“Вяртанне дадому”

№ 45 (1380) 10.11.2018 - 17.11.2018 г

Так назвала сваю апошнюю выставу ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава мясцовая мастачка Ірына Рагавая. Нібы прадчувала нешта… Літаральна праз некалькі дзён пасля вернісажу нашай таленавітай зямлячкі не стала.

/i/content/pi/cult/717/15670/18.JPGЯе творы адразу ж звярнулі на сябе маю ўвагу. Карціны “Кірыла і Мяфодзій”, “Архідэя”, “Старая вярба” захапілі дзіўным майстэрствам ператварэння задум у маляўнічую рэальнасць. Каларыт на яе палотнах станавіўся аб’ёмным, ён дыхаў. Думаў падзяліцца з Ірынай Аляксандраўнай гэтымі ўражаннямі ці напісаць пра іх у рэцэнзіі на выставу. Але вось не паспеў.

Скончыўшы Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, Ірына сціпла настаўнічала ў адной са школ нашага горада. Ад маёй прапановы працаваць у галерэі яна адмовілася, — не хацела пакідаць сваіх любімых вучняў. Пры знаёмстве адразу ж адчуў яе глыбіннае захапленне беларускай гісторыяй. Таму не здзівіўся, што на персанальных выставах пераважалі карціны гэтай тэматыкі. Да ўсяго, Ірына Рагавая не проста любіла гісторыю Беларусі, але і імкнулася глыбока ўсвядоміць яе праз легенды і
паданні. Адсюль і яе рамантызм — з узвышанасцю пачуццяў і па-жаночаму дэталізаваным адзеннем ды ўпрыгожваннямі.

Дзіўнае адчуванне: чым больш узіраешся ў творы гэтай мастачкі, тым больш разумееш, што яна не проста пісала, узнаўляючы тыя ці іншыя гістарычныя падзеі, а ілюстравала іх. Гэтак жа, як ілюстравала знакаміты раман Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Зрэшты, і тут, што называецца, яна ішла па слядах гістарычных легенд і паданняў, але ўжо пераўвасобленых класікам беларускай літаратуры. Трыпціх кампазіцыйна акцэнтуецца на галоўных падзеях: “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Здрада”, “Прывіды мінулага”. Мастачка вельмі тонка адчувала адрозненне відочнага ад уяўнага. Так і хочацца сказаць, што прывіднае яна пісала… прывідна. Глядзіш на пагоню — і ў памяці гучыць караткевіцкае: “У жудасным маўчанні шалёна скача над зямлёй дзікае паляванне караля Стаха… Патанаючы напалову ў смузе, імчыць над змрочнаю зямлёй дзікае паляванне”. Аднак імглістая расплывістасць у гэтым трыпціху кантрастуе з адкрытай дэталізацыяй, маляўнічай яркасцю.

Гэтак жа пераканаўча і па-мастацку дакладна здолела Ірына Рагавая ўвасобіць Рагнеду. Нават сюжэтна яе твор адрозніваецца ад увасабленняў іншымі мастакамі гэтай легендарнай жанчыны. Мы бачым Рагнеду на дашчаным памосце з малалетнім сынам, якога яна прыціскае да сябе, засцерагаючы ад таго, што павінна здарыцца. Побач, за памостам, лодка. З утоеным захапленнем глядзяць на княгіню весляры, якім загадана адвезці няскораную ў Заслаўе.

Па-свойму здолела мастачка перадаць засяроджаную веліч Ефрасінні Полацкай. Здавалася б, традыцыйны сюжэт: мы бачым святую ў келлі Полацкага Сафійскага сабора за перапісваннем і перакладаннем старажытных кніг. Ёсць тут і знакаміты Ефрасінеўскі крыж. Але пры гэтым мастачка стварае менавіта такі каларыт карціны, ад якога ўзнікае адчуванне сапраўднай старажытнасці часу.

Гэта ж уласціва і шматлікім іншым творам Ірыны Рагавой на тэмы беларускай гісторыі. Кожны з іх узнаўляе тую ці іншую легенду, у якой апаэтызаваныя рэальныя гістарычныя падзеі. Вось, напрыклад, радкі з “Аповесці мінулых гадоў”: “Дружына спіць, але Волх не спіць. Ён абернецца шэрым воўкам, бегае, скача па цёмных лясах…” І мы бачым гэтага Волха на карціне Ірыны Рагавой: ён глядзіць на нас хітраватым чалавечым позіркам.

Пераканаўча звяртаецца Ірына Рагавая да легенд Мірскага, Нясвіжскага і Гальшанскага замкаў. Трывожнай рамантыкай, вернасцю гістарычным рэаліям прываблівае ўвагу шматфігурная кампазіцыя, прысвечаная Грунвальдскай бітве.

Так, каб зразумець сутнасць гістарычных карцін, трэба ведаць беларускую гісторыю. Але ёсць сярод яе набыткаў і проста пейзажы, нацюрморты, партрэты, і яны таксама сталі сведчаннем сапраўднага майстэрства. Творчая спадчына Ірыны Рагавой сапраўды багатая. На жаль, яна амаль невядомая аматарам выяўленчага мастацтва Беларусі. Такое знаёмства і прызнанне яшчэ павінна адбыцца. І тады імя таленавітай светлагоркі стане неаддзельным ад мастацкай гісторыі нашай краіны.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