Дык хто каго троліць?

№ 46 (1381) 16.11.2018 - 26.11.2018 г

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі — чарговая прэм’ера. Мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Гарцуеў выпусціў спектакль “Білет на брэсцкі цягнік” паводле п’есы Віталя Каралёва “Москаў дрымін”.

/i/content/pi/cult/718/15679/66_opt.jpegГэтая п’еса ўжо неаднойчы трапляла ў поле зроку ўсіх, хто цікавіцца маладой беларускай драматургіяй і рэжысурай. Яе чытка праходзіла роўна год таму — на VI Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. А ў сакавіку дэманстраваўся і сам спектакль — на Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме “М.@rt.кантакт” у Магілёве. Абодва разы ў якасці рэжысёра і выканаўцы галоўнай ролі выступаў сёлетні выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксей Кузміцкі: пастаноўка была яго дыпломнай працай і ў Мінску паказвалася таксама.

Чарговая, але яшчэ не цяперашняя спроба пастаноўкі была ажыццёўленая ў РТБД у канцы сезона — рэжысёрам Сарай Токінай, якая калісьці ставіла тут “Сталіцу Эраўнд”, а потым з’ехала ў Маскву, дзе працуе і цяпер. Тэма п’есы аказалася ёй вельмі блізкай: герой таксама з’язджае ў расійскую сталіцу ў пошуках цікавай працы і творчай самарэалізацыі, ды потым вяртаецца — і адкрывае турыстычны бізнес, пра які марыў на радзіме.

Калі ў чытцы і ў вельмі блізкай да яе сцэнічнай версіі Аляксея Кузміцкага было захавана пераважна маналагічнае выказванне п’есы, дык у версіі Сары Токінай спектакль павінен быў называцца “БелДрымШоу”: драматургічны арыгінал там быў значна перапрацаваны, шмат у чым дапісаны і выкладзены ў форме ўяўнага ток-шоу з вялікай доляй інтэрактыву, рэкламнымі ўстаўкамі, відэазапісамі, шматлікімі пытаннямі ды іншымі “ўкрапваннямі” вядучага, з выкарыстаннем тэхнікі вербацім — непасрэднымі выступленнямі запрошаных гасцей на тэму эміграцыі.

Сама па сабе ідэя была шыкоўнай! Бо мела на ўвазе ўсебаковае абмеркаванне надзвычай актуальнай для многіх краін тэмы, якое вялося і ўсур’ёз, і з гумарам ды смехам. Але генеральны прагон, на якім адбывалася здача спектакля мастацкаму савету, пакінуў уражанне незавершанасці, эскізнасці, скамечанасці. У выніку “Шоу” прынята не было, а прэм’ерны паказ замянілі на іншы спектакль.

/i/content/pi/cult/718/15679/8_opt.jpegНарэшце, узнікла яшчэ адна пастаноўка п’есы — цяперашняя. У ёй выкарыстана, але пераасэнсавана ранейшае сцэнаграфічнае збудаванне, прысутнічае адзін з харэаграфічных нумароў, пастаўлены яшчэ для папярэдняй пастаноўкі Дзмітрыем Залескім. Сапраўды, не гінуць жа добра зробленай працы! Дый грошы нашто марнаваць?

Ды, на жаль, складаецца ўражанне, што і сам спектакль узнік найперш менавіта з гэтай прычыны — для хаця б частковага “апраўдання” зробленых у свой час фінансавых унёскаў і акцёрскіх намаганняў.

