Народны па прызванні

№ 45 (1380) 10.11.2018 - 17.11.2018 г

Да 75-годдзя з дня нараджэння народнага артыста
Даўно ўжо няма з намі Яўгена Патафеевіча, як няма і многіх іншых выдатных майстроў коласаўскай сцэны. І толькі памяць раз-пораз абуджае з нябыту тыя незабыўныя спектаклі, у якіх яны здзіўлялі і радавалі гледачоў.

/i/content/pi/cult/717/15664/10.JPGНарэшце яму пашанцавала!

У 1967 годзе Беларускі дзяржаўны тэатр імя Якуба Коласа аб’явіў набор у акцёрскі дапаможны склад. Сярод прагных да святла рампы маладзёнаў, якія адгукнуліся на абвестку, быў і Жэня Шыпіла.

Ён з’явіўся на свет 7 кастрычніка 1943 года ў вёсцы Відокі, што на Верхнядзвіншчыне. За плячыма ў 24-гадовага юнака была камсамольская работа, вучоба на курсах культасветработнікаў у Мінску, праца інструктарам раённага Дома культуры — і неаднаразовыя няўдалыя спробы паступлення ў тэатральна-мастацкі інстытут.

А вось кіраўніцтву Коласаўскага тэатра і яго вядучым артыстам Яўген прыйшоўся даспадобы. Ён цудоўна выконваў беларускія вершы і байкі, быў файным апавядальнікам. Апрача таго, валодаў вельмі натуральным маўленнем — той чыстай, не літаратурнай, а менавіта народнай гаворкай, якой немагчыма навучыцца, бо яе можна хіба ўвабраць разам з малаком маці. І хлопца залічылі!

Героі-аднагодкі

/i/content/pi/cult/717/15664/11.JPGУжо ў першых эпізадычных ролях малады артыст папраўдзе пераўвасабляўся ў сваіх персанажаў — хай сабе і другарадных ды не надта прывабных. Напрыклад, у Кузьму Хаценьчыка з камедыі “Амністыя” Мікалая Матукоўскага, які спрабуе ўва што б там ні стала абараніць свайго прыяцеля-сабутэльніка, нахабна хітруе, маніць, маскіруецца.

Памежнік Пятро Шчарбіна з драмы “Не турбуйся, мама!”
Надара Думбадзе — роля таксама не з галоўных, але гэты хлопец таксама запомніўся сваім акрэсленым характарам, які гартуецца ў тых варунках, калі выпрабоўваюцца мужнасць і адданасць радзіме.

Неяк непрыкметна артыст разам з яшчэ адным самародкам Леанідам Трушко перайшоў у асноўны склад трупы, у яе маладзёжнае ядро. Часцей за ўсё яму на той час даручалі сыграць тых персанажаў, якія і па ўзросце былі яго аднагодкамі: Пётр Хромаў з п’есы “Сталявары” Генадзя Бокарава, Іван Швед з “Таблеткі пад язык” Андрэя Макаёнка, Генадзь з камедыі “Укралі кодэкс” Алеся Петрашкевіча.

Сталенне і “старэнне”

Творчы пік для Яўгена Шыпілы наступае з прыходам у тэатр Валерыя Мазынскага. Яшчэ маладому на той час акцёру пачынаюць даручаць ролі іншага кшталту — узроставыя. Найперш тут прыгадваецца дзед Курыла з драматычнай балады “Сымон-музыка”. Як дакладна і па-мастацку пераканаўча Шыпіла даваў гледачу зразумець, што некалі і гэты стары меў талент музыкі, забіты ў ім потым суровай рэчаіснасцю! Працавіты і мудры чалавек перадаваў свой досвед Сымону — і сам вучыўся ад юнака бачыць хараство прыроды і шчырых чалавечых памкненняў.

Нямала сыграў акцёр на коласаўскай сцэне розных старых (Глахуна ў “Законе вечнасці” Надара Думбадзе, пенсіянер Тарон з армянскай камедыі “Заставайцеся сонцам” Арамашота Папаяна, Мульцік-Фядос з “Вечара” Аляксея Дударава). І ў кожным з гэтых герояў ён знаходзіў і знешнюю, і ўнутраную своеасаблівасць, чалавечую непаўторнасць.

У зорны час

На пачатку 1980-х бясспрэчным поспехам карысталіся пастаноўкі “Парог” і “Вечар” па п’есах Аляксея Дударава. У першай з іх артыст сыграў цэнтральную ролю Андрэя Буслая. Без перабольшання
заўважым, што гэта быў творчы пік артыста, яго зорны час. Прыблізна тады і я пазнаёміўся з ім. Прычым пазнаёміўся выпадкова — падчас аднаго з выязных спектакляў у вёсцы, дзе я тады жыў і працаваў.

