Паводле старажытнагрэчаскага падання, бог вятроў Эол моцна закахаўся ў Псіхею, якая была замужам за богам кахання Эрасам, і ўвесь час шукаў з ёй сустрэчы. Аднойчы, калі Эрас адсутнічаў, Эол пранік у пакой да Псіхеі і пачаў яе цалаваць у сне. Але муж нечакана вярнуўся, накінуўся на Эола і ў гневе адарваў яму крыло. Ад такога шуму прачнулася Псіхея. Разгубленая, яна ўзяла крыло ў свае рукі і пачала ім абмахвацца. І менавіта такім чынам з’явіўся веер.
І сапраўды, ён, мабыць, належыць да ліку першых прадметаў, які ўвайшоў ва ўжытак чалавека. Першапачаткова веер прызначаўся для адмахвання ад насякомых, аховы ад сонца, даваў прахалоду. Пазней стаў сімвалам улады і падкрэсліваў сацыяльнае становішча свайго ўладальніка. А потым, на працягу многіх стагоддзяў, з’яўляўся нязменным атрыбутам моды.
У Мірскім замку знаходзіцца адна з самых вялікіх і разнастайных калекцый веераў у Беларусі — агулам іх больш за шэсцьдзясят. Найбольш шырока прадстаўлены творы французскай школы, але таксама ёсць вырабы англійскай, польскай, бельгійскай, нямецкай, рускай, іспанскай, італьянскай, ірландскай і кітайскай вытворчасці. На гэтых веерах адлюстраваны галантныя сцэнкі, міфалагічныя, біблейскія і пастаральныя сюжэты. Многія з іх багата аздоблены роспісам, вышыўкай, гравіроўкай або разьбой.
Лепшыя з гэтых твораў дэманструюцца ў экспазіцыі музея. Яны дапамагаюць зразумець кожнаму, што веер — гэта не проста элегантны аксэсуар, але і самастойны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Вераніка КРАСОЎСКАЯ, малодшы навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”