Яна вядзе адлік сваёй гісторыі з 21 лістапада 1918 года, калі ў паслярэвалюцыйнай Расіі быў прыняты дэкрэт Саўнаркама “Аб устанаўленні ва ўстановах паштова-тэлеграфнага ведамства продажу твораў савецкага друку”. Сёння штодня больш за 140 тысяч асобнікаў газет і часопісаў паступаюць на прылаўкі беларускіх кіёскаў, павільёнаў і крам, 650 найменняў газет і часопісаў штомесяц знаходзяць сваіх чытачоў. Агулам сетка налічвае 1367 гандлёвых аб’ектаў. 1 лістапада адбылося аб’яднанне РУП “Белсаюздрук” (Мінск, Мінская вобласць) з унітарнымі прадпрыемствамі сістэмы “Саюздрук” Беларусі (Брэсцкі, Віцебскі, Гомельскі, Гродзенскі філіялы), што павінна спрыяць удасканаленню і абнаўленню гандлёвай сеткі.
Выступаючы на прэс-канферэнцыі, спадар Бузоўскі адзначыў, што нягледзячы на бурнае развіццё электронных тэхналогій, друкаваныя СМІ былі, ёсць і будуць крыніцай уплыву на свядомасць людзей, на працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве. А калі гэта так, то “Белсаюздрук” адыгрывае найважнейшую ролю ў данясенні інфармацыі да спажыўца. Таму асаблівая ўвага да гэтай структуры і пошукі шляхоў яе развіцця — справа дзяржаўнага значэння.
Спадар Дудзіч падрабязна спыніўся на тым, як укараняецца новая форма гандлю друкаванымі СМІ — праз павільёны. Напрыклад, у Мінску такіх — 53, і колькасць іх будзе павялічвацца. Па словах генеральнага дырэктара, рэалізацыя перыёдыкі ў такіх гандлёвых кропках істотна ўзрасла. У многіх з іх пакупнікі могуць скарыстацца тэхналогіяй wi-fi, што прыцягвае дадатковых пакупнікоў. Пакуль павільёны — здабытак толькі буйных гарадоў, але паступова яны будуць з’яўляцца і ў невялікіх населеных пунктах.
Да юбілею і Еўрапейскіх гульняў распрацавана канцэпцыя “разумнага”, мультыфункцыянальнага павільёна, прадавец якога зможа мець зносіны з замежнымі візіцёрамі на любой мове — з дапамогай анлайн-перакладчыка. Наведвальнікі змогуць там падзарадзіць свае гаджэты, атрымаць паслугі інтэрактыўнага навігатара па Мінску, выклікаць таксі, замовіць трансфер у аэрапорт, купіць білет на тую ці іншую імпрэзу, нават аплаціць камунальныя паслугі.
А спадарыня Віннік прадэманстравала журналістам макет новага лагатыпа “Белсаюздруку” і паведаміла пра тое, што рыхтуецца да запуску абноўленая версія сайта прадпрыемства.
Калектыў рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” ад усёй душы віншуе работнікаў “Белсаюздруку” з юбілеем і жадае ім далейшых вех у развіцці!