Таленавіта, пераканаўча, проста

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

Ці ёсць у гісторыі сусветнай кінематаграфіі прыклад, калі ў 90-гадовым узросце хтосьці паспяхова здымаў прафесійнае кіно? Аказваецца — ёсць! На ХХV міжнародным кінафестывалі “Лістапад” у Мінску я паглядзеў дзіўны дакументальна-ігравы фільм францужанкі Аньес Варда “Твары, вёскі”.

“Бабуля Новай хвалі”, як яе палюбоўна называюць у Францыі, Аньес Варда ў пары з маладым аднадумцам стварылі сапраўдны, не пабаюся высокага слова, шэдэўр. І па гуманістычнай ідэі ўзвялічвання простых працаўнікоў з народу, і па арыгінальнасці іх услаўлення ў велічных вобразах (грандыёзныя насценныя фатаграфіі), і ў непасрэднасці іх паводзін і гутаркі — усё таленавіта, пераканаўча, проста.

Фільм пазбаўлены звыклага нам вонкавага патрыятызму, ды не зважаючы на гэта, ён успрымаецца як велічны помнік, збудаваны праз чыстыя пачуцці, шчырую павагу і любоў аўтара да сваіх персанажаў-працаўнікоў, на якіх і трымаецца жыццё ва ўсім свеце.

Ёсць у гэтым кінааповедзе 90-гадовай аўтаркі і яшчэ адзін вельмі важны аспект, які развенчвае стэрэатып адносна таго, што чалавек сталага веку ўжо недзеяздольны. Аньес Варда — ці не найярчэйшы прыклад зусім адваротнага. Менавіта ў старэчым узросце, калі чалавек не нахілены пад уціскам хваробаў, ён, нягледзячы на частковае паслабленне некаторых біялагічных функцый, здольны лагічна думаць, творча рэалізавацца і дзяліцца з іншымі тым каштоўным досведам, які ён займеў цягам свайго доўгага жыцця. І калі грамадства не будзе гэты досвед выкарыстоўваць, яно страціць найдаражэйшы духоўны капітал.

Вельмі ўдзячны “Ліспападу”, які даў мне магчымасць без праблем убачыць гэтую намінаваную на “Оскар” стужку ў Мінску.

Леанід КАЧАНКА