Феерыя балетнага мадэрну

№ 45 (1380) 10.11.2018 - 17.11.2018 г

20 — 25 лістапада ўжо ў 31-ы раз пройдзе знакаміты IFMC — Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі. Асноўныя падзеі, вядома, разгарнуцца ў Віцебску. Але пачнецца форум, паводле традыцыі некалькіх апошніх гадоў, у сталіцы, на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. І сёлета закране нават Гомель, радзіму яшчэ аднаго харэаграфічнага свята міжнароднага разгортку — “Сожскага карагода”.

У трох адзначаных гарадах Spellbound Contemporary Ballet пакажа “Уверцюры Расіні” ў харэаграфіі Маура Астолфі. Італьянскі “дансант” адбудзецца ў рамках сусветнага гастрольнага тура, што здзяйсняецца пры фінансавай падтрымцы нацыянальнага італьянскага камітэта, які аплачвае авіяпералёт артыстаў і перавозку дэкарацый. Балет быў пастаўлены да 150-годдзя з дня смерці кампазітара, імя якога стала адным з мастацкіх брэндаў сваёй краіны.

Гэта далёка не адзіны гасцявы сюрпрыз фестывалю. Ажно тры свае новыя працы пакажа трупа “Балет Яўгена Панфілава” з Пярмі. Калектыў — равеснік IFMC, і сёлета спаўняецца 25 гадоў з часу яго першага прыезду на віцебскі форум. Менавіта дзякуючы Яўгену Панфілаву фестываль набыў у свой час цяперашні выгляд, распачаўшыся ў канцы 1980-х з аматарскага брэйку, які ў тыя савецкія часы здаваўся глытком свежага паветра.

Нельга прапусціць і чарговы двухактавы балет Раду Паклітару — яго ўласную версію “Спячай прыгажуні”. Гэтая прэм’ера ўзнікла ў рэпертуары яго аўтарскага тэатра “Кіеў Мадэрн Балет” дзякуючы швейцарскаму гранту. І ўжо скарыла прыхільнікаў сучаснага танца на штогоднім летнім фестывалі ў Адэсе.

Як заўжды, будзе і перформанс у час адкрыцця фестывалю ў Віцебску, і разнастайныя выставачныя праекты, якія сёлета з’яднаюць пластыку не толькі з фотамастацтвам, але і са скульптурамі Андрэя Вараб’ёва.

Ды ўсё ж у цэнтры фестывальных падзей, безумоўна, апынецца конкурс — тым больш, што сёлета ён таксама міжнародны. На адборачны тур, які традыцыйна праходзіць на аснове дасланых відэазапісаў, паступіла амаль сотня заявак з больш як дзесяці краін. На конкурс прымаліся кампазіцыі працягласцю не больш за 20 хвілін, але сёлета, у адрозненне ад мінулых гадоў, значна пераважаюць менавіта буйныя формы. Наколькі яны ўразяць журы, даведаемся на ўрачыстым закрыцці фестывалю — увечары 25 лістапада.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"