Ёсць давер, няма адлегласці

№ 45 (1380) 10.11.2018 - 17.11.2018 г

Летась у фінал Нацыянальнай тэатральнай прэміі патрапіла нямала праектаў прыватных калектываў, у тым ліку — Камернага драматычнага тэатра (КДТ). Ён спрабуе сябе ў розных жанравых кірунках, эксперыментуе з формай і матэрыялам. А на наступным тыдні прэзентуе сваё бачанне імерсіўнасці: публіку запросяць на містычны трылер паводле Паўла Каэльё “Д’ябл і сеньярыта Прым”, у якім кожнаму гледачу прапануецца свая роля. Пра складанасці ў распрацоўцы спектакля, жанр якога пакуль мала распаўсюджаны ў Беларусі, аглядальніку “К” распавяла галоўны рэжысёр КДТ, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Наталля БАШАВА.

/i/content/pi/cult/717/15667/14.jpg5D у тэатры

— Канешне, Камерны драматычны тэатр — не першапраходзец. Імерсіўныя пастаноўкі даўно скарылі публіку шмат у якіх краінах Еўропы, зараз збіраюць аншлагі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Яны практыкуюць поўнае занурэнне гледача ў дзеянне, якое можна параўнаць з эфектам 5D-кінатэатра. І мы гаворым не проста пра адсутнасць сцяны паміж залай і сцэнай — тут увогуле знікае адлегласць паміж гледачом і акцёрам.

Для нашага эксперыменту я выбрала ранні твор Паўла Каэльё “Д’ябал і сеньярыта Прым”, бо гэта глыбокі матэрыял з бясконцым мноствам сэнсаў. Легендарны пісьменнік — містык, ён прапануе нам шукаць адказ на пытанне, кім жа ўрэшце рэшт з’яўляецца чалавек: стваральнікам свайго лёсу ці паслухмянай марыянеткай у руках невядомага лялькавода. Каб разабрацца ў гэтым падчас спектакля, гледачы мусяць
прайсці рознымі сюжэтнымі сцяжынкамі, складзенымі нашымі артыстамі.

То бок у дадзеным выпадку прагляд і ўдзел — паняцці тоесныя. Яшчэ да пачатку рэпетыцый я вывучала тыпы гледачоў, якія звычайна наведваюць тэатр. Адны не гатовыя да актыўных дзеянняў: ім болей падабаецца назіраць за спектаклем, суперажываць, выбудоўваць лагічныя здагадкі, чаму сюжэт развіваецца так ці іначай. Другія ж хочуць не толькі глядзець, але яшчэ, напрыклад, танчыць ці адказваць з месца на пытанні акцёраў. Трэція ірвуцца за кулісы, цікавяцца, як выглядае грымёрка, першымі імкнуцца прайсці тэатральныя квэсты і абавязкова пасля наведвання тэатра посцяць сэлфі з выканаўцамі ў сацсетках. А чацвёртыя ўсё жыццё мараць выйсці на сцэну, таму лёгка ідуць на кантакт з акцёрамі і гатовыя выканаць невялікую ролю ў прапанаваных абставінах.

Чатыры шляхі да развязкі

Таму мы прапануем гледачам розныя віды білетаў: чым актыўней хтосьці хацеў бы ўдзельнічаць у спектаклі, тым вышэйшая за гэта цана. У выніку ўсе хоць і будуць прысутнічаць на адным і тым жа спектаклі, але пабачаць яго па-рознаму.

Набыўшы адзін з прапанаваных відаў білетаў, публіка аўтаматычна падзеліцца на чатыры групы, кожная з якіх выправіцца ў сваю тэатральную вандроўку: гледачы будуць хадзіць з адной пляцоўкі на другую, блукаць па закуліссі, адпачываць ва ўнутраным дворыку Дома літаратараў, на сцэне якога мы месцімся з дня заснавання нашага тэатра. Кожную з груп будзе суправаджаць канкрэтны чалавек, каб ніхто не заблытаўся ў пляцоўках.

Адначасова на шматлікіх лакацыях будуць знаходзіцца каля 30 артыстаў. Шоу-спектакль прадугледжвае яднанне прафесіяналаў розных жанраў. Прынамсі, у нас у пастаноўцы, акрамя ўласна акцёраў, задзейнічаны каскадзёры, ілюзіяністы, мімы, вакалісты. Яны будуць разыгрываць свае ролі і прапаноўваць гледачам выбіраць, у які бок рушыць далей сюжэт, уцягваць у квэсты. Упэўнена, публіцы не толькі спадабаецца чаканне развязкі пакручастага містычнага трылера: яна атрымае задавальненне ад гульні ў тэатр. Мы вельмі шмат працуем, каб у чалавека з’явілася адчуванне, што ён знаходзіцца ўнутры прасторы, якая перайначваецца наўпрост у залежнасці менавіта ад яго дзеянняў і свядомага выбару.

Межы дазволенага

— Хоць спектакль імерсіўны, аднак класічныя асновы працы над пастаноўкай мы захоўвалі: пад ідэю быў адаптаваны тэкст, спачатку ў нас прайшоў перыяд чыткі, затым адбылося размеркаванне роляў. Усім надзвычай цікава паўдзельнічаць у праекце такой нязвыклай формы, таму людзі працуюць шчыра і самааддана!

