоўнае. Пераможцы нашых фестываляў не павінны знікаць з поля зроку грамадскасці. Таму трэба выпрацаваць сістэму далейшага іх прасоўвання. Чаму б таленту, выяўленаму ў раёне, не паспрабаваць свае сілы ў вобласці?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"