Сусветная спадчына ад піцы да рэгей

№ 48 (1383) 03.12.2018 - 03.12.2018 г

Варта нагадаць, што спроба ўключэння Будслаўскага фэсту ў спіс шэдэўраў сусветнай нематэрыяльнай спадчыны прынесла вынік не з першага разу. Некалькі гадоў таму міжнародныя эксперты завярнулі гэтае дасье “на дапрацоўку”. На шчасце, нашай камісіі па справах UNESCO хапіла ўпартасці выправіць тыя даволі фармальныя, трэба адзначыць, заўвагі і рушыць на другі заход. Цяпер ужо паспяхова.

/i/content/pi/cult/721/15710/SL_00005-S.jpg

Свята ў Будславе — для ўсіх пакаленняў.

Увогуле, сам працэс падрыхтоўкі такіх дасье — гэта вельмі карысны досвед. Своеасаблівае практыкаванне: як трэба казаць пра беларускія адметнасці ў вялікім свеце, каб нас зразумелі і належна ўспрынялі? Як пераканаць у іх каштоўнасці тых, у каго Беларусь выклікае не болей асацыяцый, чым у нас — выспа Маўрыкій? І з засвоенымі айчыннымі экспертамі “лайфхакамі” мы будзем
абавязкова знаёміць. Пагатоў, яны прымяняльныя не толькі ў гэтай даволі вузкай сферы.

Між тым, нават і ўнутры краіны прыемная навіна выклікала рэакцыю супярэчлівую. Напэўна, прадстаўнікі якой-небудзь іншай нацыі — без залежнасці ад свайго рэлігійнага светапогляду — адзінадушна радаваліся і святкавалі б, пачуўшы, што з’ява іх культуры атрымала такое высокае прызнанне. Як радуюцца бліскучым перамогам сваёй зборнай нават тыя, каму той футбол да лямпачкі. Балазе, нагода — не меншая. У нас жа ў сеціве сочыцца (хай і зрэдку) незадаволенае буркатанне: маўляў, гэта не наша свята, бо мы не католікі, а паганцы ці атэісты…

Да ўсяго, той жа vox populi стварае ўражанне, нібы многія нашы суайчыннікі не надта пакуль цямяць, што ж такое нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць. Зразумела, калі справа наўпрост тычыцца народных традыцый — як у выпадку са знакамітым “Юраўскім карагодам” з палескай вёскі Пагост, дасье якога эксперты UNESCO маюць разглядаць ужо налета. Але насамрэч дыяпазон тут куды шырэйшы.

Скажам, недзе з год таму мы пісалі пра ініцыятыву ўключыць у той самы Рэпрэзентатыўны спіс італьянскую піцу — ці, дакладней, неапалітанскія традыцыі яе прыгатавання. Многім задума падалася дзіўнаватай, але толькі не міжнародным экспертам: тыя акурат любяць, каб было “крэатыўненька”. Літаральна праз месяц пасля публікацыі піцу ўключылі!

Сёлетняя сесія на Маўрыкіі прынесла новую неспадзяванку. На наступны дзень пасля галасавання па Будслаўскім фэсце ў той самы спіс патрапіла і музыка рэгей з Ямайкі. “Ну, вось, вымушаны перапынак. Усе разам спяваюць і танчаць. Сапраўды агульная спадчына чалавецтва, дзякуючы глабалізацыі,” — паведамляе з месца падзей бадай самы аўтарытэтны ў нас спецыяліст у сферы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Ала Сташкевіч.

Наша мысленне ў дадзеным выпадку почасту працуе па аналогіях. Калі высокі статус атрымаў той ці іншы элемент з іншага краю, многія думаюць, што падобны поспех забяспечаны і чамусьці падобнаму з Беларусі. Маўляў, мы ж не горшыя. Хаця насамрэч задача стаіць прынцыпова іншая. Трэба ўбачыць, чаго ў сусветных спісах пакуль не стае і прапанаваць варыянты запаўнення гэтых лакунаў.

І тут варта адразу прыгадаць яшчэ адну вельмі важную акалічнасць. Ініцыятыва па ўключэнні той ці іншай з’явы ў спіс шэдэўраў нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва павінна сыходзіць менавіта ад саміх яе носьбітаў. Адпаведна, схема такая: мы ўсведамляем каштоўнасць той ці іншай сваёй традыцыі і робім захады, каб давесці, што сусветная культура без яе будзе няпоўнай.

А далей у справу ўжо ўключаюцца эксперты: дасье павінна адпавядаць пэўным чыста фармальным патрабаванням. І эксперты гэтыя павінны працаваць не на грамадскіх пачатках — прынамсі, калі мы хочам, каб іх дзейнасць была выніковай. Да ўсяго, пэўныя сродкі патрэбны так ці іначай — хаця б на выраб відэадакументацыі і якасны пераклад матэрыялаў на англійскую.

У прынцыпе, неяк так усё і адбывалася ў выпадку з Будслаўскім фэстам. Калі б не актыўная падтрымка — у тым ліку, і фінансавая, — з боку беларускай каталіцкай грамады, давесці справу да фінішу было б куды складаней. А вось нейкай цікавай вясковай традыцыі патрапіць у спіс UNESCO будзе куды складаней: сістэма падрыхтоўкі дасье ў нас пакуль як мае быць не адладжана. Зрэшты, гэта тэма для асобнай гутаркі.