Паляшуцкі гонар і давыдгарадоцкі балет

№ 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г

Амаль дзесяць гадоў таму ў рамках велатура журналісты “К” наведалі Столінскі раён. Пабывалі мы тады і ў знакамітай на ўсю Беларусь вёсцы Гарадная, і ў самім райцэнтры, і ў Давыд-Гарадку, і ў іншых тамтэйшых паселішчах. Якія змены на культурнай карце краю адбыліся за гэты час? Ці паўсталі тут новыя брэнды і наколькі яны паспяховыя? І самае галоўнае: якія праблемныя пытанні, узнятыя тады “К”, ужо вырашыліся, а якія завіслі ў мёртвым пункце? Пра гэта я вырашыў даведацца, выправіўшыся ў новую камандзіроўку па тых самых мясцінах.

/i/content/pi/cult/716/15653/16.JPGMade in Гарадная

Што і казаць, сувязі з гэтым кутком Брэсцкай вобласці ў нашай газеты — сталыя і непарыўныя. Гэтаму, натуральна, спрыяе і начальнік аддзела культуры мясцовага райвыканкама Васіль Заруба, які актыўна ўдзельнічае ў рэдакцыйных анлайн-канферэнцыях і “гарачых лініях” ды
заўсёды запрашае на вялікія імпрэзы, якіх ладзіцца ў раёне нямала. А журналістка Галіна Гашчук і мясцовыя бібліятэкары ды клубнікі пастаянна і аператыўна дасылаюць нам інфармацыю пра культурнае жыццё Століншчыны.

Балазе, навінаў — больш чым дастаткова. Згадаю хаця б пра тое, што на сёлетні VІ Міжнародны пленэр ганчароў-керамістаў, па словах цяперашняга дырэктара Цэнтра ганчарства Васіля Казачка, прыехалі ажно 30 майстроў-ганчароў з розных краін свету.

— І сама Гарадная, і міжнародны пленэр ганчароў, і наш Цэнтр ганчарства ўжо зрабіліся сапраўдным брэндам не толькі Столінскага раёна, а і ўсёй Беларусі, — перакананы кіраўнік установы. — Да нас едуць павучыцца ганчарнай справе, нас запрашаюць да сябе ў госці майстры-глінамесы з розных куткоў свету. Напрыклад, колькі гадоў таму мы пабывалі на фестывалі ганчарнага мастацтва ў Скапіне — ганчарным цэнтры Разаншчыны, горадзе-пабраціме Століна. Прымалі нас як сапраўдных сяброў — вельмі шчыра і з цеплынёй.

Што да “матчасткі” Цэнтра ганчарства, дык яна за гэтыя гады сапраўды значна пабагацела. У рамках Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010 — 2015 гады былі набыты тры электрычныя ганчарныя колы, электрапеч, шкляныя вітрыны для экспанатаў выставачнай залы. З’явілася і электрычная глінамялка. Да таго ж, плошчы Цэнтра ганчарства павялічыліся, і цяпер у ім прадстаўлены дзясяткі экспанатаў ад майстроў глінянай справы з розных куткоў Еўропы і Азіі.

Дарэчы, па словах Васіля Казачка, Цэнтр плануе і далей “прырастаць” памяшканнямі, а таксама набываць вітрыны для дэманстрацыі экспанатаў. Тым больш, вырабаў, якія яскрава паказваюць усе мастацкія здольнасці глінамесаў розных краін свету, у фондах назапасілася за гэты час багата.

Вось так гліна, якая, па словах гараднянцаў, “не змішуецца ні з чым” і з якой можна зрабіць “шчо заўгодна”, з даўніх часоў і да сёння з’яўляецца сапраўднай візітнай карткай вёскі. Сваім традыцыйным майстэрствам мясцовыя майстры спрыяюць вядомасці Цэнтра ганчарства, на адкрыццё і абнаўленне якога ў свой час было скіравана нямала фінансавых сродкаў раённага бюджэту. Так што гэты крок мясцовых улад, як мы бачым, цалкам сябе апраўдаў.

