Як А і К “музу выклікалі”

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

28 лістапада піянер Беларусі на “Еўрабачанні” — знакаміты дуэт “Аляксандра і Канстанцін” — святкуе 20-годдзе. Пра свой сольны вечар з гэтай нагоды, пра творчасць, жыццё, вучняў і чацвераногіх “падапечных”, а таксама і пра многае іншае Аляксандра КІРСАНАВА і Канстанцін ДРАПЕЗА распавялі нам напярэдадні юбілею.

/i/content/pi/cult/719/15704/26.JPG— Дваццаць гадоў — значны тэрмін. А вы практычна ўвесь час разам: на рэпетыцыях, выступленнях, дома, у паездках, нават у аўто. Не стамляецеся адзін ад аднаго?

А.: Яшчэ як! Стома пераследуе нас рэгулярна. І сварымся, здараецца. Спрачаемся. То з адной, то з іншай нагоды.

— І як з гэтым змагаецеся?

А.: Ідзем у лес. У поўным сэнсе слова. І разыходзімся ў розныя бакі: дзяўчаты — направа, хлопчыкі — налева. Прырода нас выратоўвае. Калі б не дрэвы, травы, наваколле, не ведаю, што было б. Мы жывём у Бараўлянах, таму называем наш лес Бараўлянскай пушчай. Рамантыка…

К.: У нас тры сабакі, мы з імі ў лес і ходзім. Яны нейтралізуюць увесь негатыў, што назапашваецца за дзень. Мы іх калісьці выратавалі, а цяпер яны нас ратуюць.

— Усе бяздомныя? Няма пародзістых?

К.: Чаму ж? Ёсць лахнэская куцахвостая лайка. Не чулі пра такую? Гэта Аляксандра ёй такую пароду прыдумала. Яна яе ў пад’ездзе ў бацькоў знайшла, назвалі Дусяй.

— Але пачыналася ўсё, наколькі я памятаю, з Арыі.

К.: Так, у 2009-м. Тады таварыства “Эгіда” праводзіла акцыю: прыстройвалі “ў добрыя рукі” катоў і сабак з прытулку. Папрасілі нас выступіць на гэтым мерапрыемстве. Мы пагадзіліся. І раптам Аляксандра гаворыць: “Давай таксама кагосьці забяром — скажам, вось гэтую”.

А.: І ў нас з’явілася Арыя — Арышка. Потым — Дуся. Нарэшце, Казка. Бо лёс у яе — казачны. Яна была трохмесячным шчанём, і яе збіла машына. Валанцёры “Эгіды” прынеслі яе ў клініку, там ёй зрабілі аперацыю. Але што пасля? Патрабаваўся пасляаперацыйны дагляд, і не было каму гэтым займацца. Пачалі шукаць праз сацсеткі. А ў нас якраз быў адпачынак. Мы яе ўзялі — думалі, часова. І потым ужо не змаглі расстацца.

— Хто ж іх глядзіць, калі вы з’язджаеце? А паездкі, як я разумею, здараюцца часта.

К.: Калі падарожнічаем, просім маю старэйшую сястру — ніколі не адмаўляе. Ёй сабачкі таксама ў радасць. Бо няма істотаў больш адданых, якія выказвалі б сваю любоў не “за штосьці”, а проста так.

— Частка паездак, як я разумею, звязана з вашым удзелам у праекце Федэрацыі прафсаюзаў “Новыя імёны Беларусі”.

К.: Пачалося ўсё ў 2015-м. Нас запрасілі стаць куратарамі — гэтак жа, як Ірыну Дарафееву, Вольгу Плотнікаву, іншых спевакоў. Мы ездзілі па ўсёй Беларусі і адбіралі найбольш адораных людзей, якія заняты ў вытворчасці або працуюць у нейкіх установах, а вольны час прысвячаюць спевам і музыцы. Адабралі пяць чалавек, двое з іх сталі прызёрамі. У наступны год нас таксама запрасілі — і вось ужо чатыры гады запар мы супрацоўнічаем з гэтым праектам.

— Прычым настолькі паспяхова, што яго колішнія лаўрэаты — вашы абраннікі — працягваюць збіраць узнагароды на іншых творчых спаборніцтвах, у тым ліку міжнародных.

