Інвентарызацыя: слабыя фэсты не выжывуць

№ 47 (1383) 24.11.2018 - 30.11.2018 г

21 лістапада на базе Мінскканцэрта адбылося выязное пасяджэнне Рэспубліканскага савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. На парадак дня было вынесена пытанне аб ролі абласных цэнтраў народнай творчасці ў падтрымцы аматарскага мастацтва, у развіцці рэгіянальных культур. Але дыяпазон праблемных пытанняў, якія абмяркоўваліся ў той дзень, аказаўся насамрэч шырэйшым.

/i/content/pi/cult/719/15689/3.JPGУ рабоце пасяджэння прыняла ўдзел першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская. Літаральна днямі прызначаная на гэтую пасаду, яна палічыла неабходным быць у курсе клубна-метадычных спраў, ад хода якіх наўпрост залежыць вынік развіцця рэгіянальнай культуры.

Слова “якасць” паўтаралася тым днём шматкроць. У тым ліку і ў дачыненні да фестывальнага руху. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы — начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля Задзяркоўская гаварыла пра тое, што слабыя фестывалі з рэспубліканскага бюджэту фінансавацца не будуць. Інакш кажучы, наспела неабходнасць інвентарызацыі (слова “аптымізацыя” выкарыстоўваць рука не падымаецца) фэстаў. Тэма, якую “К” распрацоўвае ўжо колькі гадоў запар, набыла дзяржаўную важкасць. Сапраўды, навошта той фэст, які не мае дынамікі ўдасканалення, а глядацкую аўдыторыю якога складаюць хіба што самі фестывальныя ўдзельнікі ды іх родзічы?

І ў дачыненні да пытання, вынесенага на парадак дня. Сябры савета прыйшлі да агульнай высновы: раённаму работніку культуры не абысціся без абласнога метадыста, бо методыка — гэта абагульненне вопыту, а без абагульнення няма прагнозу далейшага развіцця. Дый каардынацыйныя функцыі — надзвычай важныя. Падаецца, аргументацыя сур’ёзная.

Больш падрабязную справаздачу з мерапрыемства чытайце ў наступных нумарах.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"