Апець Бацькаўшчыну…

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

Адразу два юбілеі нядаўна адзначыў вядомы беларускі жывапісец, графік і акварэліст Анатоль Рыбчынскі — 70 гадоў з дня нараджэння і 40 гадоў творчай дзейнасці.

 /i/content/pi/cult/169/1569/Apec-Backauschynu.jpg

А.Рыбчынскі. “Беларускі край азёрны”.

У экспазіцыі, што адбылася ў сталічным Палацы мастацтва, ён прадставіў больш за 80 твораў — лірычных жывапісных пейзажаў і акварэлей, цыклы трапных, назіральных падарожных замалёвак і накідаў з натуры. У іх — на першым плане філасофскі роздум: споведзь аб лёсе краіны, яе мінуўшчыне і сучасным жыцці, павага і любоў да простага чалавека, гаспадара зямлі беларускай, усхваляванае апяванне непаўторнай прыгажосці Бацькаўшчыны.
Сам Анатоль Ігнатавіч так кажа пра сваё крэда: “Для мяне няма нічога бліжэйшага за родную беларускую прыроду. У бурнай плыні нашага жыцця толькі яна дапамагае прыпыніцца, азірнуцца, разгледзець і ўбачыць неабдымную прыгажосць Радзімы.
Яна для мяне — невычэрпная крыніца сюжэтаў. Мяне аднолькава захапляюць і шырыня прастораў, і самыя простыя матывы, работа над якімі на натуры акварэллю ці алеем дае імгненні неўсвядомленага шчасця, радасці быцця, выклікае жаданне тварыць”.
І мастак творыць. Апантана, з натхненнем, няспынна піша ён чароўныя карціны, бясконца розныя, непаўторныя па сюжэтах і фарбах: Падзвінне і Паазер’е, Панямонне і Пасожжа, Пабужжа і родны Падняпроўскі край, Мінск і Міншчына; зімовыя карункі і майская зеляніна, летнія дажджы і подых восені. А побач — “Адвечны боль Чарнобыля” і “Пераможны май 1945 года”…
На выстаўцы быў і вельмі цудоўны літаграфічны трыпціх “Сын зямлі беларускай”, прысвечаны Францыску Скарыне. Гэты твор успрымаецца як своеасаблівы гімн-помнік Гуманізму, Асветніцтву, Рэнесансу, той далёкай і яркай эпосе, калі нараджаўся новы свет у нашым слаўным Полацкім краі.

Аляксандр РУНЕЦ