За паўтара стагоддзя да Wi-Fi

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

Калісьці найхутчэйшым спосабам перадачы інфармацыі на вялікія адлегласці былі паштовыя галубы. Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя манаполія на гэтую дзейнасць захоўвалася за кур’ерскімі службамі. Аднак з’яўленне акурат у той час тэлеграфа паклала пачатак новай эры сувязі, амаль паўтара стагоддзя якой адлюстраваны ў экспазіцыі Музея сувязі Мінскай вобласці.

 /i/content/pi/cult/169/1568/Suvyaz'1.jpg
Першы тэлеграф працаваў, перадаючы знакі па прынцыпе семафора. Пашырэнне гэтага віду сувязі непасрэдна звязана з адкрыццём эфекту перадачы электрамагнітных сігналаў па правадах. З’яўленню тэлеграфа на беларускіх землях (найперш — у Мінску і Бабруйску) садзейнічала тое, што якраз у гэтых гарадах былі сканцэнтраваны, па-першае, адміністрацыйныя органы кіравання, а па-другое — армейскія гарнізоны. І асноўнай задачай на той час былі хуткая перадача і абмен паведамленнямі паміж імі.
Гісторыя развіцця электрасувязі Міншчыны пачынаецца 27 лістапада 1859 года, калі на яе тэрыторыі адкрылася першая тэлеграфная станцыя пры Мінскай губернскай паштовай канторы. З развіццём прамысловасці і, адпаведна, павелічэннем насельніцтва гарадоў тэлеграфная сувязь у ХІХ стагоддзі імкліва развівалася. Але толькі ў пачатку ХХ-га пачалі ўзнікаць канторы, дзе кожны жадаючы па даступным кошце мог скарыстацца іх паслугамі.
Праз чвэрць стагоддзя — у 1886 годзе ў Мінскай губерні — з адкрыццём упраўлення мясцовай паштова-тэлеграфнай акругі былі арганізаваны тэлефонныя сеткі. Створаны яны былі для ўнутранага карыстання ў маёнтку лагойскіх навукоўцаў і археолагаў братоў Тышкевічаў, а таксама ў Марыяна Здзяхоўскага — філолага, прафесара Кракаўскага і Віленскага універсітэтаў, памешчыка з Ракава. Як падкрэслівае супрацоўнік Мінскага філіяла РУП “Белтэлекам” Арцём Усціновіч, у той час гэта з’яўлялася дужа вялікай раскошай і было не па кішэні большасці дзяржаўных служачых.
У канцы XIX стагоддзя былі тэлефанізаваны паліцыя і пажарная каманда Мінска. У 1896 годзе горад атрымаў першую на тэрыторыі Беларусі гарадскую ўрадавую тэлефонную станцыю на 100 нумароў, а ў 1908 годзе была арганізавана першая ў Паўночна-Заходнім краі міжгародняя лінія “Мінск — Смалявічы — Барысаў — Новабарысаў”.
Тэлефанізацыя сельскай мясцовасці пачалася з сярэдзіны XX стагоддзя са з’яўленнем камутатараў у гарадах. Апараты ўстанаўліваліся ў населеных пунктах, што прымыкалі да раённых цэнтраў і называліся “прыгараднымі”. На адзін такі ланцужок падключалася да 7 тэлефонаў. Увогуле, прынцып функцыянавання гэтага віду сувязі заставаўся амальнязменным на працягу стагоддзя, і толькі з 1990-х пачынаецца лічбавая эра.
Дынаміку развіцця тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі паказвае Музей сувязі Мінскай вобласці, які адкрыўся напярэдадні святкавання 70-годдзя Мінскага філіяла РУП
 /i/content/pi/cult/169/1568/Suvyaz'3jpg.jpg
“Белтэлекам”. У ім сабраны экспанаты, якія ілюструюць перыяды развіцця сувязі ў рэгіёне, пачынаючы са стварэння першых тэлеграфаў і да найновых распрацовак у гэтай галіне.
Сярод найбольш каштоўных экспанатаў вылучаецца унікальная апора 1933 года, што перажыла і польскую акупацыю, і Вялікую Айчынную вайну, бесперапынна дзейнічаючы да 2001 года. Зараз — у межах экспазіцыі — на ёй змешчаны і працоўны макет савецкай радыёкропкі. А найбольш даўнім прадметам выстаўкі з’яўляецца тэлеграфны апарат знакамітага Морзе, па якім, дарэчы, і сёння можна перадаваць закадзіраваную інфармацыю.
Маецца ў калекцыі арыфмометр, што паклаў пачатак развіццю камп’ютэрнай тэхнікі. У музеі вялікая ўвага надаецца памяці былых супрацоўнікаў арганізацыі, змешчаны фотаздымкі, прадметы, звязаныя з іх дзейнасцю, а таксама ўзнагароды, атрыманыя за плённую працу як у мірны час, так і пад час Вялікай Айчыннай вайны. У прыватнасці, створана фотагалерэя, прысвечаная ролі тэлефоннай сувязі ў часы ваеннага ліхалецця.
Другая палова ХХ стагоддзя вылучаецца высокімі тэмпамі развіцця і пашырэння электрасувязі, чаму ў вялікай ступені садзейнічалі злучальныя правады, таму сярод знаёмых многім тэлефонных і радыёапаратаў вылучаецца стэнд, дзе прадстаўлены фрагменты разнастайных кабеляў — ад самых першых, што выкарыстоўваліся ў Беларусі на пачатку мінулага стагоддзя, да найноўшых, оптыка-валаконных. А гэта — не адзін дзесятак экспанатаў.
Сёння Мінскі абласны філіял РУП “Белтэлекам” эксплуатуе 812 тэлефонных станцый, 346 з якіх — электронныя. А сярод аспектаў развіцця сувязі ў Мінскай вобласці — адкрыццё першых пунктаў бяздротавага доступу ў Інтэрнет па Wi-Fi на Мядзельшчыне, Лагойшчыне ды іншых рэгіёнах, гарадах і пасёлках Міншчыны, асабліва там, дзе актыўна развіваецца турыстычная індустрыя. Можа, калі-небудзь і тэхналогіі нашага часу стануць аб’ектам увагі музейшчыкаў?

Канстанцін АНТАНОВІЧ
На здымках: тэлеграфны апарат “Морзе”,
апора, якая была ўсталявана ў 1933 г. на Клеччыне, —
экспанаты Музея сувязі.
Фота аўтара