Словы пра паэта Анатоля Сыса

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

Героя гэтага нарысу Адама Глобуса пры жыцці спярша ўзносілі да вяршыняў, потым зневажалі, а ўжо пасля смерці — у адзін голас ідэалізуюць. А вось у гэтых радках няма ні знявагі, ні ўзвышэння — толькі сяброўская шчырасць. І, зразумела, перасцярога.

/i/content/pi/cult/719/15705/27.JPGТэрміны

У кожнай краскі свой час для красавання. Адна заквітнее вясною, другая ўлетку, а трэцяя ўвосень. Згадкі пра красаванне і заняпад паэта Толі Сыса ў людзей самыя розныя. Шмат з тых, хто на свае вочы бачыў Толю толькі напрыканцы жыцця, не могуць нават уявіць, што гэткі горкі п’яніца, сівабароды бажаволак і слязлівы жабрак змог напісаць геніяльныя вершы. Сапраўды, розніца паміж Сысам-паэтам і Сысам-чалавекам досыць вялікая. Толя пражыў сорак пяць, а паэтам ён быў толькі гадоў пяць, калі не меней.

Мне пашанцавала, я ведаў Толю, яшчэ да таго, як ён зрабіўся добрым паэтам. Пасля службы ў войску Сыс прыехаў у Мінск са жменяю даволі пасрэдных вершаў. Падобных твораў у кожнага беларускага паэта процьма. Але здарылася дзіва: Толя Сыс нечакана стаў геніяльным. Ён мог узяць звычайную газету і прачытаць тэкст так, што той ператвараўся ў паэзію. Любы тэкст мог ператварыцца ў паэзію толькі за кошт Сысава голасу. Мы — ягоныя сябры і паплечнікі — знарок прасілі Толю пачытаць газетныя тэксты, каб паглядзець і паслухаць дзіва. Ён чытаў.

Ён пісаў, чытаў і піў. Бо яму налівалі. Яму налівалі, каб паслухаць дзіўныя вершы, каб пачуць голас напоўнены боскай магутнасцю.

Здавалася, што Сыс будзе вечна чытаць паэзію, пісаць вершы і піць. Так толькі здавалася. Геніяльнасць пакінула Сыса раптоўна — як прышла, так і прапала. Ён кінуў пісаць. Ён піў і чытаў старыя вершы. Чытаў кепска, так кепска, што рабілася прыкра і сорамна. Падобныя непрыемныя пачуцці ўзнікаюць, калі ты з гнілой вады дастаеш завялы букет.

За былую геніяльнасць Сысу шмат што даравалі, але тых, хто дараваў і дапамагаў, было зусім мала.

Прыстойнасць

Калі Сыс з’явіўся ў Мінску, дык паводзіў сябе тактоўна. З набыццём вядомасці, а пазней і славы, ён змяніўся. Пачаў паводзіць сябе развязна, бессаромна і нахабна. Звяртаўся на “ты” да старэйшых. Здзекваўся з малодшых. Мяне гэта абурала, але я стараўся не рабіць заўваг і лішні раз не раздражняць ганарыстага паэта. Можа, за маю стрыманасць Толя сплочваў дабрынёй і ласкавасцю. Карацей… Адчайны Сыс ставіўся да людзей так, як і яны ставіліся да яго, адно што не любіў няздараў і хлусаў. А хто іх любіць?

Паршчыкаў

Рускі паэт Аляксей Паршчыкаў зрабіў хуткую кар’еру: са знакамітага пісьменніка ў СССР ён лёгка ператварыўся ва ўніверсітэцкага выкладчыка ў ЗША. Там ён знайшоў каханне са швейцарскай прыгажуняй. Здавалася б… Не! Лёша вярнуўся ў Расію. “Лёш, чаму ты вярнуўся?” — “Каб зарабляць грошы, трэба было навучыцца пісаць у радок. А я — паэт, які піша ў слупок…”

Паршчыкаў так і не навучыўся зарабляць, так і не навучыўся папісваць у радок, так і памёр у бядноце.
Падобнае здарылася і з маім таварышам, беларускім паэтам Сысам, які таксама не навучыўся пісаць у радок. Абодва, Сыс і Паршчыкаў, засталіся адно паэтамі, вялікімі паэтамі.

/i/content/pi/cult/719/15705/28.JPGУладзімір

У часы маёй маладосці паэты збіраліся і пілі. Мы пілі шмат, напіваліся да непрытомнасці. Некаторыя з нас забівалі сябе гарэлкай. Застольныя размовы пра самазабойства гучалі натуральна.

На п’яныя вочы самагубства мне падавалася высокамаральным учынкам. Заснуць і не прачнуцца — так мне бачыўся ўласны сыход.