Магчыма, варта і далей працаваць над рэалізацыяй планаў па ператварэнні Гарадной у сапраўдны цэнтр беларускага ганчарства. Чаму б, напрыклад, не заснаваць у паселішчы рэспубліканскі музей, прысвечаны гэтаму ўмельству? Дзе ж яшчэ размясціць падобную ўстанову, як не ў старадаўнім цэнтры ганчарнай справы? Праўда, напісаць пра гэта значна лягчэй, чым ажыццявіць у рэальнасці.

Баба Ліпа запрашае

Не, пра гэта варта сказаць абавязкова: у “раскрутку” глінянага брэнда вёскі многа сіл і парываў сваёй душы ўклала і колішні дырэктар Цэнтра  — Алімпіяда Дзмітрыеўна Леанавец. Яна і цяпер шчыруе на культурнай ніве Гарадной, з’яўляючыся супрацоўнікам Музея-сядзібы ганчара, што месціцца непадалёк ад галоўнай культурнай установы паселішча.

— Канечне, калі параўноўваць з ранейшымі часамі, дык за мінулыя гады матэрыяльная база Цэнтра ганчарства ў Гарадной сапраўды значна палепшылася, — кажа Алімпіяда Дзмітрыеўна, якую мясцовыя ды і заезджыя заўсёднікі ласкава клічуць бабай Ліпай. — Памятаю, якімі дрэннымі ганчарнымі кругамі мы карысталіся на першым пленэры. Цяпер жа — зусім іншая справа!

За дзясятак гадоў заўважныя змены адбыліся і ў Музеі-сядзібе ганчара. Установа месціцца ў звычайнай сялянскай хаце, дзе падчас экскурсіі ты даведваешся шмат цікавага пра звычайны побыт стогадовай даўніны. Таксама тут, па словах Алімпіяды
Леанавец, можна і бульбачку запячы ў грубцы, і на ложак старадаўні прылегчы пераначаваць, і нават пасядзець каля вогнішча на панадворку.

— Трэба, на маю думку, каб Музей-сядзіба была ўстановай інтэрактыўнай і адкрытай, каб наведвальнікі тут пачувалі сябе вольна — і часцей да нас прыязджалі, — кажа Алімпіяда Дзмітрыеўна. — Таму мы цяпер актыўна над гэтым працуем. А яшчэ прапагандуем палескія спевы з удзельнікамі аматарскага аб’яднання, што працуе пры ўстанове.

Дарэчы, словы пра адпачынак у хаце ганчара — невыпадковыя. Як і шмат у якіх патэнцыйна прыцягальных для турыстаў мясцінах, Гарадная, на жаль, не можа пахваліцца наяўнасцю памяшканняў для начлегу. І турысты, якія сюды завітваюць, вымушаны пасля агляду тамтэйшых адметнасцяў зноў сядаць у машыну ці аўтобус і ехаць за 25 кіламетраў у Столін — толькі там ёсць прыстойная гасцініца.

Дарэчы, менавіта так і рабілі многія наведвальнікі апошняга Міжнароднага пленэру ганчароў. Ды і самі майстры з розных краін свету, што з’ехаліся тады ў Гарадную, вымушаны былі часова кватараваць у памяшканнях мясцовай школы.

Мажліва, для спешчаных выгодамі сучаснай цывілізацыі замежных турыстаў гэта і сталася нейкай
“разынкай” мерапрыемства, але, зразумела, разлічваць на вялікі прыток наведвальнікаў у Гарадную пакуль не даводзіцца. І інтэрактыўная сядзіба ганчара, дзе можна будзе пераначаваць, безумоўна, прывабіць да сябе сваім аўтэнтычным начыннем і нязмушаным сэрвісам. Бо, пагадзіцеся, не толькі замежніку, але і беларусу-гараджаніну будзе прыемна пераначаваць у старадаўняй хаце, на ільняных посцілках і ў атачэнні вырабаў мясцовых ганчароў. Асабіста я паабяцаў “бабе Ліпе”, што ў хуткім часе так абавязкова і зраблю, завітаўшы ізноў у Гарадную.

“Коныкы” і імперскі балет

Яшчэ колькі вядомых брэндаў Століншчыны “прапісаліся” ў Давыд-Гарадку. Гаворка — не пра аўтара “Лістоў да А.” і не пра князя Давыда, помнік якому ўзвышаецца на цэнтральнай плошчы паселішча, а пра абрад “Коныкы”, які штогадова збірае сотні і нават тысячы ўдзельнікаў.

