Увайсці ў гісторыю не як варвар

№ 45 (1380) 10.11.2018 - 17.11.2018 г

Назва яго стужкі — правакатыўная і інтрыгоўная. Але гэтым разам яна не спрацавала. Румынскі рэжысёр Раду Жудэ, аўтар фільма “Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як варвары”, насамрэч увойдзе ў гісторыю, усё ж, у іншай іпастасі — як уладальнік Гран-пры юбілейнага XXV Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Ды і сам “Лістапад” у гісторыю фестывальнага кінаруху ўвайшоў даўно і зусім не па-варварску: амаль усе замежныя госці сёлетняга фестывалю адзначалі яго рэспектабельнасць, добрую рэпутацыю і дыхтоўны падыход да праграмы, у асноўны ігравы конкурс якой адбіраюць кіно краін былога сацлагеру.

/i/content/pi/cult/717/15658/4.JPG/i/content/pi/cult/717/15658/3.JPG/i/content/pi/cult/717/15658/2.JPGУ гэтым годзе найлепшым рэжысёрам конкурсу названы Цзя Чжан-Кэ за фільм “Попел беласнежны”. У кітайскай актрысы Чжаа Таа, якая сыграла ў гэтым фільме — найлепшая жаночая роля. Найлепшай мужчынскай роляй прызнана работа Сцяпана Дзявоніна ў фільме Наталлі Мешчанінавай “Сэрца свету”. Прыз за найлепшы сцэнарый да фільма “Груз” атрымаў сербскі рэжысёр Огнен Главоніч. Аператарская работа Адама Баерскага і Томаша Рафы ў польскай стужцы “Аднойчы ў лістападзе” адзначана прызам імя Юрыя Марухіна. Украінскі кампазітар Антон Байбакаў уганараваны прызам за найлепшае гукавое (музычнае) рашэнне фільма Рамана Бандарчука “Вулкан”. Спецыяльны прыз журы прысудзіла карціне “Трэцяя жонка” в’етнамскай рэжысёрскі Аш Мэйфэр.

У конкурсе ігравога кіно “Маладосць на маршы” найлепшым фільмам конкурсу імя кінарэжысёра Віктара Турава названа бразільска-партугальская стужка “Мёртвыя і іншыя” Жаана Салавіса і Рэнэ Надэра Месора. Спецыяльны прыз журы ўручыла тайскаму рэжысёру Пхуціпхонгу Арунпхенгу за карціну “Манта рэй”. Дыпломам “За парушэнне чаканняў глядацкага ўспрымання, за высакароднасць рэжысуры, за вышуканы мантаж” адзначана стужка “Пакаёўка” мексіканскай рэжысёркі Лілы Авілес. Ёй дастаўся яшчэ і прыз міжнароднага журы кінапрэсы FIPRESCI “Новыя галасы”.

У асноўным конкурсе дакументальнага кіно Гран-пры атрымала карціна “Дамашнія гульні” ўкраінскай рэжысёркі Алісы Каваленка. Спецыяльны прыз журы — у стужкі “За мяжой” польскай рэжысёркі Марты Прус. Дыпломамі “За выдатныя дасягненні” ўганараваныя фільмы “Пустэльнік” расійскага рэжысёра Арцёма Маскалёва і “Нявольніца” венгерскай рэжысёркі Бернадэт Тузы-Рытэр.

У конкурсе маладога дакументальнага кіно — конкурсе нацыянальных кінашкол прыз за найлепшы фільм — у рэжысёра фільма “Той жа боль” Петэра Санда Магнусана з кінашколы ў Лодзі. Дыплом “За аператарскую работу і мужнасць” атрымаў Бягім Жалдубай Кызы з Кыргызска-Турэцкага ўніверсітэта “Манас”. “За дасціпны арыгінальны падыход” — Імэн Чжан і Мірна Эверхард “За тое, што кажаце жыццю “так”, усведамляючы яго хуткаплыннасць” з Мабільнай кінашколы DocNomads.

У Нацыянальным конкурсе найлепшым ігравым фільмам названа стужка “Дачка” Мары Тамковіч. Найлепшым дакументальным — “Песні для кіта” Руслана Фядотава. Найлепшым анімацыйным — “Лагодны воўк” Наталіі Дарвінай. Рэжысёр кінанавэлы “Франка” ў альманаху “Вайна. Застацца чалавекам” Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў атрымаў дыплом “За выдатнае візуальнае рашэнне”. Аніматар Ігар Волчак за фільм “Ваўчышка” — “За вытанчанасць і паэтычнасць яго творчасці”.

“Залаты “Лістападзік” у конкурсе фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі прысуджаны кенійскай стужцы Лікарыёна Ванайны “Супа Мода”. Найлепшая дзіцячая роля — у тайскага артыста Шан-Хэ Хуана ў фільме “Ведае толькі мора”. Прыз за найлепшую работу дарослага акцёра ў дзіцячым фільме атрымаў Філіпа Нігра (“Пабег у Рым”). Спецыяльны прыз за найлепшы сцэнарый журы ўручыла рэжысёру з Казахстана Алдзіяру Байракімаву (“На мяжы”). Дыпломам “За найлепшае аператарскае майстэрства” ганаравана рэжысёрка з Эстоніі Мооніка Сійметс.

Па выніках глядацкага галасавання перамагла ігравая стужка “Юлі” іспанца Ісіяра Бальяіна, і дакументальная “Праект “Бабуля” венгра Балінта Рэвеса. У конкурсе “Лістападзіка” публіка больш за ўсё ўпадабала вышэй згаданы фільм “Супа Мода”./i/content/pi/cult/717/15658/1.jpg

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"