Наш агульны з Сысам знаёмы паэт Уладзімір труціўся газам. Зачыніўся ў варэльні і пусціў з пліты газ. У горле пачала пяршыць. Ён некалькі разоў кашлянуў і ад таго кашлю, ачомаўся, працверазеў і праветрыў варэльню. Ён нам з Сысам так расказваў.

Толя Сыс баяўся смерці і не прымаў ніякіх варыянтаў самагубства. Нават уласнае бясконцае п’янства ён не ўспрымаў як самазнішчэнне. Сыс спадзяваўся на цуд, спадзяваўся выблытацца з гарэлкі.

Купала

Не ведаю, можа і не захаваўся гэты верш у форме хайку ў рукапіснай спадчыне Сыса. Верш той быў прачытаны Уладзіміру Сцяпану па тэлефоне. Гучаў ён у аўтарскім выкананні так:

Купаўся Купала

ў снезе,

а зімародкі зайздросцілі...

Сцяпан пераказаў Сысаву хайку мне. Я перапытаў у Толі пра намеры пісаць хайку. Ён аджартоўваўся: маўляў, напісалася аднойчы і выпадкова. Было тое ў апошнюю Сысаву зіму.

Нянавісць

Заўсёды думаў, што зайздрасць з цягам часу выветрываецца з людзей. Нашто зайздросціць нябожчыку? Нашто на яго злавацца, калі ў таго адна вінаватасць — талент, які ўсё яшчэ свеціцца ў літаратурнай спадчыне? Сыса няма, а дробная свалата ўсё яшчэ працягвае яму зайздросціць.

Кажу музыказнаўцу: “Напішы ўспаміны пра Толю. Ты яго ведаў. Шмат разоў за адным сталом сядзелі...” — “Нашто пра яго пісаць? Ну хто ён такі?” У мяне нават словы не адразу знаходзяцца, каб абурыцца.

Сустракаю літаратуразнаўцу: “Напішы пра Толю...” — “Пра Сыса? Ды яго ў Польшчы лічаць пасрэдным паэтам...” Хіба я пытаюся, каго кім лічаць у Польшчы?

Спыняю мовазнаўцу: “Напішы пра Толю нашага...” — І чую непрыстойнасць, якую і пераказваць няма жадання.

Толя іх — музыказнаўцу, літаратуразнаўцу, моваведку — зневажаў. Казаў, што яны ў жыцці і творчасці “пралятаюць, як фанера над Парыжам”. Бо дробныя, злыя і бяздарныя. Правільна казаў. У мяне былі спадзевы, што яны пажывуць і памудрэюць.

Пастарэць яны пастарэлі, але мудрасці не прыдбалі. Азліліся на таленавіты свет яшчэ больш. Мусіць, з гэтай сваёй антытворчай зайзрасцю яны і ў зямлю сыдуць. Яны сыдуць, а Сыс з вершамі застанецца. Яны таксама маглі б застацца з некалькімі старонкамі сваіх успамінаў пра нашага Толю. Але варта паўтарыць за Сысам: “Пралятаюць...”

Суша

Паэт Сыс прыходзіў да мастака Сушы, каб разам выпіць. Сыс шмат да каго прыходзіў з адной мэтай — напоўніць чаркі; але ў апошнія гады яго жыцця большасць былых сяброў і сабутэльнікаў кінулі безнагодную выпіўку і пачалі шмат працаваць. Былі моманты, калі і мастак Суша працаваў ды адмаўляўся выпіць з вечна вольным паэтам. Тады Сыс пачынаў ныць: “Ну давай вып’ем! Ну давай...” Аднаго разу Сыс раззлаваўся на Сушу і выдаў: “Не хочаш выпіць? Ну і хадзі... цвярозы!”

Словы

Прызнаюся — я не люблю рабіць разгорнутыя запісы на сваіх кнігах. Паставіць дату і роспіс — калі ласка. А разгорнуты надпіс абавязвае гаспадара кнігі яе захоўваць, а захоўваць і берагчы кнігі не кожнаму падабаецца. Мне — падабаецца, але я — сын бібліятэкаркі, і, можна лічыць, выключэнне. А ў іншых з захоўваннем кніжак справы кепскія. Напрыклад, ты разлюбіў аўтара. Любіў, любіў і разлюбіў. У такім разе ты зніштажаеш знакі прамінулай любові. Ты вырываеш аркуш з аўтографам.

Кнігі з вырванымі старонкамі часам трапляюць і ў букіністы. Днямі я такую кнігу набыў. У кнізе вершаў “Сыс” не хапала першай старонкі — той, на якой Анатоль зазвычай ставіў аўтограф. Маіх крыміналістычных здольнасцяў хапіла, каб прачытаць словы. Мяккім графітам я зачарніў наступную старонку, і на ёй праступілі светлыя літары, якія я склаў у такія словы: “Паміж галоўнымі... Я вельмі хачу, каб ты стаў самым галоўным паэтам у сусветнай паэзіі. 15 верасня 2002 г.”. Пад словамі стаіць роспіс Анатоля.