Яўген Патафеевіч запрасіў мяне на прэм’еру “Парога”. На тым спектаклі яго шчырая, пранікнёная ігра выклікала авацыі. Памятаю, я, тады яшчэ малады хлопец, быў моцна ўражаны. Ды і ён сам не стрымліваў хвалявання: было відаць, наколькі глыбока ён занурыўся ў матэрыял. Шыпіла паказаў цяжкі, драматычны шлях адраджэння чалавека, абуджэнне знявечанай душы. Трэба адзначыць, часам ён захапляўся, фарсавымі, сцэнічна выйгрышнымі аспектамі ролі. Але ў фінале ўражваў глыбінёй перажыванняў, сапраўдным драматызмам.

У спектаклі “Вечар” акцёр пераконваў мудрасцю, унутраным спакоем, справядлівасцю свайго героя. Здаецца, ён не адчуваў стомленасці цяжару пражытых гадоў. Нават калі Мульцік-Фядос размаўляў з Ганнай альбо Гастрытам, яго рукі прывычна рабілі што-небудзь. Праца і адносіны да яе — гэта аснова яго чалавечых прынцыпаў і адносін да іншых людзей. Узнікала адчуванне, быццам ягоны герой прыйшоў з самаго жыцця — настолькі артыст быў праўдзівы і дакладны.

Мары здзейсненыя і няздзейсненыя

У вымаўленні тэксту, манерах паводзін, у карыстанні рэквізітам Шыпіла ўмеў паказаць народнае паходжанне сваіх персанажаў. Гэта асабліва ярка адчувалася ў яго рабоце над вобразам Несцеркі, якога яму давялося сыграць пасля народных артыстаў СССР Аляксандра Ільінскага і Фёдара Шмакава. Пра гэтую ролю ён марыў доўгія гады, вывучыў тэкст на памяць і на адным з выязных спектакляў, калі другі выканаўца захварэў, увайшоў у спектакль без аніводнай рэпетыцыі.

Хочацца ўзгадаць і яшчэ пра адну мару артыста, але няздзейсненую. Ён прагнуў сыграць Тараса са знакамітай паэмы “Тарас на Парнасе”. На жаль, спектакль паводле гэтага твора з’явіўся ў рэпертуары тэатра ўжо пасля заўчаснай смерці Шыпілы.

Ад Шэкспіра да “чалавека з народа”

Яўген Патафеевіч стварыў цэлую галерэю персанажаў у класічных творах. Гэта паштмайстар Шпекін у “Рэвізоры” — чалавек, які жыве быццам не ў гэтым свеце, тым самым сцвярджаючы яго абсурднасць, дзядзька Ваня, што занадта позна ўсвядоміў марнасць сваіх намаганняў і страчанага жыцця, апантаны прагай улады бунтаўшчык Джон Бочка ў “Генры VI” і няшчасны пакутнік Глостэр у “Каралі Ліры”.

Але найбольш блізкія і душы артыста, і яго тыпажным дадзеным, і яго менталітэту былі персанажы народныя. Напрыклад, такія, як праўдашукальнік, бяссрэбранік Ягор Палушкін у інсцэніроўцы аповесці Барыса Васільева “Не страляйце ў белых лебедзяў” (спектакль, на жаль, нядоўга пратрымаўся ў рэпертуары, але на тых, хто яго бачыў, зрабіў незабыўнае ўражанне). Або як сват Канкаліс — таленавіты вясковы эпікурэец-балагур у легендарным “Клеменсе” Казіса Саі. Або невялічкая роля інваліда Ягоравіча ў спектаклі “Адпачынак пасля ранення” паводле аповесці Вячаслава Кандрацьева — персанажа, які, нягледзячы на сваё гаротнае становішча, умее добра прыстасавацца да складаных ваенных умоў.

Хачу яшчэ адзначыць, што чалавекам гэты вядомы артыст быў шчырым і вельмі адкрытым. Памятаю, як часцяком мы з ім падоўгу стаялі на прыпынку і размаўлялі пра тэатр, пра тыя сцэнічныя вобразы, якія ён увасабляў на коласаўскай сцэне.

Не толькі тэатр

Яўген Шыпіла здымаўся і ў кіно. Прычым гэта былі не толькі эпізадычныя, але і цэнтральныя ролі ў стужках “Новая зямля” паводле Якуба Коласа, дзе ён сыграў дзядзьку Антося, і “Адна ноч” паводле апавядання Васіля Быкава, дзе акцёр стварыў драматычны, унутрана супярэчлівы вобраз Івана Валокі, які вымушаны раздзірацца паміж спагадай і пачуццём доўга.

28 лістапада 1999 года Яўгена Шыпілы не стала. Памёр ён усяго ў 56 гадоў у вёсцы Свяціцы Верхнядзвінскага раёна, там і пахаваны. На магіле пастаўлены сціплы помнік-напамін пра тое, што жыў на Беларусі з 1943 па 1999 год вясёлы чалавек, знакаміты артыст, які вельмі любіў сваю малую радзіму.

Юрый ІВАНОЎСКІ,
літаратурны рэдактар
Нацыянальнага акадэмічнага
драматычнага тэатра
імя Якуба Коласа, тэатразнаўца
Фота з архіва тэатра