А.: Тая ж Ганна Мікіціч — сапраўдная спявачка, якая фору дасць некаторым эстрадным салістам. Таму не дзіва, што летась яна стала ўладальніцай Гран-пры Міжнароднага конкурсу “Крылы талентаў” у італьянскім горадзе Рыміні, а сёлета — лаўрэатам EuroStars — 2018 у Мальце, дзе сабраліся каля 100 выканаўцаў з 17 краін свету. І пры ўсім гэтым яна сціпла працуе акушэркай-гінеколагам і не збіраецца развітвацца са сваёй прафесіяй.

К.: Некаторыя з нашых выхаванцаў выступяць і на нашым юбілейным вечары ў Палацы культуры прафсаюзаў. Да прыкладу, Руслан Рагалевіч, які сёлета ўдзельнічаў у фестывалі “Музычны жнівень у Даўгаўпілсе”, або Кірыл Арцёменка, які добра выступіў на Міжнародным конкурсе “Пірагоўскі світанак” у расійскіх Мыцішчах і ўжо меў сольнік у Магілёўскай абласной філармоніі. Запрасілі мы і Вольгу Любавіну з Бараўлянаў, якая літаральна днямі выступала ў тым жа Палацы прафсаюзаў з вакальна-танцавальным шоу “На мяжы”.

— Атрымліваецца, вы іх прадзюсіруеце?

К.: Можа, гэта надта гучна сказана, але так яно і ёсць. У нас назапасіліся кантакты з замежнымі конкурсамі і фестывалямі, мы можам параіць, куды лепей з’ездзіць, каб гэта было карысна. У тым, што нашы выхаванцы перамагалі ў Балгарыі, Італіі, Літве, Украіне, бачым і сваю заслугу: мы займаемся з імі, рыхтуем да кожнага конкурсу ці фестывалю. Педагагічнага вопыту ў нас багата.

А.: Вось ужо дзесяцігоддзе, як мы працуем музычнымі кіраўнікамі Сенніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы. Я выкладаю вакал, Канстанцін — ігру на гітары. Дзеці з радасцю займаюцца, робяць поспехі. І ў нас ужо каля дзясятка перамог нашых вучняў. Скажам, на конкурсе EuroStars — 2018, пра які мы гаварылі, трэцяе месца заняла Наста Краўчанка.

— У выкладанні і на сцэне падзел абавязкаў між вамі зразумелы: тут вакал — там гітара. А ў жыцці? Як падзяляеце, каму чым займацца дома і ў творчасці? Можаце, да прыкладу, нейкую песню “не падзяліць”? Бо адзін хоча яе так зрабіць, а другі — гэтак.

К.: Паколькі я джэнтльмен і прытрымліваюся нацыянальных традыцый (не толькі старадаўніх, але і зусім нядаўніх — жарт), дык усе “бразды правления” аддаў Аляксандры. А вось калі ў яе “кракадзіл не ловіцца”, тады ўжо я сачыняю свае гітарныя кампазіцыі. І раптам яна прыносіць нейкі тэкст, пайшла праца — усё, я пераключаюся на аранжыроўку. Карацей, гармонію знаходзім.

— А ў побыце?

К.: Я выношу смецце, абіраю бульбу. Магу яшчэ сумкі цяжкія занесці ў дом. Астатняе — на Аляксандры.

А.: Сапраўды, расольнікі і баршчы — на мне. Але каструлі мые Канстанцін: гэта дапамагае мне захаваць манікюр.

К.: І я не супраціўляюся! Пакуль...

— Пакуль — “кодавае” слова ў перыядызацыі. Ваша музычная творчасць таксама падзяляецца на перыяды. Да прыкладу, да “Еўрабачання” і пасля.

К.: У 2004-м мы з-за “Еўрабачання” вельмі перажывалі, бо хацелі, вядома, перамагчы. Але калі б сёння ў нас была магчымасць вярнуцца ў тыя часы і прайсці ўсё нанова, мы пагадзіліся б. Бо гэта быў каласальны досвед, мы набылі шмат карысных кантактаў, запрашэнняў. Але калі вам патрэбна гэткая “перыядызацыя творчасці”, лепей абраць іншы падыход — стылёвы.