Не можа не інтрыгаваць жанравае азначэнне “Білета на брэсцкі цягнік” — тролінг у адной дзеі. П’еса скарацілася, з яе зніклі самыя трагічныя старонкі. Быў спрошчаны вобраз Ксеніі, у якую закахаўся Вадзім. Гражына Быкава паўстала ў яе ролі той меркантыльнай, ласай на грошы бландынкай, якімі літаральна стракацяць расійскія серыялы. Гэткай жа лубочна плоскай атрымалася і постаць Мамы — у зялёным а ля кімано з вязаннем у руках (мастак па касцюмах — Жанна Гладко). Алена Баярава вымушана іграць жанчыну незразумелага ўзросту, якая больш цікавіцца сваім рукадзеллем, чым сынам (у п’есе тут быў прапісаны “дыялог” між іх размовай і тэлевізійнымі рэплікамі).

Затое Аляксандр Гарцуеў прапанаваў шмат папраўдзе смешных рэжысёрскіх прыдумак. Парадыйна вырашана сцэна сваркі закаханых. Дый як ім памірыцца, падказвае быццам бы Гера, што не можа не весяліць. “На працы мне выядаюць мазгі”, — гаворыць Вадзім, і сябры тут жа “візуалізуюць” гэту фразу. Гучыць рускамоўнае “До свидания” — і рэхам вылучаецца Данія. Сяргей, які раней працаваў землямерам, пры знаёмстве з Вадзімам “вымярае” яго рулеткай. Ідзе ў душавую кабінку — і мокне там пад скіраванай на яго палівачкай, цытуючы пад рогат залы: “Во, цёпленькая пайшла”.

Прынцып парадыйнага цытавання захаваны і ў музычным афармленні Яна Супаненкі. Загаварылі пра Іспанію — калі ласка, Куплеты Тарэадора з “Кармэн”. Гутарка зайшла пра Маскву — вось вам песня “Масква майская”. Дый лесвіца былога тэлешоу, якая ў цяперашнім спектаклі ператварылася ў эскалатар метро (сцэнаграфія Сяргея Шабохіна), выглядае спасылкай на кінастужку “Я крочу па Маскве”. А спалучэнне беларускай мовы з “маскоўскай” рускай і “трасянкай”, а таксама нязменная вышыванка на футболцы Вадзіма — гэта тыя штрыхі, якія ўспрымаюцца водгукамі на перыпетыі сучаснасці.

Упрыгожваюць пастаноўку добрыя акцёрскія працы. Каларытны Андрэй Дабравольскі паўстае і Бармэнам з неверагодным іракезам на лысіне, і Сяргеем, які пры сваіх унушальных габарытах размаўляе здушана-прыглушаным фальцэтам — чым выклікае смех у зале. Спектакль трымаецца на зладжаным акцёрскім ансамблі Дзмітрыя Давідовіча (Вадзіма іграе таксама Арцём Курэнь), Андрэя Новіка (Гера) і Мікалая Стонькі (Міша). Гэтая тройца на сцэне амаль неразлучная.

Але хто каго, у адпаведнасці з афішай, тут “троліць”? Пастаянныя іранічныя каментарыі Мішы і Геры, іх часам інфернальны смех настройваюць на тое, што ўсё, намі ўбачанае — адно толькі розыгрыш імі свайго сябра. Што і падробка сайта, і дамова з Ксеніяй, якая павінна “давесці” Вадзіма да думкі не проста з’ехаць з Масквы, а канчаткова застацца на радзіме, — жорсткія прыдумкі хлопцаў, якія вырашылі “пажартаваць” (хаця б дзеля таго, каб Вадзім не кідаў іх). Што ж, такая версія таксама мае права на існаванне.

Але ў фінале высвятляецца, што насамрэч тролілі нас, гледачоў. Бо за межы тролінгу (не столькі як жанру, колькі як рэальнага дзеяння) спектакль не выходзіць. Пасмяяліся — дый годзе. На большае ён, падобна, і не быў разлічаны. А шкада. Тэма эміграцыі ўжо сама па сабе настройвае на спрэчкі, развагі. Бо насамрэч яна вельмі вострая, неадназначная. І надзвычай актуальная, прычым для многіх краін — што адразу магло б пашырыць магчымае “кола спажыўцоў” новага спектакля.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"