Новая кропка на тэатральнай карце

№ 45 (1380) 10.11.2018 - 17.11.2018 г

5 лістапада ў прысутнасці кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай, міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Бондара і іншых афіцыйных асоб быў адкрыты пасля рэканструкцыі будынак Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра на праспекце Машэрава.

/i/content/pi/cult/717/15659/5.JPGЗаснаваны ў 1984 годзе тэатр доўгі час не меў сваёй пляцоўкі, пакуль у 1987-м не атрымаў будынак былога кінатэатра “Спартак”, дзе на той момант месціўся Дом культуры работнікаў гандлю. Яго памяшканні паступова адаптавалі пад патрэбы тэатра — там з’явілася гукавое і светлавое абсталяванне, грымёркі, касцюмерны цэх і гэтак далей. Але будынак патрабаваў грунтоўнага рамонту, і ў 2010 годзе яго закрылі на рэканструкцыю, таму маладзёжны тэатр працаваў на пляцоўках Палаца рэспублікі, Палаца прафсаюзаў ці ДК Чыгуначнікаў. Толькі ў 2014 годзе калектыў пераехаў у новы будынак на вуліцы Казлова, 17. Увесь гэты час праводзіліся будаўнічыя працы на Машэрава, 33. І вось на гэтым тыдні яны афіцыйна завяршыліся — цяпер там знаходзіцца Малая сцэна Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра.

Як паведаміла “К” намеснік генеральнага дырэктара ўстановы Алена Пяроўская, зараз у рэканструяваным будынку ідуць рэпетыцыі трох ужо добра вядомых гледачам спектакляў: трэба ўпісаць дэкарацыі ў новую сцэнічную пляцоўку, развесці мізансцэны, прынаравіцца да светлавога і гукавога абсталявання.

— На Малой сцэне 1 снежня мы пакажам правераную і любімую публікай пастаноўку Міхаіла Кавальчыка “Піжама на шасцярых (згуляем у дружную сям’ю)” камедыёграфа Марка Камалецці, — кажа Алена Пяроўская. — 2 снежня чакаем гледачоў на “Варшаўскай мелодыі” Леаніда Зорына ў рэжысуры Мадэста Абрамава. Да навагодніх святаў робім падарунак юным мінчанам: 28 снежня пакажам “Старую чароўную казку” рэжысёра Канстанціна Міхаленкі. Сёлета гэты спектакль намініраваны на Нацыянальную тэатральную прэмію. Паралельна ў нашым асноўным будынку на Казлова, 17 будзе ісці ўвесь дзейны рэпертуар.

З 1 студзеня 2019 года Малую сцэну арэндуе Тэатр-студыя кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Хутка распачнецца рэканструкцыя кінатэатра “Масква”, у будынку якога ў дадзены момант працуе калектыў, таму адкрыццё новай тэатральнай пляцоўкі на карце сталіцы прыйшлося як нельга дарэчы.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"