Салонныя сакрэты раскрыты

№ 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г

Вялікая выстава-продаж “Восеньскі салон з “Белгазпрамбанкам”, што доўжылася з 4 кастрычніка ў сталічным Палацы мастацтва, заўтра завяршае сваю працу. Цягам апошняга месяца наведвальнікі галасавалі за ўпадабаных аўтараў, а ўчора свой выбар зрабіла і міжнароднае журы.

/i/content/pi/cult/716/15642/5.JPGНагадаем, умоў для ўдзелу мастакоў было толькі дзве — грамадзянства Рэспублікі Беларусь і ўзрост ад 18 да 40 гадоў. У экспазіцыю трапілі работы 146 аўтараў з усёй Беларусі. Пераможцамі абраны Алена Гіль, Уладзімір Сакалоўcкі, Алеся Жыткевіч. Прыз для кожнага — грашовая стыпендыя ў памеры 12 500 рублёў, каб год мастакі маглі працаваць над праектамі для наступнага салона. Працы, зробленыя пры такой жа ўмове фінансавай падтрымкі, на сёлетняй выставе прэзентавалі пераможцы “Восеньскага салона — 2017” — Кацярына Шымановіч, Сяргей Ашуха, Наталля Кірылка, Аляксандр Веледзімовіч і Алеся Скарабагатая.

Журы таксама адзначыла дыпломамі творы Сяргея Рубашкі, Групы 12, Канстанціна Ладошкіна, Алёны Галавіной. Сёлета рашэнне прымалі пяць замежных экспертаў: Давіле Тамкутэ — мастак і арт-менеджэр з Літвы, Марыя Ланько — куратар і крытык з Украіны, Яра Варга — мастак і куратар са Славакіі, Гаспар Манас — мастак, кансультант і куратар з Італіі, Анна Бауэр — куратар з Германіі.

Яшчэ адну грашовую прэмію ў тым жа самым памеры, як і пераможца, атрымае і Алеся Скарабагатая, якая зноў атрымала прыз глядацкіх сімпатый. Летась яе работу наведвальнікі таксама ўпадабалі больш за ўсіх. На другім месцы народнага галасавання — Ілля Спрынжук. На трэцім — Аляксандр Бельскі.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"