І вучні, і вучні вучняў…

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

Да 100-годдзя з дня нараджэння Іосіфа Абраміса
“Калі музыкант не згодны працаваць у нядзелю, лепш адразу змяніць прафесію” — так казаў сваім студэнтам гэты выбітны педагог. Сярод тых, хто можа назваць яго настаўнікам, мноства знакавых постацяў. А вось ягонае імя, пэўна, згадае далёка не кожны аматар музыкі. Не так даўно ў Канцэртнай зале Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі адзначаўся 100-гадовы юбілей беларускага дырыжора, выкладчыка, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Іосіфа Самуілавіча Абраміса (1918 — 1984).

/i/content/pi/cult/719/15706/30.JPGШлях дырыжора

На сцэну выходзілі пераважна яго вучні, а таксама вучні вучняў. Сімфанічны аркестр музычнага каледжа (мастацкі кіраўнік Мікалай Макарэвіч) упершыню быў аб’яднаны з канцэртным аркестрам “Няміга” (мастацкі кіраўнік Аляксандр Сасноўскі). І гэта невыпадкова:
абодва калектывы створаныя колішнімі студэнтамі Іосіфа Абраміса.

За чвэрць стагоддзя выкладчыцкай працы ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (1959 — 1984) Іосіф Самуілавіч падрыхтаваў больш за трыццаць дырыжораў, сярод якіх — такія знакамітасці, як Міхаіл Казінец, Леанід Іваноў, Міхаіл Фінберг, Віктар Валатковіч, Аляксандр Сасноўскі. Уласна, апошні і выступіў арганізатарам канцэрта. На яго думку, менавіта Абраміс стварыў цяперашнюю беларускую дырыжорскую школу.

— Мой бацька пражыў складанае жыццё, — успамінала яго дачка, піяністка Таццяна Іосіфаўна. — Гэта быў і фронт, і галоднае юнацтва, і складаныя працоўныя будні. Але,
разам з тым, ён быў вельмі шчаслівы, бо дасягнуў галоўнага. А галоўным у яго жыцці быў дырыжорскі пульт.

“Калі я станаўлюся за пульт, то забываю пра ўсё на свеце і імкнуся да таго, каб мастацтва знайшло шлях да сэрца слухача. Бо толькі тады я па-сапраўднаму шчаслівы” — так казаў сам Іосіф Абраміс.

Іспыты пад бомбамі

У чэрвені 1941 года колішні выпускнік класа валторны Мінскага музычнага тэхнікума (спадкаемцам якога і з’яўляецца сённяшні каледж) Іосіф Абраміс вось-вось меўся атрымаць дыплом кансерваторыі. Зразумела ж, у маладога музыканта былі далёкасяжныя планы. Як і ягоная жонка Ірына Сак, у далейшым — вядомы выкладчык сальфеджыа ў музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.

— Мама з татам акурат здавалі дзяржаўныя экзамены, калі Мінск пачалі бамбіць, — згадвае дачка. — Іх літаральна выправадзілі з горада і не далі вярнуцца. Адказ быў адзін: “Заўтра ў Мінску павінны быць немцы. Вы што, у акупацыю хочаце?” Таму цэлая група студэнтаў, уключаючы маіх бацькоў перабежкамі, пад бамбёжкай дабіраліся да Магілёва. Там іх пасадзілі ў эшалон, вывезлі ў Ташкент, і ўжо ў Ташкенце ўсіх мужчын мабілізавалі.

Цяжкія гады вайны Іосіф Самуілавіч прайшоў байцом-сувязістам. Яго ваенны шлях адзначаны баявымі ўзнагародамі — ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За баявыя заслугі”, “За абарону Каўказа”, “За перамогу над фашысцкай Германіяй”.

На працягу 40 гадоў творчы лёс дырыжора быў звязаны з Дзяржаўным тэатрам оперы і балета Беларусі, куды Іосіф Абраміс прыйшоў у 1936 годзе як артыст аркестра, пазней працаваў хормайстрам, адначасова працягваючы навучанне ў кансерваторыі ў класе аркестровага дырыжыравання Рычарда Рубінштэйна.

