Жывапіс у паветры і байцоўскія куры

№ 43 (1378) 27.10.2018 - 03.11.2018 г

Ёсць мастакі, чыю “наскасць” сёння трэба даводзіць з пенай ля рота — бо на іх даўно і сур’ёзна прэтэндуюць іншыя культуры, ды і самі творцы пры жыцці не надта выразна вызначалі ўласную нацыянальную прыналежнасць. Класік сучаснага мастацтва Польшчы Лявон ТАРАСЭВІЧ — не з іх кагорты. Яшчэ ў юнацтве ўсвядоміўшы сваю беларускасць, жыхар вёскі Валілы (што зусім непадалёк ад мяжы) беларусам і застаецца. Што асабліва прыемна, класік гэты (у адрозненне ад многіх іншых) — жывы! З ім можна цікава пагутарыць на добрай беларускай мове. На жаль толькі, аказій бракуе — у Мінск ён завітвае нячаста. Але калі такое, усё ж, здарылася, і мастак прыехаў для ўдзелу ў вялікім праекце ZBOR, не выпадала грэбаваць магчымасцю ўбачыць легенду жыўцом.

/i/content/pi/cult/715/15631/8.JPG— Адзіная ваша буйная выстава адбылася ў Беларусі недзе чвэрць стагоддзя таму, у 1993-м, здаецца…

— Для мяне тады было вельмі важна яе прывезці. Гэта былі першыя гады беларускай незалежнасці, перыяд фарміравання новага культурнага асяроддзя. Лічыў патрэбным зрабіць нейкі свой унёсак у гэтую справу.

— Але чаму тая персаналка ў Палацы мастацтва апынулася пакуль што апошняй?

— Мне шмат сілаў давялося прыкласці, каб тая выстава наогул магла адбыцца. Узнікалі непаразуменні з рознымі чыноўнікамі, якім мае абстрактныя творы не спадабаліся. А я не ваяр, я — мастак. Не люблю нікому нічога даводзіць.

— Ці адчуваеце вы змены ў нашым мастацкім жыцці за тыя чвэрць стагоддзя?

— Калі прыязджаеш сюды зрэдку і хіба на пару дзён, вельмі цяжка скласці паўнавартасныя ўражанні. Але змены, усё ж, навідавоку. Адкрываюцца новыя незалежныя арт-пляцоўкі — скажам, галерэя “Ў”. Мне вельмі падабаецца яе прастора, там шмат чаго цікавага можна зрабіць. Абы толькі нешта не сапсавалася. Калі ёсць нейкі добры пачын, я чамусьці заўсёды баюся, каб ён не сапсаваўся. Але жадаю, вядома, толькі найлепшага. Мне вельмі цікава, як арт-працэс на Беларусі будзе развівацца далей.

— Падаецца, што канфрантацыя паміж “традыцыяналістамі” і “наватарамі” ў нас мала-памалу адышла ў мінулае.

— Ды і мы, здаецца, ужо “адхварэлі” і не плачам з той нагоды, што нас не паказваюць у тым ці іншым музеі. Можа, гэта і да лепшага, калі не паказваюць? Можа, тыя музеі проста не прызначаныя для такога мастацтва, якое робім мы?

— Аднак у Польшчы, наколькі я разумею, сітуацыя прынцыпова іншая, і для сучаснага мастацтва адчынены ўсе дзверы.

— Не, у Польшчы таксама ёсць процьма кансерватараў, якія сучаснае мастацтва ненавідзяць. Дык што, нам прымушаць іх яго палюбіць? Навошта? Хай яны займаюцца мастацтвам, якое ім даспадобы, і будуць праз гэта шчаслівыя! Хай цешацца сваімі выставамі і рэгаліямі. Абы не перашкаджалі тым, хто прагне чагосьці, дасюль нязведанага.

— Вы вандруеце з выставамі па розных краінах, але ваш дом — па-ранейшаму ў маленькай вёсцы Валілы. Ці можна спалучаць такое затворніцтва з адкрытасцю да ўсяго свету?

— Не тое што можна — трэба! У нас на Беласточчыне ёсць цудоўная галерэя ў Крынках, мэта якой — уводзіць беларускае мастацтва ў дыялог з сусветным. Нацыянальная культура абавязкова мусіць уступаць у такое сумоўе. Бо калі яна будзе варыцца ва ўласным саку, дык паступова пачне чэзнуць і дэградаваць. Калі ты будзеш весці гутарку толькі сам з сабою, да дабра гэта не прывядзе.

/i/content/pi/cult/715/15631/9.JPG— Вы выкладаеце ў Варшаўскай акадэміі мастацтваў, а пару гадоў таму прыязджалі з лекцыямі і ў Беларускую.

— У свой час мне давялося ладна паваяваць на аддзяленні жывапісу ў Варшаве: кансерватыўна настроеныя прафесары стараліся ўсё зрабіць, каб мяне адтуль выкінуць. Цяпер працую ў аддзеле медыямастацтва, дзе вяду Майстэрню прасторы жывапісу. І пачуваюся там куды вальней.

— Але якое дачыненне жывапіс мае да медыямастацтва?

— Мы спрабуем усвядоміць, якім можа быць жывапіс сёння, каб ён заставаўся сучасным. І перш-наперш тут неабходна парушыць застаялыя стэрэатыпы. Хто сказаў, што жывапісны твор абавязкова павінен быць намаляваным пэндзлем на палатне? Ты можаш зрабіць яго і з дапамогай сучасных электронных прыладаў або відэатэхнікі. Урэшце, колерам можна насычаць і паветра.