— Блюз, потым фольк?

А.: Але пачыналася ўсё з акадэмічнай музыкі — з класікі, бо ў родным Барысаве я скончыла музычную школу па класе фартэпіяна.

К.: А я вучыўся ігры на акустычнай гітары там жа ў Барысаве ў студыі Віктара Уладыкі. Таксама іграў класіку!

— А што вы лічыце за адпраўны пункт творчага 20-годдзя? Пэўна, нейкі сумесны канцэрт?

К.: Выступленне ў сталічным “Стар-клубе”. Мы выконвалі там кавер-версіі вядомых песень у стылі кантры. На той час яшчэ жылі ў Барысаве, і той прыезд у Мінск стаўся для нас грандыёзнай падзеяй: нас заўважылі!

А.: А ў снежні з гэтага блюзавага клуба мы адразу патрапілі на Міжнародны фестываль “Блюз жыве ў Мінску”. І закруцілася-завярцелася!

— Ад блюза да фольку, мабыць, вас падштурхнуў кампазітар Алег Елісеенкаў?

К.: Не столькі ён сам, колькі “Зорная ростань” — тэлеконкурс маладых артыстаў, мастацкім кіраўніком якога і быў Алег Елісеенкаў. Мы ўбачылі рэкламу, вырашылі паўдзельнічаць. А паводле ўмоў адна з песень павінна быць беларускамоўнай. І мы пачалі шукаць, бо на той момант у нас увесь рэпертуар быў замежным, англамоўным.

А.: Вырашылі не звяртацца да ўжо вядомых песень беларускіх кампазітараў, а знайсці штосьці фальклорнае, зрабіць сваю апрацоўку. І гэта нас настолькі зацікавіла, захапіла, што адарвацца было ўжо немагчыма. Вось і на юбілейнай вечарыне будуць дзве нашы этнапрэм’еры: “Сарока” і “Сонца”.

— Перамога на “Зорнай ростані” прынесла вам 100 гадзін запісу на Белтэлерадыёкампаніі. Так з’явіўся ваш першы магнітаальбом — “За ліхімі за марозамі”.

А.: І гэта было цудоўна! Прызы на такіх конкурсах павінны быць творчай дапамогай, каб моладзь магла надалей рэалізоўваць свае памкненні. Той час мы
заўжды будзем згадваць з удзячнасцю і цеплынёй, бо запіс на студыі рабілі ўпершыню. Тады яшчэ не былі распаўсюджаны так званыя хоўм-студыі, прыватныя паслугі гукарэжысёраў. Запісы праходзілі на тэлебачанні, лічбавай апаратуры таксама не было — пісалі на магнітафонную стужку. А гэта значыць, што калі зрабіў памылку, трэба пачынаць усё нанова. Таму напярэдадні даводзілася шмат рэпеціраваць дома.

К.: Але гэта нас арганізоўвала! Мы вельмі адказна ставіліся да працы, на кожны такі запіс цягнулі з Барысава па некалькі гітар. А гукарэжысёрам на тэлебачанні тады працаваў Вячаслаў Шарапаў, які пазней стаў вядомым кампазітарам, потым узначальваў Дзяржаўны ансамбль “Песняры”.

— Чым запомніліся вам тыя “сто гадзін”? Ці перагарнулі яны свет вашых уяўленняў пра аўдыязапіс? Думаю, без неспадзяванак не абышлося.

А.: Незабыўны час! Тыя гадзіны ўяўляліся нам папраўдзе магічнымі. Неяк мы працавалі-працавалі ў студыі, а ўсё штосьці не атрымлівалася. Пачалі шукаць “вінаватага” — і знайшлі: магчыма, нам перашкаджае святло. Вырашылі пагасіць — ва ўсёй студыі цалкам. Сядзім у цемры, збіраемся з думкамі, спрабуем запісаць нанова. І тут уваходзіць Валерый Грабенка — на той час галоўны гукарэжысёр тэлебачання. Ён спачатку спужаўся, што электрычнасць “вырубіла”, але ж глядзіць — пульт нармальна працуе. Нічога не зразумеўшы, пытае: “Што вы тут робіце?” А мы: “Музу выклікаем”.

— І, наколькі я разумею, яна прыйшла!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"