Кантрапункты “Анастасіі”

№ 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г

Паказ балета “Анастасія” ў Вялікім тэатры стаў вынікам папраўдзе тытанічнай працы. Яго стварэнне пачалося пяць гадоў таму, адразу пасля мінулай нацыянальнай прэм’еры — балета “Вітаўт”, які быў падрыхтаваны амаль той жа творчай камандай. Спектакль стаў трэцім праектам тэатра, зладжаным пры спонсарскай падтрымцы, на гэты раз — “Беларуськалія”.

/i/content/pi/cult/716/15650/12.JPGНа прэс-канферэнцыі стваральнікі ледзь не ў адзін голас гаварылі пра тое, што імкнуліся не паўтараць ні “Вітаўта”, дзеянне якога адбываецца прыблізна ў той жа час (дакладней, на стагоддзе пазней), ні кінастужку “Анастасія Слуцкая”. Ідэя ўвасобіць у балеце чарговую гістарычную асобу нарадзілася ў самім тэатры, і першы намеснік генеральнага дырэктара па творчых пытаннях Уладзімір Рылатка звярнуўся да драматурга Анатоля Дзялендзіка, якому належаў сцэнарый згаданага фільма. Кампазітар Вячаслаў Кузняцоў даволі хутка напісаў музыку, але пасля працэс запаволіўся. Нарэшце ўсё адбылося — і першымі гледачамі, яшчэ да афіцыйнай прэм’еры, сталі сотні салігорскіх шахцёраў.

Балет сапраўды атрымаўся іншым — не столькі пра абарону горада войскам на чале з княгіняй, колькі пра само яе жыццё, поўнае кахання і трагедый. Пра тое, наколькі актыўна ўдасканальваўся спектакль, прычым літаральна да апошняга моманту, сведчаць два крыху адрозныя варыянты фіналу лібрэта: першы змешчаны ў часопісе “Партэр”, другі — непасрэдна ў праграмцы, надрукаванай наконадні прэм’еры.

У сваёй новай працы балетмайстар Юрый Траян пазбегнуў некаторых ранейшых недахопаў. У масавых сцэнах (за выключэннем, бадай, Калядаў) вялізная прастора ўжо не выглядае пустой. З большай фантазіяй і разнастайнасцю вырашаны мужчынскія паядынкі. Акцэнтавана тое, што ў “Вітаўце” ўдалося харэографу найлепей, а менавіта — лірычныя Адажыа: у “Анастасіі” іх ажно чатыры.

Вельмі выразны і пачатак балета. У цемры пустой сцэны мы бачым падсветлены ці то нейкі пянёк, ці то корч — белы, засохлы, з аблупленай карой. І раптам яго выцягнутая галінка становіцца дзявочай рукой, ажывае — і дрэва ператвараецца ў гераіню. Цудоўны старадаўні, яшчэ дахрысціянскі сімвал! Але далей ён, на жаль, ніяк не развіваецца.

Цікавая ідэя ёсць і ў пачатку Адажыа Анастасіі з памерлым мужам Сямёнам. Знаходзячыся на адлегласці, героі выконваюць рухі, уласцівыя сумесным танцам — быццам у мроях. Чаму б не развіць тую думку надалей — замест таго, каб вымушаць артыстаў скакаць па сцэне, бы ўсё наяве?

Самы яркі пластычны
лейтматыў атрымлівае дачка татарскага хана Ахмата Заіра. Але чамусьці той жа шпагат і гэткі ж выхад з яго аднойчы ўзнікае і ў Анастасіі. Сярод мужчынскіх вобразаў, створаных сродкамі харэаграфіі, а не адно касцюмамі, вылучаецца мужны бацька галоўнай гераіні. А вось Сямён і Міхаіл Глінскі больш запамінаюцца разнастайнымі падтрымкамі той самай Анастасіі, чым уласнымі сола.

Заяўленая “харэаграфічная легенда” часам ператвараецца ў пластычна-танцавальны спектакль, бо ў некаторых сцэнах залішне многа неадаптаваных побытавых рухаў, простай хады. Не заўсёды правамернымі ўяўляюцца спасылкі на іншыя творы. Каб гэта ўспрымалася прыёмам, спасылкі павінны несці дадатковы змест. Можна зразумець, калі ў татарскіх сцэнах узнікае цытата з “Палавецкіх скокаў”. Але чаму Анастасія цягне ваяроў на бітву бы палонных рабоў у “Спартаку”? Чаму баляванне на вяселлі гераіні нагадвае “Танец рыцараў” з “Рамэа і Джульеты”? Падобных “нестыковак” хапае — і яны бянтэжаць куды больш за самі запазычванні, даўно ўласцівыя для мастацтва.

