У пошуку камедый

№ 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г

Чатыры п’есы трапілі ў фінал конкурсу Comedy.by. Да канца лістапада журы вызначыць, камедыя па якім з гэтых тэкстаў папоўніць рэпертуар аднаго з драматычных тэатраў.

Нагадаем, конкурс пачаўся ў сакавіку. На разгляд журы аўтары з розных гарадоў Беларусі даслалі 42 п’есы. У шорт-ліст трапілі наступныя: “Жаданне 16+” Мікалая Рудкоўскага, “Мяккія гісторыі” Аляксандра Палубінскага, “Сёння” Данііла Філіповіча, “Сусед”
Паўла Пражко. Асобна журы таксама адзначыла яшчэ некалькі тэкстаў: “Як лаўрэаты да Стакгольма за прэміяй паехалі…” Аляксандра Хацкевіча, “Лёгка перастаць быць богам” Віктара Красоўскага, “Метро” Аляксандра Савухі.

Конкурс праводзіць Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі разам з адкрытым акцыянерным таварыствам “Ашчадны банк “Беларусбанк”. У склад журы, якое ўзначаліў мастацкі кіраўнік РТБД Аляксандр Гарцуеў, таксама ўвайшлі рэжысёры, тэатральныя крытыкі, прадстаўнікі іншых тэатраў сталіцы. “К” — інфармацыйны партнёр падзеі.

Гэта ўжо другая спроба заахвоціць айчынных драматургаў да стварэння п’ес. Пазалетась вынікам падобнага конкурсу да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання сталі пастаноўкі спектакляў “Кар’ера доктара Рауса” па п’есе Віктара Марціновіча (РТБД) і “Скарына” па п’есе Мікалая Рудкоўскага (Магілёўскі драматычны тэатр).