За парканам суб’ектыўнай рэчаіснасці

№ 46 (1381) 16.11.2018 - 26.11.2018 г

Мастакі рэдка бываюць добрымі адміністратарамі. Творчасць — справа глыбока асабістая. Мастак паводле вызначэння індывідуаліст, нават калі працуе ў камандзе. Неабходнасць адасобіцца ад свайго і думаць пра іншых, пра агульную справу можа ствараць для яго амаль невырашальную псіхалагічную праблему. Але ў кожным правіле ёсць выключэнні.

/i/content/pi/cult/718/15680/11.jpgВось, скажам, Рыгор Сітніца. Шматгадовы кіраўнік Беларускага саюза мастакоў — і творца з выразным почыркам, уласнай тэмай — і трывалымі прынцыпамі. Як ён гэта сумяшчае — пытанне асобнае. Але тое, што ўсё ў спадара Рыгора атрымліваецца, пацвердзіла ягоная персанальная выстава, якая цяпер праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі.

Выстава юбілейная. Мастаку споўнілася 60 гадоў. Азіраючыся назад, ён можа канстатаваць, што час не змарнаваны. Творы Рыгора Сітніцы захоўваюцца ў годных зборах у Беларусі і за мяжою. Культурная грамада ведае яго не толькі як мастака, але і як паэта. Прычым абедзве іпастасі адзначаны прэстыжнымі прэміямі. Самая значная з іх — атрыманая спадаром Рыгорам летась Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва. Мастак узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Сваю выставу ён назваў “Ток”. Такую ж назву мае і зборнік ягонай паэзіі. Слова шматзначнае. Гэта і рух электрычнага заряду ў правадніку, і месца, дзе апрацоўваецца зерне новага ўраджаю. І плынь: ёсць жа ўстойлівае словазлучэнне “токі жыцця”. Так што атрымліваецца і згадка пра энергію — у літаральным і метафізічным сэнсе, — і сімвал плёну высакароднай працы на роднай зямлі.

Экспазіцыя складаецца з некалькіх цыклаў — “Суб’ектыўная рэчаіснасць”, “Сустрэтае”, “Прыватная археалогія”, “Шпацыр уздоўж паркана”, “Настальгія”, “Новы дом”, “Замак” — а таксама з асобных твораў, якія, калі будзе на тое пры адпаведным збегу абставін воля мастака, могуць запачаткаваць новы цыкл.

Спадар Рыгор малюе самыя простыя рэчы, якія далёка не кожны палічыць вартымі мастакоўскай увагі. У гэтым сэнсе характэрны згаданы “Шпацыр уздоўж паркана”. Я большую частку года жыву на лецішчы і бачу тыя парканы штодня. Ніякіх эмоцый ці асацыятыўных думак канкрэтна яны ў мяне не выклікаюць. Пры тым, што час і надвор’е калі-нікалі апрацоўваюць іх так, што ненамуленае вока здольна ўбачыць у рытміцы і фактуры парканаў геаметрычны абстракцыянізм з даважкам нелінейнай экспрэсіі. А вось Рыгор Сітніца здолеў прадставіць гэтыя канструкцыі як псіхалагічныя партрэты гаспароў сядзіб. Рэчы і матэрыяльнае асяроддзе чалавека здольныя сказаць пра асобу больш, чым сама асоба магла б сказаць пра сябе. У Сітніцы атрымліваюцца аповеды пра людзей, у якіх самі людзі адсутнічаюць.

Тое ж тычыцца і іншых цыклаў. Калі мастак малюе гаспадарчыя прылады, фрагменты пабудоў ці жытла, драўляныя храмы ці каменныя замкі — за імі заўжды адчуваюцца людзі, якія прыклалі да гэтых аб’ектаў рукі, розум, сэрца. Ягоная вока выхоплівае з краявіду, з абшару, з комплексу, з кантэксту нейкі чыннік. І гэты фрагмент не толькі дае выразнае ўяленне пра суцэльнае, але і правакуе гледача на падставе ўбачанага дабудаваць у думках увесь магчымы відэашэраг.

/i/content/pi/cult/718/15680/12.jpgПрыйшоў да такой канцэпцыі мастак не адразу. Пачынаў ён з этнаграфічных матываў, з сюжэтных кампазіцый. Ягоная дыпломная работа ў 1982 годзе называлася “Беларускія народныя ўмельцы”. У пару сталасці не раз звяртаўся да вобразаў знакавых постацей нацыянальнай гісторыі і культуры, да лёсавызначальных падзей беларускай даўніны. Але як літаратар праходзіць шлях ад эпасу да лаканічнага выслоўя, так і Рыгор Сітніца ў сваей творчасці, пакінуўшы спробы ахапіць неабдымнае, урэшце засяродзіўся на, так бы мовіць, шматзначных аскепках быцця.

На выставе толькі адзін панарамны краявід — старая Няміга. І гэта невыпадкова. Для Сітніцы і інтэлектуалаў ягонага пакалення тая вуліца-рака  — сакральны сімвал Беларушчыны. А яшчэ — памяць маладосці. Няміга адкрывае экспазіцыю і задае гледачу эмацыйны настрой.

Большасць твораў адносяцца да апошніх гадоў, меншая частка — да 1990-х. Раней Рыгор Сітніца аддаваў перавагу каляровым алоўкам, цяпер шмат працуе з акрылавымі фарбамі. Тлумачыць ён гэтыя змены жаданнем скарыстаць выяўленчыя магчымасці новых матэрыялаў. Тым больш, што спалучэнне палатна і акрыла дазваляе выйсці на большыя памеры твора, чым ужо звыклыя для майстра папера і аловак.

/i/content/pi/cult/718/15680/13.jpgВельмі эфектна глядзіцца цыкл “Прыватная археалогія”. Гэта выявы гістарычных артэфактаў Беларусі, абраных аўтарам у якасці сімвалаў повязі мінулага, сучаснасці і будучыні. Хаця дэ-факта гэтыя рэчы выкапаныя з зямлі, сутнастна яны выцягнутыя мастаком на паверхню нашай падсвядомасці. Гэта тое, што падавалася грунтоўна забытым, але на справе аказалася глыбока ўкаранёным.

Цыкл “Сустрэтае” ўяўляе з сябе выяўленчыя нататкі з вандровак па радзіме і замежжы. І тут зноў праявіўся талент спадара Рыгора бачыць суцэльнае ў фрагменце, ментальнае ў матэрыяльным. А ягоная “Настальгія” — гэта не сум па побыце, які адыходзіць, а развагі пра каштоўнасці быцця. Можна жыць у кватэры з вокнамі на праспект Незалежнасці — і з настальгіяй згадваць дзедаву вясковую хату.

Сярод мастакоў і дызайнераў сёння ідзе гаворка пра неабходнасць стварэння адмысловага сімвалічнага Знака малой радзімы. Мне падумалася, што той, хто мае намер за такую тэму ўзяцца, мусіў бы абавязкова наведаць выставу Рыгора Сітніцы. Для натхнення.

Мне на выставе чамусьці згадваўся “Гарадоцкі раманс” Шалкевіча: “І пры паваленым Яновічавым плоце мы сядзем ціхенька і будзем гаварыць”... Песня нібыта таксама пра малую радзіму, а вось жа, атрымалася  — пра ўсё. Жыццё  — яно і з'яўляецца спробай зазірнуць за паркан суб’ектыўнай рэчаіснасці, якая ў кожнага свая. Але асабіста я як сваю прымаю і рэчаіснасць Рыгора Сітніцы.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"