Вялікая рэтраспектыва сусветна вядомай аўтаркі, якая адбываецца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, стала чарговым культуртрэгерскім поспехам куратаркі Дзіны Даніловіч. Мінчукі могуць прасачыць за эвалюцыяй творчай практыкі Бубелітэ — і, адпаведна, цела, якое яе ўвасабляе.
Калі першыя здымкі, зробленыя яшчэ на пачатку 1980-х — гэта прымерванне мастачкай розных вобразаў (часам какетлівых, часам рамантычных, часам драматычных), эксперыменты з кампаноўкай кадра і даволі прагрэсіўныя для “стужкавай” эпохі ўзоры працы з выявай, дык апошнія фота — куды больш мінімалістычныя па сваіх выяўленчых сродках. Какетлівасць змяняецца гратэскам, а летуценнасць — бадай будысцкай безэмацыйнасцю.
Паралельна з гэтым, дарэчы, змянялася і грамадскае стаўленне да аголенага цела ў мастацтве. У савецкія часы здымкі Бубелітэ падаваліся надта смелымі нават па мерках прыбалтыйскіх рэспублік, дзе дазволена было куды больш, чым “у сярэднім па лякарні”. Але эпоха змянілася, і абураны ліст літоўскай “групы жанчын” у “Комсомольскую правду” (1989) цяпер нават трохі здзіўляе — у адрозненне ад самаго аголенага цела на фота. Не дзіва, што адпаведная беларуская камісія паставіла выставе ў НЦСМ узроставую катэгорыю 12+.
Але выстава не пра тое, зусім не пра тое. Не ведаю, чаму аўтарка часцей за ўсё абірае менавіта жанр “ню”. Аднак у якасці верагоднага адказу найперш прыгадваецца тэатральны прынцып “голага акцёра на голай сцэне” — як сінонім адпрэчвання ўсяго лішняга, усяго таго, што адно перашкаджае выразнаму выяўленню сутнасці.
На многіх фота Бубелітэ ёсць люстэрка — і гэты вобраз бадай ключавы. Часам яно фігуруе як інструмент памнажэння рэчаіснасці, а часам — як магчымасць схавацца. І сапраўды, менавіта з люстэрка — а не з вешалкі — пачынаецца наш штодзённы тэатр, дзе мы старанна выбіраем свае ролі. І, бы гераіня вядомай казкі, хочам пачуць з глыбінь залюстарэчча толькі самыя лепшыя характарыстыкі.
Да нядаўняга часу гэта быў тэатр аднаго акцёра і аднаго гледача. У эпоху смартфонаў, сэлфі і сацсетак ён пераўтварыўся ўжо ў з’яву грамадскую.
У адрозненне ад іншых, Бубелітэ — гэта актрыса, якая і не хавае таго, што яна актрыса. Часам ёй радасна ад такога ўсведамлення, часам — сумна і вусцішна.
Дарэчы, ужо ў першыя гады творчасці на здымках мастачкі з’яўляецца Іншая. Спярша нясмела, усяго толькі як адзін з варыянтаў вынаходлівай гульні з кампазіцыяй і выявай, а потым і на поўных правах. На многіх фота Бубелітэ дзве — калі не болей. Яны ўступаюць паміж сабою ва ўзаемадзеянне, разыгрываюць разнастайныя сцэнкі, часам абдымаюцца, а часам сварацца. Самым удалым з гэтага шэрагу мне падаецца здымак “Нас двое”. Ён нават чыста кампазіцыйна адсылае да знакамітых кадраў з бергманаўскай “Персоны”, чые гераіні ў пэўны момант нібы “змешваюцца” сваімі ідэнтычнасцямі. Праўда, тут гераіня — адна.
У Бергмана акцёры — гэта зазвычай крывадушныя прайдзісветы, чарадзействы якіх шытыя белымі ніткамі. Тое самае можна сказаць і пра актрысу на фота Бубелітэ. Яна выглядае непераканаўчай у выкананні сваіх задач. Ёй не хочацца суперажываць. Але за самім такім актам пераўвасаблення, як і ў Бергмана, тоіцца нешта сапраўднае і куды больш блізкае да чалавечай сутнасці, ніж навакольны свет — які, зразумела, таксама тэатр. Таму ў выніку бутафорскае ружжо ўсё ж страляе. І твае першыя, не надта добрыя, уражанні ад выставы істотна мяняюцца па завяршэнні яе прагляду.