Раны вайны на Балотным пагорку

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

Спадчына Першай сусветнай: месцы памяці і турыстычныя цікавосткі
Сто гадоў таму скончылася адна з самых жахлівых войнаў у гісторыі чалавецтва. Яна доўжылася больш за чатыры гады і забрала жыцці каля дваццаці мільёнаў чалавек, пакінуўшы па сабе незлічоную колькасць фізічна і псіхічна скалечаных. Амаль мільён ураджэнцаў Беларусі ваявалі ў складзе Рускай імператарскай арміі, 70 тысяч з іх загінулі, яшчэ 60 тысяч склалі страты мірнага насельніцтва. Больш за два мільёны апынуліся ў бежанстве на тэрыторыі Расіі. Два з паловай гады нямецка-расійскі фронт дзяліў на дзве часткі ўсю тэрыторыю Беларусі — ад Браслаўскіх азёр на поўначы і да пінскіх балот на поўдні. Да нашых дзён на гэтай лініі захаваліся шматлікія сляды той вайны, і перадусім — жалезабетонныя ўмацаванні і вайсковыя могілкі. Ды, на жаль,тыя мясціны, дзе некалі, па сутнасці, вызначаўся лёс Еўропы, сёння параслі хмыззём.

/i/content/pi/cult/719/15693/7.JPGБетон зарастае імхом

Каб лепей адчуць атмасферу тых страшных і трагічных гадоў, мы з сябрамі выбраліся ў накірунку Баранавічаў. Там падчас Першай сусветнай знаходзілася стаўка расійскага імператара — толькі пазней яна перамясцілася ў Магілёў. І менавіта ў тых мясцінах адбывалася адна з найбольш крывапралітных бітваў той вайны на нашай зямлі. У ліпені 1916 года рускія войскі зрабілі спробу прарыву нямецкага фронту — і яна прывяла адно да жудасных стратаў.

Пра тыя трагічныя падзеі яшчэ на пад’ездзе да горада з боку Мінска нагадвае памятны знак, усталяваны ў 90-ю гадавіну канца вайны побач з нямецкім дотам ля трасы Мінск — Брэст, непадалёк ад вёскі Дуброўна. Але ж пабачыць падобныя знакі можна далёка не ля кожнага дота ці салдацкага надмагілля — а лік такіх напамінак пра Першую сусветную на тэрыторыі Беларусі ідзе на тысячы.

Прамінуўшы мястэчка Сталовічы, амаль адразу, недаязджаючы да вёскі Судары, знаходзім бетонныя ўмацаванні нямецкай артылерыйскай пазіцыі. Два бункеры зеўраюць вялізнымі амбразурамі проста на ўскрайку палявой дарогі. У сярэдзіне аднаго з іх бачым сляды выбуху, унутраныя перагародкі разбураныя. Мяркуючы па характары руйнаванняў, гэта не сляды баёў: мабыць, ужо пасля апошняй вайны сапёры абясшкоджвалі тут боепрыпасы, якіх нямала было ў навакольных палях. Але многія доты і капаніры маюць на сабе адмеціны яшчэ з часоў Першай сусветнай. Пад нагамі ў казематах можна пабачыць гільзы ад снарадаў. А часам неразарваныя снарады знаходзяць у ваколіцах такіх дотаў і ў нашыя дні.

Бетон і камяні парастаюць мохам, дажджавая вада залівае сцены і падлогу ў казематах, утвараючы невысыхальныя лужыны. Узарваныя і пашкоджаныя канструкцыі ўяўляюць пэўную небяспеку для людзей, асабліва для цікаўных дзяцей і падлеткаў, якія могуць трапіць у падобныя збудаванні без ніякіх перашкод.

Калі вялікія ўмацаванні часоў Першай сусветнай — такія, як фарты Гродзенскай і Брэсцкай крэпасцяў — маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, то малыя пабудовы — тыя ж доты і капаніры — законам часта ніяк не абароненыя. Што, натуральна, адбіваецца на іх знешнім выглядзе, стане захаванасці і ступені бяспекі для чалавека.

/i/content/pi/cult/719/15693/8.JPGНа лініі фронту

Менавіта дзясяткі фартоў Брэсцкай і Гродзенскай крэпасцяў павінны былі абараніць гэтую частку заходняй мяжы Расійскай імперыі. Размешчаныя на пэўнай адлегласці вакол гарадоў, масіўныя збудаванні з жалезабетону складалі цэлую сістэму абарончых ліній. Тым не менш, з прычыны імклівага наступлення немцаў увосень 1915 года расійскія войскі былі вымушаныя пакінуць тыя ўмацаванні практычна без бою. Фронт стабілізаваўся прыкладна па лініі Браслаў — Нарач — Карэлічы — Баранавічы — Пінск.

Акурат па гэтай лініі абодва бакі актыўна ўзводзілі траншэі, бліндажы, бункеры, артылерыйскія пазіцыі, доўгатэрміновыя агнявыя кропкі і гэтак далей. Расійская армія стварала свае ўмацаванні амаль выключна з драўніны і зямлі — таму, на жаль, нават іх сляды даўно зніклі. На сёння вядомы толькі адзін жалезабетонны дот, збудаваны рускімі салдатамі — ён месціцца ля вёскі Муляры ў Вілейскім раёне.