— Мы мяркуем, што ў хуткім часе гэтай аўтэнтычнай мясцовай традыцыі будзе нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, — кажа Васіль Заруба. — Дакументы ў адпаведныя структуры ўжо пададзены. Чакаем разгляду нашай заяўкі!

Але ж гэта, натуральна, не ўсе навіны. Дзесяць гадоў таму, падчас нашай журналісцкай паездкі, мы былі надта здзіўлены тым, што мясцовы Дом культуры аказваецца месціцца ў будынку былога касцёла! Натуральна, такое “кватараванне” назваць прыемным і зручным ні для наведвальнікаў, ні для вернікаў язык проста не паварочваўся.

Але цяпер усё змянілася. Дзякуючы прынцыповай пазіцыі старшыні Столінскага райвыканкама Рыгора Пратасавіцкага (які доўгі час адказваў у райвыканкаме за ўвесь сацыяльны сектар і таму пра праблемы мясцовай сферы культуры ведае не з чужых словаў), а таксама пры дапамозе абласных улад, летась у Давыд-Гарадку прайшлі рэгіянальныя Дажынкі, якія значна змянілі сацыякультурнае аблічча гарадскога пасёлка.

Па-першае, у паселішчы з’явіўся Музей гісторыі горада. Установу, адкрытую ў былым будынку гарсавета, вельмі чакалі ў Давыд-Гарадку, пра што мы пісалі яшчэ дзесяць гадоў таму. Так што чаканні, нарэшце, спраўдзіліся. Па-другое, быў адноўлены будынак былога кінатэатра, што месціўся акурат на цэнтральнай плошчы. Менавіта пасля правядзення ў ім рамонтных работ сюды пераехаў Дом культуры Давыд-Гарадка разам з бібліятэкай.

— Цяпер нам сапраўды ёсць дзе разгарнуцца: утульная глядзельная зала на 150 месцаў, а танцавальная — яшчэ большая, — не хаваючы радасці, казаў дырэктар установы і даўні знаёмы Міхаіл Шыкунец, які сустрэў мяне на ганку ГДК. — Так што “ўлазіны” для нас сталі радаснай падзеяй!

Цяпер кіраўнік дбае пра напаўненне атрыманых плошчаў. Напрыклад, па яго словах, установа распачала супрацоўніцтва з балетнай студыяй “Імперскага рускага балета” пад кіраўніцтвам Гедэмінаса Таранды і ўжо набрала блізу 80 ахвотных
займацца танцамі. Ці з’явяцца на Палессі свае Маі Плясецкія — пакажа, натуральна, час, але Міхаіл Шыкунец у поспеху не сумняваецца. Балазе, партнёры паабяцалі яму не толькі метадычную, але і фінансавую падтрымку.

Дарэчы будзе сказаць, што будынак касцёла быў перададзены мясцовай каталіцкай парафіі, якая, доўга не марудзячы, таксама хутка зрабіла ўсе неабходныя перабудовы і цяпер ладзіць у вернутым храме свае набажэнствы. Так што, як бачна, у выніку ўсе засталіся задаволены.

У цеснаце ды не ў крыўдзе

Ці, скажам так, амаль усе. Бібліятэка Давыд-Гарадка, якая месціцца ў тым жа будынку абноўленага ГДК, мае, на жаль, толькі адно не надта вялікае памяшканне, у якім знаходзіцца і месца для бібліятэкара, і два сталы для чытання газет, і фондасховішча на 12 з гакам тысяч кніг і часопісаў. Карацей, як пісала колісь у сваім вершы Цётка, тут “цесна, вузка, мала”…

— Сапраўды, памяшканне ў бібліятэцы Давыд-Гарадка замалое для такога буйнога населенага пункта, — адзначыў дырэктар Столінскай РБС Іван Ляшкевіч. — Нам нават
прыйшлося набыць стэлажы, якія можна механічна рухаць па рэйках, каб задзейнічаць наяўную плошчу, што называецца, напоўніцу. Таму бібліятэкары ладзяць свае мерапрыемствы ў шчыльным кантакце з супрацоўнікамі ГДК, выкарыстоўваючы для гэтага актавую і танцавальную залы ўстановы.

