Пад гукі габоя

№ 45 (1380) 10.11.2018 - 17.11.2018 г

Пайшоў з жыцця прафесар, доктар мастацтвазнаўства, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Барыс Нічкоў. Яшчэ пры жыцці яго імя стала ледзь не сінонімам выканальніцтва на драўляных духавых інструментах у нашай краіне.

/i/content/pi/cult/717/15662/6.jpgЁн прысвяціў гэтаму ўсё сваё жыццё. Шмат гадоў загадваў адпаведнай кафедрай Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а выкладаў на ёй — намнога больш. Абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі па гэтай тэме, выдаў некалькі манаграфій, прысвечаных развіццю беларускага прафесійнага духавога выканальніцтва — ад гістарычнай даўніны да сучаснасці. Зрэшты, ён не толькі даследаваў — ён сам развіваў гэтае выканальніцтва! І давёў яго да сапраўдных вяршыняў майстэрства.

Менавіта Нічкоў калісьці запрасіў у Беларусь легендарнага габаіста Аляксандра Прыходзьку. Заўважыў яго на конкурсе ў Калінінградзе яшчэ пачаткоўцам, разгледзеў талент — і ўзрасціў музыканта экстра-класа. А праз яго і паскорыў развіццё нацыянальнай кампазітарскай школы! Ледзь не ўсе буйныя творы тых гадоў утрымліваюць габойныя сола. Музыказнаўцы нават бачылі ў гэтым праяўленне нацыянальнай слыхавой генетыкі: маўляў, габой імітаваў гукі беларускіх дудак ды жалеек. Можа, так яно і ёсць, ды толькі справакавана тое было з’яўленнем выбітнага саліста, у разліку на віртуознасць якога і з’яўлялася новая беларуская музыка, уключаючы шматлікія сольныя опусы.

З класа Барыса Нічкова выйшлі і многія іншыя сёння ўжо сусветна вядомыя музыканты. Гэта Святлана Сергіенка, якая ў свой час стала сенсацыяй Усесаюзнага конкурсу, дзе звычайна перамагалі выхаванцы Маскоўскай ды Ленінградскай кансерваторый, Юрый Лікін, Ігар Ляшчышын, Вікторыя Татур, Васіль Закапец, Іван Філіпаў і многія іншыя, якія працавалі і працуюць у вядучых калектывах нашай краіны і замежжа. Сярод выпускнікоў маэстра, дарэчы, ёсць не толькі габаісты, але і вядомая флейтыстка Таццяна Кармазінава. Сапраўды, ён настолькі добра ведаў прыроду ўсіх драўляных духавых, што мог бы выкладаць ігру і на іншых інструментах — не менш паспяхова за “вузкіх спецыялістаў”.

Немагчыма пераацаніць ягоны ўнёсак у нашу нацыянальную культуру. Але ёсць яшчэ ўласна чалавечыя якасці, якая дапамагалі яму ў ягонай пачэснай справе. Ён ніколі не “ішоў па галовах”. Ён настойліва, але надзвычай спакойна, у штодзённым працоўным рэжыме — і, заўважу, без аўралаў — рушыў да пастаўленых мэтаў. Пэўна, і цяпер працягвае ісці — дакладней, плысці-лунаць дзесьці ў завоблачным далячынні. Пад гукі габоя, якія ў многіх асацыююцца з лейтматывам “Лебядзінага возера” Чайкоўскага: ці то заклік лебедзяў, ці то развітальнае клекатанне журавоў, у якіх, баюць, ператвараюцца чалавечыя душы…