Батлейка з няпростым лёсам

№ 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г

Не вінаватых шукаем, а паспрабуем дапамагчы парадай
Батлейка — гэта казка, увасобленая ў прымітыўнай фанернай скрыні і ў хрэстаматыйным наборы лялек. Увогуле усё вялікае складаецца з дробных, на першы погляд, рэчаў. У кожнай батлейкі — свой лёс. Вось вам эпізод жыццяпісу батлейкі Івана Кірчука — музыканта, кампазітара, фалькларыста, пісьменніка, выкладчыка, нязменнага кіраўніка этна-трыо “Троіца”. Варта толькі дадаць напачатку, што батлейка для гурта — не проста тэатр, а абавязковы канцэртны антураж, своеасаблівыя дэкарацыі да сцэнічнай дзеі.

/i/content/pi/cult/716/15647/8.JPGТуды

Прыгоды батлейкі Кірчука вядомыя цяпер многім прыхільнікам калектыву: апошнім часам пра іх шмат пісалі СМІ. “К” узялася за яе дэталізацыю толькі таму, што літаральна днямі стала вядома: шматгадовая гісторыя з трывожнай інтрыгай у фінале мае досыць аптымістычнае заканчэнне. Але хопіць прэамбул.

Па словах Івана Іванавіча, у 1999 годзе “Троіца” і ўласны музей Кірчука былі запрошаны на адзін з буйных фальклорных фестываляў у Галандыі. Цягам дзесяці дзён у спецыяльным ангары зранку для дзяцей і дарослых дэманстраваліся лялечныя спектаклі, а ўвечары ладзіліся канцэрты гурта. Галандцы самі аплацілі пярэбары музея з Мінска. Пэўны час батлейка заставалася там: прымала ўдзел у тэатральных фестывалях, прэзентавалася ў дзіцячых садках. А потым музей пераехаў у Польшчу, дзе захоўваўся ў варшаўскага менеджара гурта.

Асноўная прычына працяглых гастроляў батлейкі ў тым, што мінскі музей Кірчука значна вырас за кошт набыцця новых экспанатаў — да прыкладу, музычных інструментаў. І ў Беларусі батлейку банальна не было дзе захоўваць. Частку экспанатаў, якія выстаўляліся ў педуніверсітэце імя Максіма Танка, дзе Кірчук раней працаваў, пасля яго звальнення давялося вывезці на лецішча. Потым калекцыя месцілася на новым месцы працы Івана Іванавіча — у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКіМ.

Назад

14 верасня музыканту споўнілася 60 гадоў. З гэтай нагоды ён вырашыў сабраць усю сваю калекцыю разам з батлейкай і зладзіць шэраг выстаў і канцэртаў. Іх арганізацыяй
займаўся прадзюсар Яўген Калмыкоў. Менавіта ён узяўся дапамагчы Івану Кірчуку вярнуць сваю маёмасць.

І вось, напрыканцы лета “Троіца” адправілася на чарговы фэст у Казань, а Калмыкоў з належнымі паперамі накіраваўся ў Польшчу — забіраць батлейку ды іншыя экспанаты. З сабою ён меў натарыяльную даверанасць і пакет дакументаў на прадметы калекцыі.

— На кожным дакуменце, — распавядае кіраўнік “Троіцы”, — было абумоўлена і вяртанне батлейкі. Але на мяжы Калмыкова з музеем і батлейкай спынілі беларускія мытнікі. Багаж быў узважаны. Калекцыя не мае матэрыяльнай каштоўнасці, што было пацверджана дакументальна, а таму выявілася, што трэба плаціць за перавышэнне агульнай вагі значную суму еўра, якой проста не было. Таму Калмыкоў па маім загадзе забраў калядную зорку і батлеечных лялек, і завёз у Гайнаўку частку экспанатаў музея. А вось трохпавярховая фанерная батлейка засталася на мяжы.

Гэта цяпер зразумела, што пытаннем павінен быў займацца сам Кірчук, як уладар батлейкі і калекцыі, а не Калмыкоў — асоба трэцяя...

Натуральна, на дапамогу Кірчуку прыйшло Міністэрства культуры краіны. Але пакуль вялася перапіска з мытняй, батлейку завезлі ў Брэст, у краму, дзе гандлююць канфіскатам.

Іван Іванавіч тым часам з’ездзіў у Гайнаўку ды забраў астатнюю частку сваёй калекцыі. Цяпер яна экспануецца на адной з аграсядзіб у ваколіцах роднай для Кірчука Ліды. Паўтаруся, у Мінску для ўсяго этназбору па-ранейшаму не стае месца.