Пазіцыянуем свой эксперымент як першае імерсіўнае шоу ў краіне. Пачынаць заўсёды боязна. А падобныя маштабныя праекты цягнуць да ўсяго шмат выдаткаў. Каб мець упэўненасць у фінансавым боку, тры спецыялісты нашага PR-аддзела папярэдне даследавалі глядацкі запыт, праводзілі аналіз, плацежаздольнасць розных катэгорый грамадзян.

Творчая каманда спектакля аналізавала магчымыя рэакцыі гледачоў. Ведаю, што падчас імерсіўных паказаў тэатры зрэдку, але ўсё ж сутыкаюцца з сітуацыяй, калі хтосьці з прысутных нечакана выходзяць за межы дазволенага — кране артыстаў, праяўляе агрэсію ў дачыненні да іх і гэтак далей. Канешне, фармат вельмі складаны, бо адсутнасць адлегласці сама па сабе правакуе кантакт, які можа быць больш шчыльным, чым хацелася б. Таму мы шмат увагі надаем працы з акцёрамі ў гэтым кірунку:
абыгрываем падобныя сітуацыі, шукаем мірныя шляхі вырашэння магчымых канфліктаў. Але першапачаткова імкнёмся не ставіць артыстаў у рызыкоўныя сітуацыі. Па маім меркаванні, у гэтым і заключаецца прафесіяналізм каманды, якая робіць імерсіўны спектакль: гледачы адчуваюць і поўнае занурэнне ў пастаноўку, але ўсё ж адчуваюць і мяжу, якую немагчыма перайсці.

Для большай яснасці мы паўсюль публікуем правілы існавання на такім тэатральным прадстаўленні. Яшчэ пры продажы білетаў кожнаму дадаткова тлумачыцца, што на спектаклі публіку чакае іншая рэальнасць, але з жорстка прапісанымі законамі, у тым ліку — правіламі паводзін. Перад пачаткам спектакля гледачам зноў нагадваюць пра тое, што можна рабіць, а што нельга.

“Д’ябл і сеньярыта Прым” — спектакль клубнага фармату, што прадугледжвае для гледачоў (на афішы мы пазначаем узроставы цэнз — ад 18 гадоў) магчымасць набыць бакал віна. Калі з-за гэтага хтосьці забудзецца на межы прыстойнасці, мы пакідаем за сабой права яго акуратна вывесці з пляцоўкі — для гэтага ў нас ёсць дамова з прафесійнымі ахоўнікамі.

Аднак спадзяюся, што ўсе гэтыя моманты застануцца ўсяго тэорыяй, бо мы стваралі спектакль для разумных людзей. Для тых, хто шукае шляхі для ўнутранай самарэалізацыі і ў гэтым атрымлівае задавальненне. Мы разлічваем пабачыць на нашым шоу інтэлектуальную публіку.

Спробы нязведанага

— Імерсіўны спектакль узнік у нас невыпадкова, бо з моманту заснавання тэатра мне хацелася бачыць на сцэне не толькі драматычныя спектаклі ў традыцыйным разуменні гэтага вызначэння. Наша афіша даволі разнастайная. Напрыклад, колькі ўжо гадоў праводзім маладзёжны тэатральны форум “Моц жыцця”. У гэтым сацыяльным праекце для школьнікаў, які падтрымліваецца Камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама і прысвечаны праблемам наркаманіі, мы ўпершыню паспрабавалі пазбавіцца ўмоўнай сцяны, што падзяляе публіку і акцёраў, каб выйсці да рэальнай размовы з аўдыторыяй. Тут нават нельга сказаць “гледачы”: праз пяць хвілін яны ўцягваюцца ў тэатральнае дзейства. З моладдзю ідзе размова на роўных, каб усе прысутныя змаглі адчуць, што сапраўды не існуе межаў паміж людзьмі рознага ўзросту ці сацыяльнага становішча. Тады дыялог атрымліваецца, а гэта і для нас саміх дае надзвычай карысны досвед.

У рэпертуары ёсць і спектаклі для дзяцей — прыгожыя, чуллівыя пастаноўкі. Нямала камедый, бо я лічу смех сапраўды карысным, ён дапамагае жыць, змагацца, рушыць уверх. І ўсё ж імкнуся падбіраць матэрыял, каб можна было не толькі парагатаць, але і паплакаць — смех без іншых перажыванняў пусты. А на Нацыянальную тэатральную прэмію намініраваны наш спектакль “Вераніка жадае памерці” паводле таго ж Паўла Каэльё — пра пошук апор у жыцці, калі ўжо здаецца, што ўсё бессэнсоўна.

Падаецца, што ў сваім новым спектаклі мы рызыкуем. Але ці не рызыка ўвогуле для прыватнага калектыву кожны чарговы праект? Калі я стварала наш тэатр, то першая пастаноўка таксама была творчай авантурай. Для яе мы ўвогуле многае прыносілі самі з дому. Мінулыя з таго часу дзевяць гадоў паказалі, што крок быў правільным.

Камерны драматычны тэатр ствараўся для зносін. Паглядзіце: людзі сталі радзей хадзіць адзін да аднаго ў госці, заседжвацца за размовамі на кухнях. А кухня — гэта што? Утульнасць і давер, бо сюды ты запросіш толькі таго чалавека, у якім ты цалкам упэўнены. Мы імкнёмся будаваць менавіта такі тэатр — з цёплай атмасферай, без адлегласцяў, з поўным даверам паміж гледачамі і артыстамі.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"