“Вераснёўцаў” адметны свет

№ 29 (847) 19.07.2008 - 25.07.2008 г

У верасні 1989 года адбыўся сход мастакоў-графікаў, з якога і пачалося аб’яднанне “Верасень” Беларускага саюза мастакоў. Станкавісты і мастакі кнігі, акварэлісты і майстры малюнка сабраліся разам, каб, як яны падкрэслівалі самі, сцвярджаць сваёй творчасцю высокія маральныя і духоўныя агульначалавечыя каштоўнасці. Сёлета Палац мастацтва прапанаваў наведвальнікам выстаўку-справаздачу “вераснёўцаў”, якая праходзіць традыцыйна раз на два гады.

 /i/content/pi/cult/169/1565/Verasneucy.jpg

М.Казлоў. “Індыя”.

Творцы імкнуліся паўстаць перад публікай у розных іпастасях. Так, Сяргей Волкаў разам з акварэльнымі жартаўлівымі замалёўкамі для часопіса “Вожык” выставіў графіку. Побач з партрэтамі ён змясціў серыю “Эмоцыі”. Скандынаўскія матывы дапамаглі аўтару раскрыць вобраз моцных жанчын, якія з мужчынскай настойлівасцю ствараюць неабходны для іх хатні агмень. Сваім “Маўчаннем” яны здольны прыручыць дракона і абаронным мячом здабываюць сямейны “Спакой”.
Усевалад Швайба звяртаецца да ўлюбёнай многімі творцамі тэмы сусветнага змяшэння моў. У яго “Вавілоне” паўсядзённа варыцца чароўнае зелле глабалізацыі з гаворак гарадоў. Мікола Рыжыкаў вяртаецца да нацыянальных каранёў, выводзячы на першы план народныя матывы “Ганчара-музыкі” і ўзнаўляючы на паперы ў аўтарскай тэхніцы “Гальшанскі замак”.
Надзвычай папулярнай сярод графікаў ізноў стала казачная тэматыка. І калі Лізавета Пашчасцева прадставіла, шчыра кажучы, даволі стандартныя “Ілюстрацыі да дзіцячых казак”, то Мікалай Казлоў выставіў малюнкі, якія не проста дубліруюць тэкст, а ствараюць асобны свет, абуджаючы дзіцячую фантазію. У іх маленькія чытачы змогуць уявіць шаманскую “Індыю”, завесці доўгую гаворку з мудрым карпам з “Кітая” і пашпацыраваць з неверагоднымі жывёлінамі па “Афрыцы”.
На лірычны лад настройвала акварэльная частка выстаўкі. “Чырвоныя і жоўтыя цюльпаны” Яўгена Жыліна нібы расцякліся ад цёплага дажджу па аркушы, дорачы кожнаму кавалачкі мяккага вясновага сонца.Завірухі Ірыны Лобан сярод “Зімы” з’ядналі зямлю і неба снежным вэлюмам. У акварэльнай смузе заззяў у паўдзённым мройве “Храм святога Іллі ў вёсцы Косынь” Міхаіла Міронава, які працягвае пісаць серыю “Праваслаўныя храмы Беларусі”. Яўген Саковіч расказаў публіцы аб вострай халоднасці паўночнага ззяння “Вечнасці”.
Жывапісцы прадэманстравалі насычаныя спякотай і колерам карціны. Ілона Касабука абудзіла фарбамі дынны пах сонечнага “Поўдня” і спляла з “Простых кветак” філасофскія сады сузіранняў. Міхаіл Моўчан расквеціў “Месяцовую ноч” адпускным настроем, а Уладзімір Шнарэвіч перанёс гледачоў на імгненне да “Лета ў Базэлі”.
Выстаўка стала чарговым пацвярджэннем правільнасці галоўнага памкнення мастакоў аб’яднання: яны перакананы, што, нават часам і не падзяляючы прафесійных і стылёвых пошукаў адзін аднаго, сумеснае напружанае творчае жыццё, актыўная выставачная дзейнасць, добразычлівыя адносіны, павага да думкі кожнага дапамогуць вырашыць многія праблемы і дазволяць з надзеяй глядзець у будучыню.

Настасся ПАНКРАТАВА