Музычны ўраджай восені

№ 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г

У сталічнай філармоніі адкрылася “Беларуская музычная восень” — адзін са старэйшых фестываляў у нашай краіне, традыцыі якога закладаліся яшчэ з сярэдзіны 1970-х. Як заўжды, гэты буйны форум працягнецца месяц — літаральна да зімы.

/i/content/pi/cult/716/15643/6.JPGАле гэта зусім не значыць, што наведванне філармоніі можна адкласці “на потым”: адметныя канцэрты тут здараюцца ледзь не штовечар. А ў фестывальную афішу ўвогуле трапляюць толькі самыя-самыя! Дарэчы, пачалася “…Восень” незвычайным суладдзем музыкі з тэатрам. Валерый Анісенка паказаў монаспектакль “Дырыжор”, прысвечаны сусветна вядомаму маэстра Мішы Кацу, які апошнім часам жыве ў Францыі. І пасля антракту за пульт стаў сам віноўнік урачыстасці, каб прадырыжыраваць “Кармэн-сюітай”, у час рэпетыцыі якой і разгортваецца згаданая п’еса ізраільскага драматурга Лявона Агулянскага. За два дні да гэтай падзеі ў філармоніі адбылася творчая сустрэча з Мішам Кацам.

Дарэчы, тэатралізацыя канцэртаў, у тым ліку акадэмічнай музыкі, — адна з тэндэнцый апошняга часу. Як і “сяброўства” джаза, рока і эстрады з лепшымі сімфанічнымі калектывамі. Вось і на гэты раз: Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі выступіць разам з трыа Себасцьяна Студніцкага (Германія).

Як заўжды, будзе многа фартэпіяннай музыкі — запланаваны нават асобны Дзень піяніста! Чым не дадатковае свята? Не саступяць і іншыя інструменты: міжнародны праект “Брава, акардэон!” з’яднае нашага Уладзіслава Плігаўку і расіяніна Мікіту Уласава. Будзе і віяланчэльны вечар, і сугучча іншых салістаў, некалькі адметных харавых, аркестравых канцэртаў.

Суцэльным марафонам стане віншаванне з 80-годдзем народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца. Ён стане за пульт і сімфанічнага аркестра, і роднага народнага. Ды ўсё ж кульмінацыяй юбілейных ушанаванняў і ўсёй “Беларускай музычнай восені” стане сусветная прэм’ера твора сучаснага кампазітара Ларысы Сімаковіч “Скарына. Вяртанне. Сем сцэн жыцця”. Не прапусціце!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"