Андрэй КРЭЦУЛЕСКУ: “Хваля” румынскага кіно не спала”

№ 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г

З румынскім рэжысёрам Андрэем КРЭЦУЛЕСКУ беларуская публіка пазнаёмілася яшчэ на мінулым “Лістападзе”, калі яго фільм “Чарльстон” яркім сполахам завяршыў праграму конкурсу “Маладосць на маршы”. Дэбютная карціна былога кінакрытыка, поўная музыкі, іроніі і сінефільскай настальгіі, атрымала спецыяльны дыплом на мінскім кінафоруме. Сёлета аўтар “Чарльстона” вяртаецца да нас ужо сябрам журы асноўнога конкурсу ігравога кіно.

/i/content/pi/cult/716/15649/11.JPGФільм “Чарльстон” распавядае кранальную гісторыю сустрэчы двух мужчын праз адну жанчыну. Іана загінула ў выніку няшчаснага выпадку, і яе муж цяжка перажывае страту. Нечакана на ганку дома героя з’яўляецца Себасцьян, які прадстаўляецца каханкам Іаны і прапануе дапамогу засмучанаму ўдаўцу. Фільм у чымсьці адсылае да вядомай карціны Валерыя Тадароўскага “Каханак”, але зроблены ў іншай традыцыі. “Чарльстон” Крэцулеску — гэта папраўдзе новае румынскае кіно. Адштурхнуўшыся ад сваіх вядомых папярэднікаў, якія працавалі пераважна ва ўльтрарэалістычнай манеры, яно спрабуе выйсці ў абшары іншага кінематографа, неабыякавага да стылю і спалучэння жанраў.

— Андрэй, прагледзеўшы ваша кіно, немагчыма не ўзнавіць у памяці французскія камедыі 1970-х. Наколькі дарэчнымі падаюцца вам такія параўнанні?

— Вы маеце рацыю. Я вельмі люблю не толькі французскае, але італьянскае кіно 1960 — 1970-х, і чуць падобныя ацэнкі для мяне заўжды камплімент. Прыкладам, на кінафестывалі ў Лакарна адзін кінакрытык параўнаў маю карціну з фільмамі Дына Рызі. А хтосьці ўзгадаў славутую стужку “Зануда” класіка французскай камедыі Эдуара Малінаро з Ліно Вентура і Жакам Брэлем у галоўных ролях. Гэтыя творцы і сапраўды вельмі моцна на мяне паўплывалі, і
параўнанні з імі для мяне — гонар. Нельга сказаць, што я адмыслова рабіў амажы на гэтыя або іншыя французскія ці італьянскія карціны, але пэўнага адчування прысутнасці гэтага кіно я хацеў дамагчыся.

— Яшчэ адна важная адметнасць вашай карціны — гэта музычны шэраг. Падчас прагляду, мы з калегай нават паспрабавалі запісаць пару трэкаў на тэлефон.

— О, дзякуй! І тут вы не памыліліся. Я вельмі люблю музыку і нават не ўяўляю, як можна пражыць жыццё без яе. Упэўнены, што не здолеў бы зрабіць кіно без гэтага кампанента. Наш саундтрэк складаецца з дзвюх частак. Першая — гэта музыка французска-італьянскага гурта, які адмыслова для “Чарльстона” напісаў пяць арыгінальных кампазіцый. Другая частка — гэта ўжо напісаныя раней песні, якія я адбіраў пад розныя сцэны, а таксама дзеля таго, каб раскрыць розныя станы герояў.

— У вашай карціне ёсць сцэна, дзе два галоўныя персанажы-мужчыны танцуюць такі дасціпны, але, разам з тым, меланхалічны танец. Эпізод проста немагчыма забыць. Гэта і ёсць той самы чарльстон, у якім няма правілаў?

— Гэтая сцэна, прызнаццца, не была запланавана. Вырашыў яе ўключыць даволі позна, літаральна за два месяцы да здымак. Я падумаў: невядома калі яшчэ ў мяне атрымаецца запусціць другі “поўны метр”. (А я вельмі хацеў зняць стужку, дзе будзе танцавальная сцэна). Таму чакаць не буду і зраблю такі эпізод у “Чарльстоне”. І зрабіў. Потым ужо пачаў перасцерагацца. Маўляў, абавязкова хтосьці падыдзе да мяне і скажа: “Андрэй, трэба быць больш сур’ёзным. Нельга “лупіць” танцавальную сцэну ў сярэдзіне фільма. Тым больш, калі тваё кіно падымае важныя пытанні”. І я ўсё чакаў падобных заўваг ды папрокаў, але ніхто не падыходзіў і нічога такога не казаў. Больш за тое: гэтую сцэну ўсе прынялі! І вось тады я зразумеў, што ў нас атрымалася зрабіць кіно, якое палюбіў глядач. Што публіка здолела прачытаць тую жарсць і любоў, якія мы закладвалі ў стужку.

А што да адметнасці чарльстона, які мы абыгрываем у назве фільма… Нагадаю, што ў гэтым танцы можна не толькі рухацца як хочаш, але нават мяняць партнёра. Тут ужо чарльстон працуе як метафара стасункаў галоўных герояў.

— Асабіста для мяне ваша стужка стала вялікай палёгкай і радасцю пасля іншых фільмаў-канкурсантаў — у тым ліку, і асноўнага конкурсу ігравога кіно. Кажу гэта, не змяншаючы значнасці работ вашых калег. Ці адчуваеце вы сваё асаблівае месца ў гэтай палітры мастацкіх выказванняў?