— Ён ведаў не толькі свае 63 спектаклі, але і ўвесь рэпертуар опернага тэатра, — згадвае дачка.

У 1951 годзе Абраміс атрымаў кваліфікацыю дырыжора, з 1979 года ўзначаліў аркестр Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі.

“Ён вызначыў мой лёс”

/i/content/pi/cult/719/15706/29.JPGУ канцэрце, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння Іосіфа Абраміса, прагучала 14 твораў сімфанічнай і опернай музыкі. Сімвалічна, што права адкрыць імпрэзу было прадастаўлена прапраўнуку Абраміса, навучэнцу 4-га курса музычнага каледжа Аляксандру Кісялёву (выкладчык — Мікалай Макарэвіч). А гэта ўжо чацвёртае пакаленне дырыжораў! Пад кіраўніцтвам маладога музыканта сімфанічны аркестр Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі выканаў “Элегію” Пятра Чайкоўскага.

Сярод найбольш вядомых дырыжораў, якія прынялі ўдзел у канцэрце, публіка вітала народнага артыста Беларусі, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча Міхаіла Казінца, пад кіраўніцтвам якога прагучаў вальс з музыкі да драмы Міхаіла Лермантава “Маскарад” Арама Хачатурана. Звярнуўшыся да слухачоў пасля выступу, маэстра адзначыў:

— Я — першы студэнт-выпускнік Іосіфа Абраміса (бурныя авацыі залы). Быў тады 1960 год. Мяне як студэнта кансерваторыі па спецыяльнасці “баян” размеркавалі ў клас Абраміса. Першая сустрэча проста ўразіла! У яго класе ўсё было дэмакратычна, проста, даступна. Адзін са студэнтаў стаяў за дырыжорскім пультам, а ўсе мы прыслухоўваліся да тых парадаў, якія даваў нам майстар. Лічу, сустрэча з ім вызначыла мой далейшы творчы лёс як дырыжора.

Музыка Аляксандра Барадзіна адкрыла слухачам гістарычную старонку старажытнай Русі, напоўніла канцэртную залу героіка-эпічнай атмасферай. На сцэне — саліст дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў. У выкананні артыста прагучала арыя Ігара з оперы “Князь Ігар”. А дырыжыраваў яшчэ адзін знаны вучань Абраміса — лаўрэат многіх міжнародных конкурсаў і фестываляў Віктар Валатковіч.

А калі за пульт стаў дырыжор неапалітанскага аркестра “Экспрэсія”, дырэктар Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі Уладзімір Чэрнікаў, загучаў “Вальс” Яна Сібеліуса, які вылучаўся сваім пяшчотным і пявучым каларытам. Двойчы за вечар браў у рукі адпаведную палачку мастацкі кіраўнік сімфанічнага аркестра каледжа і адначасова дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Мікалай Макарэвіч. Дырыжорскае майстэрства паказалі таксама маладыя музыканты — Мікалай Тэран, Віталь Грышчанка, Валерыя Рыбінская.

Незабыўным нумарам праграмы стала выступленне юнага скрыпача Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Нікана Мазэля з “Прэлюдыяй” Фрыца Крайслера пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры аркестравага дырыжыравання БДАМ Пятра Вандзілоўскага. Найвышэйшы ўзровень тэхнічнасці і эмацыйнасці выканання юнага скрыпача проста заваражыў усіх прысутных у зале — у тым ліку, і знаных музыкантаў. Некалькі разоў юнага віртуоза выклікалі на “біс”.

Сімфанічная музыка ў сучасных рытмах прагучала пад кіраўніцтвам выкладчыка каледжа Віталя Дубовіка і завадатара вечара Аляксандра Сасноўскага. А фіналам канцэрта стала папуры на тэму песень Фрэнка Сінатры “Мой шлях”.

— Гэта шлях нашага настаўніка, наш шлях, гэта ваш далейшы творчы шлях, — звярнуўся да ўсіх прысутных Аляксандр Сасноўскі. — І асвятляе яго талент вялікага дырыжора, адданага музычнаму мастацтву.

Наталля КАРДАШОВА