У Цэнтры — культура

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

На пачатку ліпеня ў Варшаве з нагоды Дня Незалежнасці нашай краіны адбылася інаугурацыя Культурнага цэнтра Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.

Асноўнымі задачамі дзейнасці Цэнтра з’яўляюцца шырокае прадстаўленне беларускай культуры і мастацтва ў Польшчы, садзеянне развіццю двухбаковых сувязей, падтрымка дзейнасці беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. 4 ліпеня 2008 года інаугурацыя Культурнага цэнтра адбылася і ў Беластоку.
На цырымоніі ў Варшаве прысутнічалі паслы і прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, кіраўнікі і прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў Польшчы, дэпутаты Сейма і сенатары, кіраўнікі і прадстаўнікі міжнародных і польскіх грамадскіх арганізацый, кіраўніцтва ваяводскіх і мясцовых органаў, кіраўнікі консульскіх устаноў і прадстаўніцтваў прадпрыемстваў Беларусі ў Польшчы, журналісты айчынных і польскіх СМІ — усяго больш чым 500 чалавек.
Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Павел Латушка падкрэсліў, што першы дзяржаўны Культурны цэнтр Беларусі за мяжой адкрываецца ў Польшчы — у краіне, з якой мы маем багатую сумесную гісторыка-культурную спадчыну.
Дзейнасць Цэнтра, на думку Пасла, будзе спрыяць больш шырокаму прадстаўленню беларускай культуры і мастацтва ў Польшчы, развіццю разнастайных плённых кантактаў у названых сферах, дапамагаць будаваць добрую атмасферу для супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі.
У час інаугурацыі Культурнага цэнтра шэрагу вядомых грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікам беларускай меншасці былі ўручаны Ганаровыя граматы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей нашай краіны за шматгадовую плённую дзейнасць па падтрымцы беларускай культуры і адукацыі ў Польшчы, развіцці двухбаковых культурных сувязей.
Пад час інаугурацыі Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве з цікавымі канцэртнымі праграмамі выступілі Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча і ансамбль акардэаністаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, была разгорнута выстаўка работ сучасных беларускіх мастакоў.
У тыя ж дні Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча выступіў з канцэртнай праграмай на самай вялікай і прэстыжнай канцэртнай пляцоўцы Варшавы — Зале кангрэсаў Палаца навукі і культуры. Выступленне славутага калектыву было арганізавана па ініцыятыве Пасольства нашай краіны ў Польшчы пры садзейнічанні Гарадской Управы Варшавы і Еўрапейскага рэкламнага агенцтва.Канцэрт наведалі Пасол нашай краіны ў Польшчы Павел Латушка, паслы Арменіі, Малдовы, Казахстана, Інданезіі, супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў і іншых міністэрстваў ды ведамстваў Польшчы, прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці.
Пад час канцэрта хору пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхася Дрынеўскага бліскуча былі выкананы лепшыя нумары беларускай народнай песеннай і танцавальнай класікі, творы сучасных айчынных кампазітараў, польскія, рускія і ўкраінскія песні.Выступленне Нацыянальнага хору ў Зале кангрэсаў у Варшаве адбылося больш чым праз 25 гадоў пасля апошняга — у 1982 годзе. Практычна кожны нумар беларускага калектыву прымаўся публікай (каля 1,5 тыс. чалавек) вельмі цёпла, а пасля заканчэння выступлення гледачы стоячы некалькі разоў выклікалі калектыў на сцэну. Дарэчы, перад канцэртам у Варшаве яго выступленні з вялікім поспехам прайшлі ў гарадах Радзынь Падляскі і Гарволін. Усяго на гэтых канцэртах прысутнічала звыш 4-х тысяч гледачоў.

Паводле інфармацыі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча