Ад косткі маманта да рэтра-камп'ютара

№ 46 (1381) 16.11.2018 - 26.11.2018 г

Віцебскі абласны краязнаўчы музей: “сто футаў пад кілем”!
Віцебскі абласны краязнаўчы музей, у экспазіцыях якога можна пабачыць цэлы шэраг адметных артэфактаў, святкуе ў лістападзе сотую сваю гадавіну. Журналісты “К” правялі адзін дзень у філіялах музея і пабачылі, чым сёння жыве і “дыхае” знакавая ўстанова культуры Віцебскага рэгіёна.

/i/content/pi/cult/718/15678/5.jpgМеч вікінга, дырхемы і “Іскра”

Дырэктар Эрмітажа Міхаіл Піятроўскі аднойчы параўнаў музей з “велізарным караблём”, які лавіруе ў акіяне сучаснай культуры. 100 гадоў такога плавання — гэта многа ці мала? Мабыць, для музея — зусім нямала, асабліва з улікам пакручастага гістарычнага лёсу нашай краіны. Менавіта па гэтай прычыне Віцебскі абласны краязнаўчы, створаны 12 лістапада 1918 года, з’яўляецца на сёння не проста аднагодкам першай спробы заснаваць незалежную беларускую рэспубліку, але і адной з найстарэйшых падобных устаноў культуры ў Беларусі.

/i/content/pi/cult/718/15678/6.jpgДы, думаю, і адным з самых цікавых у нашай краіне. Балазе, яго асноўныя экспазіцыйныя плошчы сёння размешчаны ў старажытнай гарадской Ратушы, што стварае дадатковы таямніча-адметны антураж для кожнага наведвальніка.

Адчыняеш вялікія і цяжкія драўляныя дзверы ўстановы — і адразу трапляеш у іншасвет гістарычных артэфактаў: ад старадаўніх мячоў вікінгаў да россыпу скарбаў тысячагадовай даўніны з арабскімі дырхамамі і рымскімі манетамі, знойдзенымі ў багатай на археалагічныя знаходкі віцебскай зямлі.

— Вось сапраўдныя берасцяныя граматы, вось залаты пярсцёнак XII стагоддзя, а тут месціцца калекцыя зброі і нумізматыкі, — кажа намеснік дырэктара ўстановы па навуковай рабоце Валерый Шышанаў. — Усяго ў нас тут, у ратушы, некалькі калекцый: “Скарбы зямлі Віцебскай”, “Прырода Віцебскага краю”, “Агнём і мячом” ды іншыя. Ёсць, натуральна, і зменныя экспазіцыі, камерцыйныя выставы.

/i/content/pi/cult/718/15678/7.jpgМабыць, не памылюся, калі скажу, што асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікае экспазіцыя “Незнаёмцы з мінулага”. Тут можна пабачыць і нажніцы для тушэння свечак, і шчыпцы для цукру, і старадаўнія запалачніцы, і шмат чаго яшчэ. Адных відэльцаў (для лімона, сыру, сардзін, вустрыц і гэтак далей), якімі карысталіся нашы продкі яшчэ напрыканцы XIX — пачатку XX стагоддзя, я налічыў не менш за дзясятак! І як мы сёння абыходзімся адным відэльцам ці адной лыжкай?

— А вось прадметы з нашага савецкага мінулага, — працягвае экскурсію Валерый Шышанаў. — Тут табе і шкляныя бутэлькі з-пад малака, і радыёпрыёмнік 1934 года, і арыфмометр “Фелікс”, і нават ЭВМ “Іскра”, выпушчаная за год да распаду СССР. У сучасных школьнікаў, якія падобных “цудаў тэхнікі” ніколі не бачылі, гэтая экспазіцыя выклікае заўсёдную цікавасць.