Салісты робяць усё магчымае каб “ажывіць” сваіх герояў. У партыі Анастасіі зацікавіла не толькі прызнаная Ірына Яромкіна, але і Людміла Уланцава — з кранальнай выразнасцю рук і ступняў, асабліва ў пачатку першай дзеі. Юрый Кавалёў і Алег Яромкін удала перадаюць усю супярэчлівасць характару Міхаіла Глінскага, лінія якога акрэслена не менш ярка, чым цэнтральнай гераіні.

Спачатку спектакль ставіўся на шэсць розных складаў. Потым з іх засталося тры. Кожны з артыстаў, сярод якіх многа моладзі, уклаў у працу над балетам часцінку свайго таленту і душы. Зрэшты, кардэбалету яшчэ ёсць над чым працаваць.

У сцэнаграфіі вабяць твары святых, “падгледжаныя” мастаком Аляксандрам Касцючэнкам у Спаса-Ефрасіньеўскім манастыры ў Полацку. Дзякуючы асвятленню, выявы змяняюць свой “настрой”, застаючыся сімвалам вечных духоўных каштоўнасцей. Але ці “працуюць” яны напоўніцу ў гэтым спектаклі? І чаму слуцкія хаткі ХV — ХVI стагоддзяў на задніку адлюстраваныя праз карціну Марка Шагала?

/i/content/pi/cult/716/15650/13.jpgА якую ролю адыгрываюць шырокія штыкеціны частаколу, падобныя да каменных надмагілляў? Тым больш, што яны застаюцца на сцэне цягам усёй дзеі: і ў княжым палацы, і ў татарскім стане. Поўны месяц сваім бляскам нагадвае шар клубнай дыскатэкі, зорнае неба і снег — спецэфекты дзіцячых ранішнікаў.

Сцэнічныя строі, прыдуманыя Кацярынай Булгакавай, — яркія, прыгожыя, ды не заўсёды яны асацыююцца з так званым “залатым векам” беларускай культуры. Затое менавіта праз касцюмы глядач найперш ідэнтыфікуе дзейных асоб.

Адзіны складнік, які асабіста ў мяне не выклікае сумневаў, — прафесійна напісаная Вячаславам Кузняцовым музыка. Як заўжды ў яго балетах яна вобразная, пластычная, эмацыйная, сатканая з лейтматываў і дзейснага сімфанічнага развіцця. У ёй чуюцца водгукі і кантавай культуры, якая ў тыя часы яшчэ толькі пачынала ў нас нараджацца, і іншых старадаўніх інтанацыйных пластоў. А мудрагелістая ўсходняя рытміка ўтойвае неверагодны энергетычны патэнцыял, здольны перадаваць, у залежнасці ад выканання, то ваенную навалу, што змятае ўсё на сваім шляху, то неўтаймаванае свята.

Даволі годным было аркестравае выкананне. Вядома, любы новы твор патрабуе куды больш сцэнічных рэпетыцый, асабліва пры ўліку напружанага графіку музыкантаў, у звязку з чым на чарговым прагоне можа быць зусім іншы склад. Але відаць, што дырыжор-пастаноўшчык Андрэй Галанаў уважліва паставіўся да партытуры, каб данесці да публікі ўсё яе багацце і драматургічныя кантрасты.

На жаль, такое ж чуйнае ўслухоўванне ў тонкасці тэмбравага развіцця не заўсёды адчуваецца ў сцэнічнай дзеі: у музыцы — відавочная масавасць, на сцэне — сола. І наадварот. Пагаджуся, падобная “кантрасная поліфанія” (ці, паводле іншага азначэння, “драматургічны кантрапункт”) — адна з рысаў сучаснага мастацтва. Але каб гэта паўставала менавіта наўмысным спалучэннем супрацьлеглага, а не прыкрай недарэчнасцю, павінна быць глыбокая філасофская аснова, на якую балет не разлічаны. Так, у ім ёсць імклівае развіццё сюжэту з нечаканымі паваротамі, дзе пластыка ілюструе літаратурны тэкст лібрэта, Адажыа — фіксуюць пачуцці. Але ў ХХІ стагоддзі хочацца чагосьці большага, чым проста эмацыйны аповед.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"