— Мы жывём ў такі час, калі нам неабходныя фільмы, якія падымаюць сур’ёзныя пытанні. Гэта тое, у чым сучасны глядач сапраўды мае патрэбу. І я магу толькі вітаць грунтоўнасць праграмы фестывалю “Лістапад”, на які мне пашчасціла быць запрошаным. Але, прызнацца, і сваё кіно я таксама лічу не толькі прыгожым ці адметным па форме. Яно закранае важную тэму — як перажыць страту блізкага чалавека. Асабіста мяне гэтае пытанне хвалюе надзвычайна — прызнацца, літаральна ўводзіць у жах. Я баюся не ўласнай смерці ці хваробы, а менавіта страты дарагіх людзей. Мне нават страшна пра гэта падумаць.

З іншага боку, мне не хацелася рабіць сваё кіно “перагружаным”. Я імкнуўся дамагчыся такога эфекту, каб падчас прагляду чалавек станавіўся трошкі шчаслівей. Гэта, вядома, было і застаецца задачай няпростай, але ўсё, што было ў маіх сілах, я выканаў.

— Ці адчуваеце вы сябе часткай “новай хвалі” румынскага кіно, якое скарыла міжнародныя пляцоўкі напрыканцы 2010-х? Або адасабляецеся ад яе і далучаеце сябе ўжо да новай генерацыі?

— Цяжка сказаць. Мне падаецца, што маё месца лягчэй вызначыць іншаму чалавеку, а не мне самому. Я дваццаць гадоў працаваў кінакрытыкам і шмат напісаў пра румынскае кіно. Але цяпер выступаю ўжо ў іншай іпастасі, і таму дзяліцца сваімі думкамі на гэты конт не лічу карэктным. Адно магу сказаць — хваля румынскага кіно не спала. Маладыя рэжысёры прапановаўваюць новыя погляды на прыкладзе сваіх работ, і гэта мяне вельмі радуе, бо яны не паўтараюць сваіх папярэднікаў. Румынскае кіно становіцца ўсё больш разнастайным — і гэта здорава!

— Ці можна на вашым прыкладзе сказаць, што ў ім з’явіўся новы трэнд — на стылёвае кіно, нуар?

— Мне падаецца, гэтая стылізацыя — зусім не новы трэнд. Аддаваць даніну колераваму рашэнню або таму, як рухаецца камера, — ўсё гэта было ў старым-добрым кіно. Варта прызнаць, што сёння шмат рэжысёраў, асабліва тых, хто здымае ва Усходняй Еўропе, прытрымліваюцца традыцый рэалізму. І часам сапраўды можна папракнуць аўтараў у тым, што яны ідуць па пратаптанай дарожцы. Але, мяркую, час новых рэжысёраў яшчэ прыйдзе.

У маім жа выпадку я проста раблю тое, што мне цікава. І, безумоўна, рады, калі вы знаходзіце маю карціну вартай увагі.

 — Цікава, ці глядзіць сваё кіно румынскі глядач?

— Дзіўная рэч, але скарыўшы буйныя фестывальныя пляцоўкі, мы, на жаль, да гэтай пары не заваявалі свайго гледача. Гэта для нас вялікая праблема: румыны не хочуць хадзіць у кінатэтары на нацыянальнае кіно. Яно для іх ці надта сумнае, ці поўнае адчаю, ды нават, выбачайце, нейкое дурное. Кажуць і такое. Гэта, вядома, прыкры факт. Аднак я разумею і тое, што імгненна любові да сваіх аўтараў у публікі не з’явіцца. Гэта доўгі працэс, і дзеля таго, каб перацягнуць гледача з, умоўна кажучы, “Чалавека-павука” на румынскае кіно, спатрэбіцца шмат вытрымкі і вынаходніцтва, шмат добрага і разнастайнага кіно. І іншых варынтаў у дадзенай сітуацыі ў нас няма. Спадзяюся, што пакрысе яна будзе змяняцца.

— Ці сказаліся перамогі румынскага кіно на яго падтрымцы з боку дзяржавы?

— У нашай краіне працуе Нацыянальны кінафонд, дзе аўтары могуць атрымаць грант на свой праект. Але гэта, па шчырасці, невялікія сумы. Трэба наладжваць сувязі, шукаць партнёраў за мяжой, уваходзіць у кааперацыю з Расіяй, Венгрыяй, Германіяй, Францыяй, кім заўгодна. І быць увесь час храбрым і настойлівым, каб дасягнуць сваёй мэты. Трэба ўвесь час выходзіць вонкі, да свету і шукаць тых, каму твой праект
прыйдзецца даспадобы. Ды не адмаўляцца ад надзеі, што сітуацыя ў тваёй краіне па падтрымцы кінематаграфіі зменіцца ў лепшы бок.

— Усё вельмі падобна да нас, толькі ў нас няма кінафонду.

— Магу пажадаць сваім беларускім калегам быць ўпартымі і шчырымі. Калі вы адчуваеце, што ў вашай душы нараджаецца кіно, — ідзіце і рабіце яго, нягледзячы на недахоп сродкаў ці рэсурсаў. Не чакайце і не пагаджайцеся на кампрамісы, не дазваляйце нікому збіць вас з дарогі. Я так рабіў сваё першае кіно і ні пра што цяпер не шкадую.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"