/i/content/pi/cult/718/15678/8.jpgТаксама можна паўдзельнічаць у віктарыне на веданне рэалій савецкага часу. Скажам, ці згадаеце вы, на якой вуліцы жылі героі фільма “Іронія лёсу, або З лёгкай парай”? А колькі каштаваў пачак запалак у СССР? Або як называўся аналаг “Пепсі-колы”, зроблены ў 1976 годзе ў краіне Саветаў? У дзяцей, нават са смартфонамі ў руках, усе гэтыя загадкі, якія задаюць ім падчас экскурсіі па экспазіцыі музейныя супрацоўнікі, выклікаюць пэўныя цяжкасці. Ды і ў дарослых, мабыць, таксама: пра газаваную ваду “Байкал” (заменнік “Пепсі”) я і сам даведаўся толькі з дапамогай Google. Так што віцебскія музейшчыкі сёння могуць зацікавіць сваімі артэфактамі нават абазнанага ў гісторыі нашай краіны чалавека.

Пэн і асятровы клей

/i/content/pi/cult/718/15678/9.jpgАле асабліва шмат цікавага чакае гасцей музейнай установы сёлета, падчас святочных мерапрыемстваў з нагоды юбілею. Напрыклад, як расказаў “К” дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Глеб Савіцкі, у адным з яго філіялаў — Мастацкім музеі — ужо адкрылася выстава “Рэстаўрацыйная майстэрня”.

— Госці змогуць убачыць творы жывапісу з фондаў музея, якія прайшлі рэстаўрацыю ва ўстанове, — адзначыў ён. — Сярод іх — работы Юдэля Пэна “Цыган”, “Дама ў крэсле”, а таксама невядомых аўтараў — “Партрэт папскага прэлата”, абраз “Адзігітрыя” ды іншыя.

Адметныя мерапрыемствы чакаюць наведвальнікаў і ў іншых філіялах. Скажам, у Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання 15 лістапада распачала працу выстава “Векавая калекцыя”. У яе экспазіцыі вышыўка і фарфор з прыватнай калекцыі першага дырэктара Віцебскага краязнаўчага музея Антона Брадоўскага.

Адной з найбольш цікавых выставаў стане і “100 рарытэтаў да 100-годдзя музея”.

— Яна пакажа самыя знакавыя прадметы, якія захоўваюцца ў нашых фондах, ад косткі маманта да работ Юдэля Пэна, — кажа Глеб Савіцкі. — Таксама будуць прадстаўлены найбольш рэдкія прадметы археалогіі і нумізматыкі, унікальная “Кніга прывілеяў Віцебска”. А завершыцца святкаванне юбілею ўрачыстым канцэртам у Віцебскім музычным каледжы імя Івана Салярцінскага.

Да слова, журналісты “К” таксама наведалі выставу “Рэстаўрацыйная майстэрня” ў Мастацкім музеі. Таму можам сведчыць: пабываць тут варта. Хаця б з таго, каб са слоў экскурсавода — вядомага беларускага рэстаўратара Юрыя Кегелева — дазнацца пра няпростую работу майстра, які аднаўляе старадаўнія палотны.

— Мабыць, вы і не ведаеце, што асятровы клей мае выключную важнасць у рэстаўрацыйным справе? — запытаўся ў нас Юрый Кегелеў напачатку экскурсіі. — Робіцца ён з плавальнай бурбалкі асятроў і выкарыстоўваецца для пераносу карцін на новую падаснову, для замацавання фарбавага слоя і пры пераносе фарбы з аднаго палатна на іншае.

Не варта і казаць, што асятровы клей цяпер — на вагу золата. А самы лепшы вырабляецца ў Расіі: клей пад назвай “карлук” шанавалі і шануюць рэстаўратары ва ўсім свеце. Справа ў тым, што гэтае абсалютна натуральнае рэчыва не змяняе пры рэстаўрацыі колер твора. І самае важнае: нават праз дзясяткі гадоў пасля нанясення такі клей можна лёгка выдаліць, не зрабіўшы пры гэтым аніякай шкоды карціне.