І ў мяне ёсць такая кніга з такім самым роспісам. Праўда, словы там больш простыя: “Глёбус, я цябе люблю!”

Спадчына

Кожная наступная кніга Сыса была значна горшай за папярэднія. Нават пры жыцці ў Толі так было. Найлепшая кніга “Пан Лес” выйшла самай першай. Яна мела выдатнае аздабленне, зробленае Хведарам Кашкурэвічам. Другая кніга “Агмень”, аздобленая Уладзімірам Лукашыкам, саступала першай. Трэцяя кніга “Сыс” была слабейшай за дзве папярэднія. Усе наступныя кнігі Сыса — “Лён”, “Alaiza”, “Берагі майго юнацтва” — працягвалі прыжыццёвую традыцыю пагаршэння.

Трэба сказаць, што спадчына Толі Сыса патрапіла ў кепскія рукі. Людзі, нібыта і з самымі добрымі намерамі, не ўздымаюць паэта, не дапамагаюць зрабіць з яго ўзорнага класіка, а спрабуюць апусціць творцу да свайго інфантыльнага аматарства і пошлага безгустоўя.

Малаабазнанаму ў творчасці Сыса чалавеку можа падавацца, што я неабачліва пераставіў месцамі кнігі “Агмень” і “Пан Лес”. На зборніку “Агмень” стаіць 1988 год, а на кнізе “Пан Лес” — 1989-ты. Толькі “Агмень” быў складзены Сысам з таго, што не патрапіла ў “Пан Лес”.

Жыццё пасля смерці

Праглядаю чарговую брашурку пра Сыса і абураюся...

Паэтка Ала Канапелька чамусці там Ада.

У адным месцы напісана, што Сыс “за два зборнікі атрымаў ганарар, дастатковы для таго, каб набыць кватэру ў цэнтры Мінска. Ды ахвяраваць сцэнічнымі эфектамі дзеля банальнай бытавухі падалося тады Сысу ганебным...” Пра дурноту са сцэнічнымі эфектамі ды ганебнасцю я і казаць не стану. Скажу пра кватэру. Ганарары былі нармальнымі, але на кватэру ў цэнтры іх і блізка не набіралася. Аўтару брашуркі той факт нават вядомы, бо на іншай старонцы ёсць і такое: “За сталом уласнай кватэры на вуліцы Крапоткіна, якую атрымаў ад Саюза пісьменнікаў, Сыс узяў завядзёнкай пафасна настаўляць малодшых па ўзросце беларускіх творцаў”.

Мой бедны таварыш, мой Сыс! Табе цяжка жылося, цяжка паміралася, і пасля смерці табе даводзіцца зноў і зноў сутыкацца з нейкімі боўдзіламі і пафаснымі прафанатарамі. І ніхто за цябе, Толя, не заступаецца. Ніхто не адганяе ад цябе зграю графаманаў, плагіятараў і хлусаў.

Гартаю я паганую брашурку і бачу, як ты зноў п’еш з боўдзіламі, як ты буяніш, як твае цудоўныя вершы абрастаюць лайнакаментарамі.

Можа, так і трэба, Толя? Можа, калі чалавек пражыў сваё зямное жыццё пагана, ён і пасля смерці мусіць заставацца з гэтай поганню? Як не разгорнеш кнігу пра Ясеніна, той зноў возьме і нап’ецца, а напіўшыся — зноў павесіцца. Так і ты, мой дарагі Толя, сам вінаваты, што я чытаю і крытыкую такую паганую брашурку пра цябе.

Шчасце

Многія таленавітыя мастакі і літаратары мелі шчасце, вялікае шчасце і прызнанне. Толькі шчасце трэба берагчы, трэба ахоўваць, трэба даглядаць, інакш яно занепадае. Як балюча, як крыўдна, як горка, калі твой паплечнік абыякава ставіцца да вялікага шчасця! Такое здарылася з геніяльным паэтам Сысам. Ён меў шчасце напісаць кнігу пявучых вершаў, меў фанатычнае прызнанне ў публікі, меў знешнасць казачнага волата.

Праз п’янства, праз ляноту, праз прымітыўнае сябелюбства шчасце Толі сапсавалася. Яно загніла і засмярдзела. Сябры, паплечнікі, прыхільнікі спрабавалі ратаваць шчасце Толі Сыса, але сваё шчасце выратаваць можа толькі сам чалавек. Толя не змог уратаваць, а ўсе астанія і пагатоў не змаглі.

Адам ГЛОБУС,
мастак, літаратар