Праблема нястачы вольных плошчаў у бібліятэцы, мабыць, адзіная. Бо ёсць тут і камп’ютарная тэхніка, і новая мэбля, і 34 найменні газет і часопісаў (дарэчы, вялікі выбар падпісных выданняў — візітная картка ўсіх бібліятэк Століншчыны, у чым, натуральна, заслуга і раённага кіраўніцтва), і цэнтр прававой інфармацыі, і аматарскае аб’яднанне “Спадчына”. Людзі сюды завітваюць пастаянна, таму бібліятэкарам Таццяне Стахейка, Ганне Немчанка і Ларысе Коўка сумаваць проста няма калі.

Ды і задумаў цікавых хапае. Праз месяц — другі ў суседнім з Давыд-Гарадком паселішчы Альпень бібліятэкарамі будзе ладзіцца свята ў памяць аўтара “Пінскай шляхты” Дуніна-Марцінкевіча. Мясцовы краязнавец і дыялектолаг Іван Ляшкевіч, з якім мне давялося пабачыцца, перакананы, што знакаміты твор быў напісаны беларускім класікам менавіта там. А прататыпы герояў п’есы — гэта тыя рэальныя альпенскія палешукі, якіх Дунін-Марцінкевіч сустракаў падчас свайго гасцявання ў вёсцы. Што ж, магчыма, гэта яшчэ адзін будучы брэнд Століншчыны, які чакае свайго рэальнага ўвасаблення. Тым больш, невялікі музей, які распавядае, у тым ліку, і пра жыццё ды творчасць пачынальніка беларускай драматургіі, у паселішчы ўжо створаны.

Ідэя на кансервацыі

Як бачна, здабыткі супрацоўнікаў сферы культуры Століншчыны багатыя і разнастайныя. Між тым, брэндаў тут магло быць і болей. Гаворка, у першую чаргу, пра сядзібу роду Алешаў у Нова-Беражным, у якую дзесяць гадоў таму мы таксама завітвалі падчас велападарожжа. Тады планавалася, што ў хуткім часе там паўстане музейна-турыстычны комплекс. У занядбаным палацы меркавалі зрабіць гасцінічныя нумары, музейную і канферэнц-залу, пакой для прыёму гасцей, сталовую.

— На жаль, мы паспелі толькі выканаць праектна-каштарысную дакументацыю, адрамантаваць на сродкі з раённага бюджэту дах будынка і добраўпарадкаваць прылеглы парк, — кажа Васіль Заруба. — Цяпер аб’ект знаходзіцца ў закансерваваным стане. А працяг будаўнічых работ залежыць, натуральна, ад фінансавання.

Што ж, фінансы, як вядома, справа тонкая. І калі раней можна было спадзявацца на Дзяржаўную праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся, дык цяпер цяжар справы па аднаўленні сядзібы ў Нова-Беражным лёг на плечы раёна. Між тым, яго бюджэт, як вядома, не гумовы. Але ж да ўпарадкавання Давыд-Гарадка рукі ў мясцовых і абласных улад усё ж такі
дайшлі. Цалкам магчыма, што з цягам часу дойдуць і да сядзібы Алешаў. Прынамсі, хацелася б на гэта спадзявацца.

Ген баяніста

Баяніст Мікалай Вайцяхоўскі з 1975 года працаваў настаўнікам Столінскай дзіцячай школы мастацтваў, а ў 2005-м стаў дырэктарам гэтай установы. Кіруе калектывам з 27 педагогаў упэўнена і з веданнем справы. Да таго ж з’яўляецца ўдзельнікам Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь — народнага хору “Крыніца”.

Ягоны сын Фёдар, якому яшчэ ў 2007 годзе рашэннем Столінскага райвыканкама было прысвоена ганаровае званне “Малады чалавек года” ў галіне культуры, з’яўляецца стваральнікам і салістам іншага Заслужанага калектыву — інструментальнага ансамбля “Брыз”, а таксама педагогам школы. Інструмент ён, дарэчы, абраў той самы.