— Мы дэманструем гэты клей у экспазіцыі, як і розныя прылады працы рэстаўратара: ад маленькіх пэндзлікаў да нажоў, якімі разразаюць паперу, ды кніг па методыцы рэстаўрацыйных работ, — кажа Юрый Кегелеў. — А робіцца гэта дзеля таго, каб кожны наведвальнік мог зазірнуць у свет рэстаўратара, ацаніць і зразумець яго тытанічную працу (часам карціну можна аднаўляць і год, і два, і пяць!), а таксама, магчыма, захапіцца гэтай справай і самому паспрабаваць стаць майстрам-рэстаўратарам у будучым.

Дадам, што менавіта дзякуючы Юрыю Кегелеву былі поўнасцю адрэстаўраваныя дзясяткі палотнаў Юдэля Пэна ды многія іншыя шэдэўры жывапісу, якія знаходзяцца цяпер у экспазіцыйных залах Мастацкага музея Віцебска. Акрамя таго, углядаючыся ў Пэна, Паленава, Рэпіна, рэстаўратар і сам пачаў пісаць ды выстаўляць на суд гледачоў свае ўласныя работы — яго персанальныя выставы ўжо неаднойчы з поспехам ладзіліся ў Віцебску.

Што ж, відаць у гэтым горадзе над Заходняй Дзвіной сама атмасфера ўздзейнічае на ўсіх, хто мае творчую іскрынку. І з цягам часу яны немінуча робяцца мастакамі. Думаю, Пэн, Шагал і Малевіч з гэтай маёй высновай цалкам пагадзіліся б.

Здароў, Здраўнёва!

Яшчэ дзесяць гадоў таму, пачынаючы працу ў рэдакцыі “Культуры”, я неаднойчы чуў ад калег расповеды пра тое, як газета спрычынілася да аднаўлення музея-сядзібы Ільі Рэпіна “Здраўнёва”. Між тым, пабываць там за гэтыя гады так і не давялося. Таму паездка ў яшчэ адзін філіял Віцебскага абласнога краязнаўчага музея сталася для мяне не толькі абавязковай паводле камандзіровачнага задання, але доўгачаканай — і, не хаваю, вельмі прыемнай.

— Вітаю вас, дарагія сябры! — такімі словамі сустрэў нас на ганку сядзібы загадчык установы Аляксей Сухарукаў. — Мы дасюль помнім дапамогу ад вашай газеты і ніколі яе не забудзем. Таму абавязкова перадавайце прывітанне ўсёй рэдакцыі газеты “Культура”!

Для таго, хто не ў курсе, патлумачу: у свой час “К” прыняла актыўны ўдзел у аднаўленні спаленай пажарам сядзібы ў “Здраўнёва”, у тым ліку ініцыяваўшы звароты ў розныя высокія інстанцыі, а таксама ладзячы ў музеі штогадовыя выязныя рэдакцыі.

Аляксей Васільевіч правёў для нас экскурсію па пастаяннай экспазіцыі, прысвечанай жыццю і творчасці Рэпіна, а таксама расказаў пра навіны ў дзейнасці музейшчыкаў за апошнія гады. Так, у “Здраўнёва” сёння ладзяцца тэатралізаваныя экскурсіі, “круглыя сталы” з удзелам краязнаўцаў, гісторыкаў і мастакоў, фотавыставы і нават святы з нагоды Калядаў ці Купалля.

Прывяду толькі адну лічбу: штогод у “Здраўнёва” прыязджае больш за дваццаць тысяч наведвальнікаў. Праўда, у зімовы перыяд колькасць гасцей падае ў разы. Але сярод маладых маляўнічае рэпінскае месца вялікім попытам карыстаецца заўсёды.

— У пятніцу ды суботу ў нас тут бывае цэлы тузін машын з паветранымі шарамі, бо вясельную фотасесію зладзіць у гэтых мясцінах можна ў любое надвор’е, — кажа Аляксей Васільевіч. — Акрамя таго, наша сядзіба і нашы выставы прыцягваюць увагу не толькі турыстаў з Беларусі, але і заезджых гасцей з Расіі, Літвы і Латвіі. А ладзяць названыя выставы студэнты мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пётра Машэрава, творцы з абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці, Дамоў рамёстваў рэгіёна. Да таго ж, праходзяць у нас і рэгулярныя пленэры жывапісу, на якія з’язджаюцца як мастакі-пачаткоўцы, так і прафесіяналы.