Немцы падышлі да справы больш грунтоўна, даставіўшы на беларускія землі бетон і металічныя канструкцыі. Таму плён іх працы захаваўся дасюль. Бадай, самы незвычайны дот знаходзіцца ў Крэве — ён быў убудаваны ў сцяну сярэднявечнага замка, яго абваленыя перакрыцці можна бачыць пад старажытнымі мурамі і сёння. Дарэчы, падчас Першай сусветнай вайны Крэўскі замак пацярпеў куды мацней, чым за ўсе папярэднія стагоддзі сваёй гісторыі. Але найбольшая канцэнтрацыя дотаў — акурат у месцах самых крывавых баёў: ля Смаргоні, Нарачы і Баранавічаў.

Сведкі дзвюх войнаў

Пасля падпісання ў 1921 годзе Рыжскай мірнай дамовы ўсе тыя ўмацаванні апынуліся на тэрыторыі Польшчы. Многія нямецкія доты, што захаваліся на баранавіцкім кірунку, былі выкарыстаны ў міжваенны час для патрэбаў польскай арміі — іх перабудоўвалі, прыстасоўвалі для новых узбраенняў і ўключалі ў новыя абарончыя лініі, злучаючы з новымі агнявымі пунктамі.

Яркі прыклад такіх умацаванняў мы сустракаем за некалькі кіламетраў ад Сталовічаў — ля вёскі Старыя Войткавічы. На беразе Шчары праглядаецца парослы дрэвамі схіл, увесь лес навокал якога прарэзаны старымі акопамі. Гэта той самы Балотны пагорак, пра які згадваюць нямецкія дакументы, апісваючы жорсткія баі 1916 года. Тады вышыня некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі, і зямля тут літаральна набрыняла крывёй.

А ў міжваенны час палякі стварылі на гэтым месцы сваю ўмацаваную групу “Крэпасць”. На лясным пагорку на адлегласці каля трыццаці метраў размешчаны тры кулямётныя агнявыя кропкі, злучаныя падземнымі хадамі. Адна з іх — мадэрнізаваны нямецкі дот.

А непадалёк ад парослых імхом умацаванняў мы натрапілі на яшчэ адну памятку тых часоў: бетонны помнік з мажнай фігурай арла і трыма крыжамі, якія сімвалізуюць “тры польскія паходы на ўсход” (у 1604, 1812 і 1920 гадах). Ды, нягледзячы на гэты пафас, у 1939 годзе палякі адступілі з гэтага рубяжа без бою. Але і ў нашы дні тут яшчэ раз-пораз знаходзяць неразарваныя снарады і боепрыпасы часоў Другой сусветнай.

Дарэчы, мясціны гэтыя варты для турыстычнага наведвання па розных прычынах. Зусім блізка ад Балотнага пагорка знаходзіцца Арабаўшчына, дзе здзейсніў свой подзвіг першы Герой Беларусі Уладзімір Карват — ахвяраваўшы жыццём, адвёў ад вёскі падаючы самалёт. А ад Арабаўшчыны рукой падаць да Калдычава з мемарыялам на месцы нацысцкага канцлагера, дзе загінулі 22 тысячы чалавек. Трохі далей па маршруце — фальварак Завоссе — радзіма Адама Міцкевіча, дзе сёння дзейнічае музей. Усе гэтыя аб’екты знаходзяцца на невялікай адлегласці, і таму іх лёгка наведаць цягам адной вандроўкі.

Мы апісалі тут толькі тыя помнікі Першай сусветнай вайны, якія месцяцца на невялікім адрэзку фронту — усяго каля дзясятка кіламетраў. Але варта памятаць, што даўжыня яго лініі па ўсёй Беларусі складала каля 400 кіламетраў, і ў кожным прыфрантавым раёне можна знайсці яшчэ столькі ж слядоў вайны, калі не больш. Усе яны маглі б стаць асновай для турыстычных маршрутаў, здатных зацікавіць як мясцовых аматараў ваеннай гісторыі і лёгкага экстрыму, так і гасцей з іншых краін — асабліва тых, якія ўдзельнічалі ў вайне.

Могілкі забытых ахвяраў

Няўдалая наступальная аперацыя пад Баранавічамі прынесла расійскай арміі велізарныя страты — каля 80 тысяч забітымі, раненымі і палоннымі. Праціўнік таксама заплаціў немалую цану, каб утрымаць пазіцыі. Таму і нядзіўна, што абапал лініі фронту захаваліся шматлікія пахаванні салдат Першай сусветнай вайны. Так, на поўнач ад Баранавічаў могілкі Першай сусветнай можна пабачыць у Загор’і — тут пахаваны салдаты рускай арміі. А амаль на ўскраіне горада, у вёсцы Вялікая Каўпеніца, захаваўся помнік, пастаўлены на брацкай магіле нямецкіх салдат. Лік такіх пахаванняў па ўсёй Беларусі складае каля 300, прычым недзе траціна з іх — рускіх, нямецкіх налічваецца блізу 150, а на астатніх салдаты абедзвюх армій, пахаваныя разам.