І калі з Мікалаем Мікалаевічам мы доўга гутарылі пра надзённыя праблемы ўстановы (не хапае тут духавога аддзялення, у хуткім часе плануецца пераезд у новы, больш сучасны будынак, але ж пярэбары — гэта заўсёды клопаты), дык з Фёдарам Мікалаевічам — пра творчыя планы і зараджэнне “Брыза”, у які ўваходзяць пераважна настаўнікі школы мастацтваў. Дарэчы, “цякучкі кадраў” у ансамблі не назіраецца, у чым, безумоўна, заслуга кіраўніка калектыву, які яшчэ дзесяць гадоў таму здолеў сабраць вакол сябе аднадумцаў.

І “Брыз”, і “Крыніца” на сёння з’яўляюцца вядучымі калектывамі на Століншчыне. Пра іх ведаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі — у Расіі, Літве, Польшчы ды іншых краінах, дзе яны гастралююць.

А калі вы думаеце, што пра дынастыю Вайцяхоўскіх гаворку я ўжо завяршыў, дык глыбока памыляецеся. У школе мастацтваў вучыцца ў класе баяна сын Фёдара Глеб. Адпаведна, дынастыя жыве і развіваецца. А калі яшчэ даведацца, што першым кіраўніком хору “Крыніца” быў Мікалай Рыгоравіч Вайцяхоўскі — родны дзядзька Мікалая Мікалаевіча, дык упэўніваешся: гены ніколі не губляюцца і сапраўды перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Паляшук з персанальнай адказнасцю

Не магу не распавесці і пра яшчэ адзін брэнд Століншчыны. На гэты раз гаворка пра Пятра Астапчука, якому на нядаўнім VI Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” было прысвоена званне “Ганаровы паляшук”. Бронзавую статуэтку яму ўручаў міністр культуры Беларусі Юрый Бондар.

Пётр Іванавіч — кіраўнік ансамбля народнай музыкі “Выцінанка”, які працуе пры Столінскім гарадскім Доме культуры і мае статус заслужанага. Але перш за ўсё ён — філосаф, з якім можна размаўляць гадзінамі — што, дарэчы, мы з ім і зрабілі.

Якая музыка ў іншых народаў свету? Як ставяцца да сферы культуры за мяжой? Як захаваць сябе і сваю аўтэнтыку, сваю беларускую, палескую песню ва ўмовах глабалізацыі? На гэтыя і многія іншыя пытанні шукае адказы Пётр Астапчук, і мае свае меркаванні па кожнай узнятай праблеме.

Дапамагаюць вырашаць гэтыя пытанні і паездкі за мяжу. Напрыклад, “Выцінанка” выступіла на пляцоўцы Нацыянальнага павільёна Беларусі на Сусветнай выставе “ЭКСПА — 2015” у Мілане (Італія), скарыўшы сваімі спевамі і танцамі наведвальнікаў форуму.

— Наш калектыў выступаў там цягам усяго мая, — кажа Пётр Астапчук. — Штодня ўдзельнікі ансамбля давалі па тры — чатыры канцэрты! Размовы з наведвальнікамі,
узіранне ў касцюмы прыезджых калектываў, услухоўванне ў іх песні… Усё гэта застаецца ў маёй душы да сёння!

Дарэчы, за адметныя выступленні ў Італіі калектыў быў узнагароджаны Граматай Савета Міністраў Беларусі. А праз два гады “Выцінанка” дэманстравала свае творчыя здольнасці ўжо ўдзельнікам выставы “ЭКСПА — 2017” у сталіцы Казахстана Астане.

Расказаць можна яшчэ пра многае, але адзначу галоўнае: Пётр Іванавіч сёння актыўна збірае фальклор, ведае ўсе адметнасці палескай гаворкі (напрыклад, у яго родным паселішчы Вялікія Арлы кажуць “цёце, хадзеце, купеце”), стварае новую канцэртную праграму, дзе будзе і этніка, і джаз, і яўрэйскія матывы, адчувае персанальную адказнасць за Палессе. І, натуральна, ганарыцца сваім краем. Таму што паляшук — гэта гучыць горда.

Цяпер на Століншчыне тры Ганаровыя палешукі — раней гэтае званне атрымалі народны майстар разьбы па дрэве Іван Супрунчык і старшыня СВК “Фядорскі” Рыгор Дзямко. Але ж, як кажуць у народзе, хату без чатырох вуглоў не пабудуеш. Так што ўпэўнены: у хуткім часе ганаровых палешукоў на Століншчыне абавязкова паболее.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"