Жменя роднай зямлі

№ 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г

У Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць выстава, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння Яўгена Куліка (1937 — 2002). Мастак не меў ганаровых званняў, не быў лаўрэатам прэстыжных прэмій, абмінулі яго і ўрадавыя ўзнагароды. Дарэчы, і творчая спадчына Яўгена Куліка ў колькасным вымярэнні не ўражвае: некалькі графічных серый, некалькі праілюстраваных кніг, а ўсё астатняе гэта эскізы, накіды, эцюды — усё тое, што лічыцца падрыхтоўчым матэрыялам. Інструментарый мастака, як на сённяшняе вока, быў вельмі сціплым. Побач з тэхнічна складанымі работамі сучасных графікаў ягоныя творы глядзяцца як стары чорна-белы тэлевізар сярод плазменных экранаў. І ўсё ж ён — адна з самых значных постацей нацыянальнай культуры.

/i/content/pi/cult/716/15645/mirskiy-zamok1 (1)_opt.jpegЯўгену Куліку вельмі пасаваў бы дэвіз Напалеона Орды “Хто хоць жменяй зямлю носіць, той уздзвігне гору”. Па сутнасці, Кулік быў духоўным спадкаемцам згаданага творцы і справу рабіў тую ж. Напалеон Орда ў ХІХ стагоддзі занатоўваў для гісторыі рэшткі Беларускай Атлантыды — Вялікай Літвы. Яўген Кулік прайшоў пехатою ці не ўсю Беларусь, каб на свае вочы пабачыць, што засталося пасля дзвюх сусветных войнаў і сумніўных сацыяльных эксперыментаў, ад той культурна-гістарычнай спадчыны, якую Орда яшчэ мог памацаць рукамі. Пабачыць, засведчыць, зафіксаваць пачуццё страты ў гістарычнай памяці нацыі і такім чынам падрыхтаваць глебу для будучага Адраджэння — і канкрэтных храмаў, замкаў, палацаў, і самаго духу Ліцвінства на беларускай зямлі. Калі б Кулік дажыў да сённяшняга дня, ён быў бы ўсцешаны тым, што справа яго жыцця мае плён. Ёсць ягоны ўнёсак у тым, што адроджаныя Мір і Нясвіж, часткі гістарычнай забудовы ў нашых гарадах і мястэчках, што стаяць помнікі героям беларускай даўніны, ладзяцца выставы і выдаюцца кнігі, на якіх выхоўвацца патрыёты.

Згадваючы дэвіз Орды, пра Куліка можна сказаць, што насіў чалавек разам з такімі ж як ён рупліўцамі беларускай справы жменяй зямлю, а ў выніку сёння мы стаім на высокай гары, з якой відаць і тысячагадовую гісторыю нашай дзяржавы, і далягляды яе будучыні.

На адкрыцці выставы слова пра творцу гаварылі тыя, хто добра ведаў Яўгена Куліка, хто высока цэніць яго як мастака і шануе як сябра. Сама выстава адбылася таму, што Яўгену Сяргеевічу пашчасціла на сваякоў, якія захавалі ягоныя творы, і на сяброў, якія дбаюць пра ягоную памяць. Але ніхто не можа ведаць, што будзе заўтра. Усялякае ў жыцці здараецца, і не цяжка змадэляваць сітуацыю, калі захоўваць спадчыну гэтага творцы сённяшнім спадкаемцам стане праблематычна, тады няўцямным стане і лёс калекцыі. Малюнкі Яўгена Куліка маюць каштоўнасць дакумента, бо на іх дакладна адлюстраваны цэлы пласт нашай гісторыі ў часы не надта спрыяльныя для беларускай справы. А калі так, дык да іх мусяць мець доступ навукоўцы. Значыць месца ім — у дзяржаўным архіве альбо ў музейным фондзе.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"