У той самы час арыгінальных помнікаў на магілах салдат Першай сусветнай ацалела не болей за паўсотні. Зазвычай грунтоўныя велічныя манументы можна пабачыць на нямецкіх і “змяшаных” могілках — іх будавалі немцы, каб ушанаваць памяць палеглых, прычым не толькі сваіх, але часам і салдат рускай арміі. Рэч у тым, што падчас крывапралітных баёў целы ўсіх забітых з абодвух бакоў найчасцей хавалі разам у брацкіх магілах, а праціўніку пазней перадавалі толькі дакументы і салдацкія жэтоны.

У міжваенныя гады прыфрантавыя могілкі Першай сусветнай апынуліся ў межах Польшчы. Тагачасныя ўлады дбалі пра іх стан і выгляд, усталёўваючы тыпавыя надмагіллі з надпісамі па-польску, але і старыя манументы імкнуліся захоўваць. Пазней, ужо пасля Другой сусветнай вайны, на хвалі непрыязні да ўсяго, што мела дачыненне да Германіі, мясцовыя жыхары часта нявечылі помнікі з незразумелымі для іх нямецкімі словамі. Тым больш каштоўнымі сёння з’яўляюцца тыя, якім пашчасціла ацалець.

У нашы дні пахаванні салдат Першай сусветнай у Беларусі знаходзяцца пад аховай дзяржавы — імі апякуецца ўпраўленне па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войн Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Многія нямецкія могілкі падтрымлівае ў належным стане Народны саюз Германіі па доглядзе за ваеннымі пахаваннямі. Дапамагаюць у гэтай справе і энтузіясты-добраахвотнікі. За апошнія дзесяцігоддзі праведзена вялікая праца па высвятленні, уладкаванні і мемарыялізацыі могілак — прычым не толькі франтавых, але і шпітальных. Так, акурат шпітальныя могілкі рускай арміі былі ўпарадкаваныя ля вёскі Заброддзе Вілейскага раёна па ініцыятыве мастака Барыса Цітовіча, у сядзібе якога знаходзіцца адзіны ў Беларусі музей Першай сусветнай.

Ды, на жаль, далёка не ўсе могілкі тых часоў, як і многія іншыя старыя пахаванні, абаронены ад пагрозы вандалаў і “чорных капальнікаў”. А пра некаторыя і памяць ужо амаль сцёрлася.

У звычайным мінскім скверыку

У Мінску пра Першую сусветную нагадваюць шпітальныя брацкія могілкі на Старавіленскім тракце, дзе пахавана каля пяці тысяч чалавек. На жаль, усе старыя надмагіллі былі страчаны: амаль паўстагоддзя на гэтым месцы смутку працаваў небезвядомы некалі Старажоўскі рынак. Але адкрыты ў 2011 годзе мемарыял сведчыць, што сродкамі архітэктуры і скульптуры памяць магчыма вярнуць.

У той самы час дасюль ніяк не пазначаны яшчэ адны мінскія могілкі той вайны — на тэрыторыі цяперашняга сквера па вуліцы Мініна. Там хавалі бежанцаў і пацыентаў інфекцыйнага шпіталя. Пасля Другой сусветнай частка могілак была забудаваная — там з’явіўся клуб завода сілікатных вырабаў. Сёння ён даўно ўжо стаіць у руінах, так і не дачакаўшыся рэканструкцыі. З абшарпанымі сценамі і без даху, былая ўстанова культуры больш нагадвае закінутую сядзібу з фільма жахаў.

Лёс закінутага гмаху, здаецца, нарэшце вызначыўся — нядаўна стала вядома, што неўзабаве яго знясуць. Але праекціроўшчыкі заклапочаныя далейшым лёсам участка — ведаючы пра могілкі, будаваць там новыя аб’екты лічаць недапушчальным. Ці не наспеў час падумаць пра мемарыялізацыю гэтага месца ды ўшанаванне памяці ахвяраў той страшнай вайны? Да таго ж, ёсць звесткі, што людзей там хавалі і пазней — у міжваенныя гады і падчас нацысцкай акупацыі.

Пахаванні і ўмацаванні Першай сусветнай застаюцца напамінам пра ахвяры той бязлітаснай вайны, памяць аб якой доўгія гады замоўчвалася і сціралася з масавай свядомасці. Час і чалавечая абыякавасць разбурае помнікі, але ніколі не позна ратаваць іх, аберагаць, даследваць і выяўляць новыя сляды вайны — раней невядомыя або забытыя. Наданне гэтым помнікам ахоўнага статусу, уключэнне іх у склад турыстычных маршрутаў, з аднаго боку, спрыяла б іх захаванню і бараніла ад вандалаў, а з другога — дапамагала захаванню памяці пра ўрокі Першай сусветнай. Урэшце, гэта быў бы проста патрыятызм у дзеянні.

Антон РУДАК
Фота аўтара