Акцёр у фестывальнай стыхіі

№ 44 (1379) 03.11.2018 - 10.11.2018 г

Учора распачаўся XXV Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Гэтая падзея — выдатная магчымасць не толькі наведаць эксклюзіўныя паказы кіно, але і сустрэцца з яго стваральнікамі. Адным з першых VIP-гасцей юбілейнага форуму прыляцеў у Мінск заслужаны артыст Узбекскай ССР Рустам САГДУЛАЕЎ. Напярэдадні цырымоніі адкрыцця журналісты “К” сустрэліся з незабыўным Рамэа з фільма “У бой ідуць адны старыя”, каб пацікавіцца ў яго першымі ўражаннямі і чаканнямі ад сёлетняга фестывалю.

/i/content/pi/cult/716/15640/1.jpg— Я крыху збянтэжыўся, калі ўбачыў, колькі людзей у аэрапорце мяне сустракала, колькі аб’ектываў было скіравана ў мой бок, — прызнаўся артыст. — Мы, акцёры, успрымаем кожнае запрашэнне на кінафестываль з вялікай радасцю — гэта наша стыхія, у якой мы пачуваемся бы рыбы ў вадзе. Калі мне сказалі, што мне наканавана стаць ганаровым госцем “Лістападу”, я ажно здумеўся: “Аказваецца, вось як бывае!”

Але мне было прыемна працаваць на “Лістападзе” і ў якасці члена журы — гэта цудоўная магчымасць паглядзець шмат добрых фільмаў. Тым болей, тады, у 2014-м, склад журы быў выключна добрым. Узначальваў яго Павел Чухрай, а ўваходзілі туды такія асобы, як Лідзія Федасеева-Шукшына, Галіна Волчак, Таццяна Дароніна… Душа фестывалю Расціслаў Янкоўскі, валадарства яму нябеснае, запрашаў у Мінск сапраўды маштабныя постаці — і ўсе ехалі. Нібы не такая ўжо вялікая ваша краіна, а якога міжнароднага размаху ўдалося дасягнуць гэтаму кінафоруму!

У Мінск Рустам Сагдулаеў прыляцеў літаральна са здымачнай пляцоўкі ў родным Ташкенце. Пасля “Лістапада” — зноў здымкі, але ўжо ў Маскве.

— Цяпер, канечне, усе больш серыяламі займаюцца, але пакуль ёсць работа, трэба працаваць, — лічыць ён. — У Маскве ў “Вялікім небе” граю пілота — камандзіра авіяатрада, дзеянне адбываецца ў сярэдзіне 1970-х. Ёсць і іншыя тэлепраекты. Але вельмі рады, што я тут. Калі не здарыцца ніякіх форс-мажораў, разлічваю пабыць у вас да 5 лістапада і спадзяюся за гэты час паспець убачыць нямала добрых фільмаў .

Выбраць нешта канкрэтнае ў размаітым фестывальным меню артыст яшчэ не паспеў з-за свайго шчыльнага графіка здымак. Але ўпэўнены, што на “Лістападзе” можна смела ісці на любы паказ.

— Сюды не адбіраюць фільмы, якія не маюць ніякіх адносінаў да кіно, — кажа Рустам Сагдулаеў. — Гэта не той выпадак, калі глядач заплаціў грошы, пагрыз семак ці
папкорну, пайшоў дадому — і адразу забыўся, што ён глядзеў. “Лістапад” многія лічаць самым добрым фестывалем, і паняцце “дабрыня” тут не пусты гук.

Фестываль у Мінску нагадвае мне савецкі час — у лепшым сэнсе. Я асабіста згадваю яго з цеплынёй, бо памятаю стаўленне людзей адзін да аднаго ў тую эпоху. Больш за 25 гадоў таму мы згубілі нашы сувязі, і таму вельмі рады магчымасці прыехаць сюды і ўбачыць, што ў вас адбываецца, сустрэць сваіх даўніх сяброў. Паболей бы такіх фестываляў!

“Кіно мусіць весці да катарсіса”

Ганаровай госцяй юбілейнага “Лістапада” запрошана і народная артыстка РСФСР Святлана Немаляева, якая таксама прыняла ўчора ўдзел у цырымоніі адкрыцця.