Хэпі-энд

Балазе ў “Троіцы” шмат сяброў. Адзін з іх пазаўчора выкупіў у брэсцкай краме канфіскату фанерны корпус батлейкі. Кошт пытання (ці выратавання) бадай сімвалічны — 55 рублёў 10 капеек. І вось, учора гэтая скрыня вярнулася ў Мінск, у добра знаёмы ці не ўсім работнікам культуры будынак інстытута па вуліцы Каліноўскага.

Высновы

Для мяне асноўная праблема тут не ў выкупе батлейкі. Тым больш, што аналагічных прэцэдэнтаў мы проста не ведаем. Наадварот, хачу выказаць удзячнасць нашым мытнікам, якія ставяць надзейны заслон незаконнаму правозу за мяжу сапраўдных твораў мастацтва. Крамы канфіскату з’яўляюцца адной з крыніц стабільнага папаўнення фондаў нашых музейных устаноў.

Праблема ў іншым. Дасюль у Беларусі няма асобнага музея традыцыйнай народнай творчасці, дзе маглі б быць размешчаны калекцыі Кірчука. У тым ліку і калекцыя батлеек, бо ў Івана Іванавіча іх — нават тры. А пакуль не варта доўга думаць, дзе музей размяшчаць. Бадай, самае прыдатнае месца — згаданы Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Курсантаў тут пастаянна шмат, існуе этналабараторыя. Чаму б не з’явіцца там і этнаграфічнаму музею, экспазіцыйныя залы якога займелі б працяг у навучальных аўдыторыях? Нашым работнікам культуры — толькі на радасць.

P.S. І ўсё ж мы вырашылі даць рэкамендацыі ад кампетэнтных асоб нашым мастацкім калектывам, якія выпраўляюцца на гастролі за мяжу і вязуць з сабою дэкарацыі, інструменты, касцюмы і гэтак далей, а таксама народным майстрам, якія выстаўляюць уласныя работы на разнастайных кірмашах і форумах, каб тыя былі упэўнены ў беспраблемным праходжанні свайго багажу праз мытню. Пра гэта — у наступных нумарах газеты.

Дарэчы

На пенсію пакуль зарана

У свеце яе называюць па-рознаму: жлоб, віфлеем, вяртэп, остлейка, шопка, батляемка… Батлейку Івана Кірчука зрабілі на пачатку 1990-х мінскія рэзчыкі. Анатоль Муравейка займаўся корпусам, а яго маладзейшы калега Зміцер Барысёнак выразаў наверша — калядную зорку. Пагадзіцеся, атрымалася і проста, і вытанчана. У гэтым — асаблівы шык рамесніцкай навукі. Але корпус — гэта толькі корпус. Са скрыні ў батлейку яго ператвараюць лялькі.

Балванкі пад лялькі вышынёй (дакладней — ростам) у 30 — 35 сантыметраў выканаў майстар з Маладзечна, прозвішча якога, на жаль, Кірчук не памятае. Не забылася толькі тое, што разьбяр цара Ірада зрабіў, а вось Чорта, Смерць і Сатану — катэгарычна адмовіўся. Сітуацыю выратаваў мінскі мастак Лявон Сакалоў. Ён і колькасць лялек павялічыў, і сваімі фарбамі стварыў кожнай з іх аблічча ды характар. Цяпер у складзе “трупы” батлейкі Кірчука — больш за трыццаць драўляных акцёраў.

Яе працоўны стаж адлічваецца з 1992 года. Спектаклі, канцэрты, выставы… Усіх не пералічыць. У той “датроічны” час у Івана Іванавіча быў гурт “Дзіва”. Менавіта ў яго складзе батлейка ўпершыню выехала за межы Беларусі і ўразіла беларускай аўтэнтыкай гледачоў у Краснадары. Затым асмялела і пачала асвойваць далёкае замежжа: Боснію і Герцагавіну, Галандыю… З таго часу паспела стаць неад’емнай часткай і свету, і “Троіцы”. Аднак роднай Беларусі здраджваць не збіраецца.

Пасля ўсіх выпрабаванняў, якія для яе, хочацца верыць, ужо скончыліся, на заслужаны пенсійны адпачынак батлейка не збіраецца. Прызвычаілася яна, ведаеце, да вірлівага гастрольнага жыцця. Таму спадзяемся ўбачыць яе ў новых уражвальных праектах Івана Іванавіча!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"