Адзін з сімвалаў беларускай ідэнтычнасці, урачыстасць, якая адбываецца ў атмасферы ўсеагульнай павагі і сяброўства ды аб’ядноўвае розныя групы людзей. Такімі словамі апісваецца ў афіцыйных дакументах штогадовы ліпеньскі фэст у гонар цудатворнай іконы Маці Божай Будслаўскай. І кожны, каму пашчасціла хаця б раз на ім пабываць, пэўна, ахвотна пацвердзіць праўдзівасць такіх эпітэтаў.
Пасля амаль дзесяцігадовага перапынку наш сегмент у Спісе сусветнай спадчыны нарэшце павялічыўся. Свята ў Будславе стала шостым яго элементам, датычным Беларусі — і першым менавіта ў Рэпрэзентатыўным спісе. Яшчэ адна праява нашай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая мае статус здабытку чалавецтва — Семежаўскія “Калядныя Цары” — пакуль знаходзіцца ў спісе аб’ектаў, якія патрабуюць абароны. Між тым, на Беларусі нямала іншых аўтэнтычных традыцый, вартых такога высокага прызнання. І хочацца верыць, што наступныя зрухі будуць хутчэйшымі.