Загадчык Музея-сядзібы спадзяецца, што гэтыя ды многія іншыя музейныя акцыі прыцягнуць яшчэ большую ўвагу да ўнікальнага для нашай краіны аб’екта. А таксама дапамогуць урэчаісніць шэраг задумак супрацоўнікаў і вырашыць некаторыя праблемы ўнікальнай для Беларусі ўстановы культуры.

Як патрапіць да Рэпіна?

Самая галоўная з іх — транспартная. Дабрацца рэйсавым транспартам да “Здраўнёва”, нягледзячы на яго блізкасць да Віцебска, па-ранейшаму праблематычна. Аўтобус з абласнога цэнтра ходзіць толькі да гарпасёлка Руба. Таму ахвотным пабываць у сядзібе даводзіцца шыбаваць “на сваіх дваіх” каля 2 — 3 кіламетраў. І не кожны прыхільнік мастацтва мае сілы (або жаданне) пераадолець падобную адлегласць пехатою.

Вось і атрымліваецца, што “ў госці да Рэпіна” звычайна трапляюць толькі арганізаваныя тургрупы альбо вандроўнікі на ўласных аўто. Аляксей Сухарукаў упэўнены, што калі б да сядзібы мастака рэгулярная транспартная сувязь была наладжана хаця б цягам летняга сезона, колькасць наведвальнікаў у “Здраўнёва” значна б павялічылася. Але мясцовы аўтапарк на гэта не ідзе, палічыўшы такі маршрут стратным.

Яшчэ адно пытанне датычыць пашырэння музейных плошчаў. Ужо распрацаваны план пабудовы ў “Здраўнёва” выставачнага комплексу, дзе змогуць размясціцца годныя выставачная і канферэнц-залы, невялікі гатэльчык, кавярня. Бо, што ні кажы, а сённяшняя музейная інфраструктура, кажучы шчыра, пакідае жадаць лепшага: голыя дарожкі, некалькі біятуалетаў і лавачак...

— На жаль, сёння мы не можам забяспечыць для наведвальнікаў камфортныя ўмовы ў зімовы час, — кажа загадчык установы ў “Здраўнёва”. — Ды і летам да нас прыязджала б нашмат больш турыстаў, калі б мы мелі тут кавярню, абсталяваныя месцы для сямейнага адпачынку з дзецьмі, невялікую гасцініцу і гэтак далей. Што тут і казаць: нават крамкі па продажы сувенірнай прадукцыі мы пакуль не маем. Адно што, размясцілі ў адной з залаў музея стэнд з сувенірамі. Натуральна, гэтага нам недастаткова.

Так што сёння Аляксей Сухарукаў жыве спадзяваннямі на адбудову выставачнага комплексу, дзякуючы якому многія праблемныя пытанні музейнай установы будуць вырашаны. Але ж ці спраўдзяцца мары мясцовых музейшчыкаў?

Дасягненні і перспектывы

Адрасаваў гэтае і многія іншыя пытанні дырэктару Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Па словах Глеба Савіцкага, праектна-каштарысная дакументацыя на пабудову ў “Здраўнева” выставачнага комплексу была зроблена яшчэ некалькі гадоў таму. Але вырашэнне гэтай праблемы, як можна здагадацца, спынілася праз нястачу фінансаў. А ці з’явяцца грошы на рэалізацыю названага праекта — пытанне з даволі няпэўным адказам.

Сярод іншых праблем Віцебскага абласнога краязнаўчага музея — недахоп плошчаў пад фондасховішча. Між тым, у фондах сёння налічваецца каля 217 тысяч адзінак захоўвання, і ў наяўных памяшканнях ім даволі цеснавата. Акрамя таго, нястача вольных кабінетаў ды залаў перашкаджае яшчэ адной задуме: зрабіць пры музеі сваю рэстаўрацыйную майстэрню. Між тым, яна неабходная бы паветра.

