Румынская рапсодыя для беларускіх цымбалаў

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

“Мова, прыгожае пісьменства, паэзія, музыка — сродак сувязі між душамі людзей, вышэйшы сродак”, — слушна заўважыў у свой час класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. Так, музыка знакамітых румынскіх кампазітараў злучыла выканаўцаў з Румыніі і Беларусі. У рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Беларуская музычная восень” у Вялікай канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся святочны канцэрт CENTENAR (“Стагоддзе”), арганізаваны пры падтрымцы Амбасады Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь і прысвечаны 100-годдзю Вялікага аб’яднання Румыніі, якое адзначаецца 1 снежня.

/i/content/pi/cult/721/15714/A75I1324-68-S.jpgПачаў канцэрт аркестр беларускіх народных інструментаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Чэрнікава (на здымку). Слухачы былі зачараваны цудоўным пералажэннем “Першай румынскай рапсодыі” Джорджэ Энэску для беларускіх цымбалаў. Арыя з оперы “Жніво” Ціберыу Бердзічану, якую выканала Вольга Косарава (сапрана) у суправаджэнні аркестра, выклікала ў зале хвалю апладысментаў і крыкі “Брава!”

Пасля аркестра музыка румынскіх кампазітараў прагучала на трубе (выканаўца А. Цярэшчанка), флейце (выканаўца А. Рэнанская), скрыпцы (выканаўца М. Васіленка), а таксама ў выкананні ансамбля скрыпачоў “Капрыс” (кіраўнік Г. Арабей). Нікога не пакінула раўнадушным ні “Хора стаката” Грыгараша Дзініку для тубы, ні Cantabile et presto для флейты і фартэпіяна Энэску, ні “Сельскі танец” Канстанціна Дзімітрэску і “Жаваранак” Грыгараша Дзініку для скрыпкі. А слухаючы знаёмыя ўсім творы Віктара Раду “Веснавы карагод” і “Сакавіцкі карагод” Дзініку ў выкананні аркестра беларускіх народных інструментаў і ансамбля скрыпачоў “Капрыс”, гледачы былі гатовыя ажно пачаць танцаваць пад яскравыя і запальныя румынскія рытмы.

Дуэт юных выканаўцаў Вадзіма Матлаша (баян) і Ігара Асідчанкі (акардэон) завяршыў выступленне беларускіх артыстаў “Малдаўскімі найгрышамі” Барыса Марцьянава. Слухачы былі ўражаны эмацыйнасцю, з якой нашы музыканты прадставілі творы лепшых і знакамітых кампазітараў Румыніі, надаючы ім свой, асаблівы беларускі сэнс.

Другое аддзяленне канцэрта распачаў Духавы аркестр Нацыянальнага каледжа мастацтваў імя Дзіну Ліпаці з Бухарэста пад кіраўніцтвам Марчэла Пяцанкі. Гэтая навучальная ўстанова — адна з самых прэстыжных у Румыніі. Заснаваная ў 1945 годзе, яна выхавала больш за пяць тысяч музыкантаў, якія плённа працуюць не толькі ў Румыніі, але і за яе межамі, у тым ліку і ў лепшых аркестрах свету.

Духавы аркестр, які прыехаў у Беларусь, як і іншыя калектывы каледжа мастацтваў, пастаянна выступаюць разам з лепшымі выканаўцамі на самых прэстыжных пляцоўках Румыніі і актыўна гастралююць за мяжой. А на святочным канцэрце ў Мінску аркестр прадставіў цікавую і разнастайную праграму. Творы Іосіфа Іванавіча, Іаана Стамаціядэ, Ціберыу Олаха, Чыпрыяна Парумбеску, Альфрэда Мендэльсона гучалі па-класічнаму строга і па-румынску каларытна, багата на нацыянальныя меладычныя абароты і народныя рытмы. Усіх вельмі ўразіў “Канцэртны марш” і вальс Іванавіча “Дунайскія хвалі”, сюіта “Міхай Храбры” Олаха, п’еса Парумбеску “Край Ноу”. Завяршыў сваё выступленне аркестр яскравым творам у нацыянальным стылі — сюітай “Арыі з Мунтэніі” Мендэльсона.

У фінале святочнага вечара ўсіх прысутных у зале чакаў сапраўдны сюрпрыз: да музыкантаў з Бухарэста далучыліся беларускія дзяўчаты і хлопцы. Творы Іосіфа Іванавіча і Яўгена Глебава выканаў беларуска-румынскі аркестр пад кіраўніцтвам Уладзіміра Чэрнікава і Марчэла Пяцанкі. У выніку дзякуючы таленавітай моладзі і прафесійным музыкантам Румыніі і Беларусі культуры дзвюх краін сталі больш блізкімі і зразумелымі адна адной.

Ірына ЛУК’ЯНАВА,
выкладчык Дзяржынскай дзіцячай школы мастацтваў

Фота Аксаны МАНЧУК