— Мой муж Аляксандр Лазараў сябраваў з вядомым беларускім рэжысёрам Віктарам Туравым, — распавядае пра свае сувязі з Беларуссю Святлана Уладзіміраўна. — У мяне неаднаразова былі здымкі ў Мінску. І я памятаю, як сустракалі нас тут. Аднойчы жанчына, якая адказвала за рэквізіт, зладзіла нам на здымачнай пляцоўцы сапраўдны прыём, прыгатаваўшы разнастайныя стравы беларускай кухні. Як гэта можна забыць?

/i/content/pi/cult/716/15640/2.JPG— Тое, што сёння адбываецца ў расійскім кіно, мяне і хвалюе, і бянтэжыць, — адказвае народная артыстка Расіі на пытанне аглядальніка “К” пра стан сучаснага расійскага кіно. — Непакоіць празмернае захапленне крымінальнай тэматыкай, шматлікімі дэтэктывамі, рознага кшталту даследаваннямі. З іншага боку, і фестывальнае кіно часта дэманструе нейкі беспрасветны змрок, у якім немагчыма жыць, дзе людзям няма чым дыхаць. Яно таксама не спаталяе прагу душы па светлым і вечным. Кіно, на мой погляд, мусіць весці да катарсісу, і гэтага я шукаю ў сучасных работах. Усе мы памятаем фільмы Георгія Данелія, Эльдара Разанава, людзі іх глядзяць і да гэтай пары цэняць.

І дзякуй Богу, што мае апошнія акцёрскія працы акурат адбыліся ў добрых карцінах. Нядаўна мне ўдалося сыграць у фільме Сяргея Ліўнёва “Ван Гогі” — там ў мяне невялікі эпізод, карціна выйдзе на экраны ў 2019 годзе. А таксама раней мне пашчасціла выканаць галоўную ролю ў стужцы неверагоднага мастака Руслана Хамдамава “Мяшок без дна”. Удзел у ёй можна лічыць вяршыняй майго творчага жыцця! Вельмі рада, што мая кар’ера працягваецца работай з такімі майстрамі.

“Пазнаючы белы свет”

/i/content/pi/cult/716/15640/3.JPGТакі сёлетні слоган фестывалю невыпадковы: гэта зварот да народнай артысткі Украінскай СССР Кіры Муратавай, сярод рэжысёрскіх здабыткаў якой — фільм з такой назвай.

Дарэчы, яе стужка “Захапленні” была адной з 14 карцін самага першага “Лістапада” ў 1994 годзе, і потым Кіра Георгіеўна неаднаразова прыязджала сама прадстаўляць свае фільмы ў Мінску. Арганізатары марылі бачыць яе і на юбілейным 25-ым фестывалі, аднак… Рэжысёрка, якая скаланула сэрцы мільёнаў гледачоў, пайшла з жыцця ў чэрвені гэтага года.

— Мы не збіраліся рабіць ніякага спецыяльнага паказу, хацелася проста яе негалоснай прысутнасці тут, — кажа дырэктар праграм ігравога кіно фестывалю “Лістапад” Ігар Сукманаў. — Кіра Георігеўна любіла прыязджаць да нас. Напэўна, нават адзін з яе апошніх міжнародных ваяжаў быў менавіта ў Мінск. Яна ставілася да нашай публікі з асаблівай сімпатыяй, лічыла яе адукаванай і ўважлівай. Памятаю аншлаг у вялікай зале “Кастрычніка” на яе фільме “Настройшчык”. Людзей цягнула да яе як магнітам. Мне хочацца верыць, што моманты шчасця і яднання гледача і аўтара адбываліся ў нас на фестывалі падчас тых “кароткіх сустрэч” з Кірай Муратавай. Яна любіла глядзець фестывальныя фільмы, калі прыязджала сюды. І ў памяць пра яе мы праводзім яго, “Пазнаючы белы свет”.

Наперадзе насычаны тыдзень пазнавання — да 9 лістапада пакажуць каля паўтары сотні ігравых і дакументальных стужак з усяго свету ў конкурсных і пазаконкурсных праграмах. У наступным нумары мы раскажам, якое кіно больш за ўсё ўразіла розныя склады міжнароднага журы і гледачоў “Лістапада”.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"