Ад няпэўнасці пяройдзем да пэўнага — зробленага і перспектыўнага. Так, па словах кіраўніка ўстановы, за апошнія дзесяць гадоў у музеі значна ўзрасла навукова-даследчая дзейнасць, ладзяцца шматлікія навуковыя канферэнцыі, выдаюцца зборнікі матэрыялаў міжнародных форумаў. Як кажа Глеб Савіцкі, раней падобнай навукова-даследчай актыўнасці музейшчыкаў установе якраз і не ставала.

— Акрамя таго, за дзясятак апошніх гадоў мы значна пашырылі выставачную дзейнасць: цяпер ладзім каля сотні выставаў на год, — кажа суразмоўца. — Маем дамовы аб супрацоўніцтве з шэрагам музеяў у Расіі, Літве і Латвіі, ладзім з імі абменныя выставы, павялічылі выдавецкую дзейнасць (гэта буклеты, прысвечаныя нашым філіялам, каталогі ды многае іншае), а таксама абменьваемся вопытам з замежнымі музейшчыкамі.

Паспяхова развіваецца і праектная дзейнасць. Скажам, зусім нядаўна віцебскія музейшчыкі выйгралі грант па Праграме трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза “Латвія — Літва — Беларусь” на 2014 — 2020 гады. У рамках праекта, як кажа Глеб Савіцкі, будзе атрымана звыш 100 тысяч еўра на мадэрнізацыю ўстановы. Музей мае ўзбагаціцца інфакіёскамі, аўдыёгідамі, будуць зроблены пэўныя дадаткі ў дзейную экспазіцыю.

Штогод, па словах дырэктара, усе музейныя філіялы наведваюць больш за 150 тысяч чалавек. Асноўны пік прыпадае на май — ліпень, калі ў Віцебск прыязджае шмат турыстаў.

— Будзем павялічваць колькасць наведванняў музея абавязкова, — зазначыў Глеб Савіцкі. — Асноўная ўвага — дзецям і падлеткам: для іх цяпер ладзім музейныя заняткі, лекторыі, квэсты, дні нараджэння ў музеі ды многае іншае. А таксама выязджаем з перасоўнымі выставамі ў дзіцячыя садкі і школы.

Сярод перспектыўных задумак музейшчыкаў — зрабіць адзіны білет ва ўсе музейныя філіялы. Па словах Глеба Савіцкага, гэтая ідэя ўжо была апрабавана на практыцы падчас мінулай “Ночы музеяў” і прайшла даволі паспяхова.

— Наколькі дазваляюць нашы магчымасці, асабліва матэрыяльныя, мы пастаянна стараемся мяняцца, прыдумляць нешта новае і цікавае, — кажа дырэктар музея. — Але я ўпэўнены, што ўсе сучасныя навінкі павінны быць не на шкоду галоўнаму. А галоўнымі для музея павінны заставацца Яго Вялікасць экспанат — і, натуральна, наведвальнікі.

Што ж, сто гадоў гісторыі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, цягам якіх ён адлюстроўвае тысячагоддзі гісторыі нашай зямлі, яскрава сведчаць пра тое, што да экспанатаў тут ставяцца з піетэтам і безумоўнай павагай. Як, зразумела, і да наведвальнікаў.

Адно што, дадам напрыканцы, варта было б таксама зрабіць музейны сайт на беларускай і англійскай, а не толькі рускай, мовах, пазначаць назвы музейных артэфактаў у экспазіцыі на тых мовах, якімі валодаюць жыхары суседніх з Беларуссю краін (пакуль ёсць толькі руская ды беларуская), а таксама набыць аўдыёгіды, каб не толькі айчынныя, але і літоўскія, польскія ці нават кітайскія наведвальнікі маглі без перашкод дазнацца пра ўсе нюансы ды цікавосткі багатай калекцыі музея. Зрэшты, як запэўніў “К” Глеб Савіцкі, бліжэйшым часам уся гэтая праца абавязкова будзе зроблена.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"