— Мяне здавён цікавіць тэма адносін выкладчыка і вучняў, асабліва калі гутарка ідзе пра тое мастацтва, дзе важныя зусім не тэхнічныя навыкі.

— Я заўсёды імкнуўся наладзіць са сваімі студэнтамі прыяцельскія стасункі, быць з імі на роўных, працаваць як партнёры. У Варшаўскай акадэміі гэты падыход мае даўнія карані. Запачаткаваў яго легендарны Ян Цыбіс, ён перадаў такое стаўленне свайму вучню Тадэвушу Дамініку, а ў Дамініка вучыўся я.

— Калі выкладчык робіць нейкае ўласнае адкрыццё, ці трэба яму цягнуць за сабой па пратораным шляху і вучняў? Бо Амерыку ж другі раз не адкрыеш. І як вучань павінен сябе паводзіць, калі яго цягнуць?

— Найчасцей малады творца, які хоча ісці ўласным шляхам у мастацтве, пачынае свайму выкладчыку пярэчыць. Так бывала, і ёсць, і будзе. Настаўніку трэба проста да гэтага прызвычаіцца і з гэтым жыць. Калі твой вучань пачынае супраць цябе бунтаваць і праторваць сваю дарогу, ты мусіш толькі цешыцца.

— Ваша нядаўняя выстава ва Уроцлаве — гэта праца не толькі з прасторай, але і з кантэкстам. Ці важна вам было тое, што Музей архітэктуры, дзе яна праходзіла, размешчаны ў былым кляштары?

— Месца, дзе ты выстаўляеш свае работы, неаспрэчна, для мяне важнае. Тым болей, калі творы былі зроблены менавіта для гэтага месца і толькі там будуць паказвацца. Вельмі цешуся, калі мяне пускаюць у тыя прасторы, куды мастаку не так і лёгка патрапіць — напрыклад, у святыню. Адно з такіх месцаў — размешчаная ў люблінскім замку капліца Святой Тройцы, скляпенні якой па ініцыятыве Ягайлы віленскія мастакі XIV стагоддзя распісалі візантыйскімі фрэскамі. Пяць гадоў таму я зрабіў сваю каларыстычную працу на падлозе храма, стварыўшы тым самым дыялог паміж старым мастацтвам і сучасным.

Другое такое важнае месца — знаёмы мне з дзяцінства манастыр у Супраслі. Летась я экспанаваў там работы, зробленыя з аднаго толькі святла — замест халсціны мною былі выкарыстаныя плексігласавыя лайтбоксы. А моцны пражэктар выпраменьваў у неба струмень святла вышынёю ў пяць кіламетраў. Гэта Дабравешчанскі манастыр, і мяне натхняла тое духоўнае святло, якое сышло на Марыю, калі да яе звярнуўся арханёл Гаўрыіл.

Што да ўроцлаўскай выставы… З аднаго боку, яна была рэтраспектыўнай. Тамтэйшая акадэмія мастацтваў надала мне званне ганаровага прафесара, і гэта стала нагодай. З другога боку, я выразна ўсведамляў спецыфіку месца. Там ёсць сад, дзе манахі шпацыравалі і кантэмплявалі, у ім і сёння растуць дрэвы ды кветкі. І да гэтай ідэальнай прасторы я дадаў новы элемент — сцяжынкі, пакрытыя фарбай розных колераў. Скампанаваў іх так, каб кожны чалавек мог успрымаць гэты твор па-свойму — у залежнасці ад абранага ім маршрута.

— Звычайна вашы праекты вымагаюць вельмі вялікіх плошчаў — і, здаецца, апетыты толькі растуць…

— Ды не, мне цікава працаваць з рознымі прасторамі. У ліпені я ладзіў выставу “Ерусалім” у знакамітай варшаўскай галерэі “Фоксаль”, якая ў савецкія часы была цэнтрам эксперыментальнага мастацтва Польшчы. Яна зусім невялікая: усяго сем метраў на пяць. Выстава складалася з 265 аднолькавых квадратных аранжавых элементаў, якія свяціліся, набываючы яркасць, а потым гаслі, каб праз хвіліну наноў запаліцца. Тут, ізноў жа, гутарка вядзецца пра святло духоўнае і фізічнае.

— Калі б у вас была магчымасць зрабіць нешта ў Беларусі, якое месца вы б абралі для сваёй арт-інтэрвенцыі?

— Найперш мне важнае спрыянне. Не хацелася б ізноў прыехаць ды з кімсьці спрачацца. Не люблю я такія справы. Жыццё — адно, не хачу яго марнаваць! Пагатоў, калі я раблю нешта ў іншых краях, гэтым можа карыстацца і Беларусь. А шаркацца з некім мне нецікава.

— А калі ў ідэале? Калі вам дадуць поўны карт-бланш?

— Звычайна я еду туды, куды мяне запрашаюць — вядома, калі мне гэта цікава. Ладзяцца перамовы, вырашаюцца практычныя пытанні — і я працую. Што да цікавых для мяне месцаў… На Беларусі іх безліч! Тут вельмі шмат пунктаў, якія
адыгралі немалую ролю ў гісторыі культуры і цывілізацыі.

— Напэўна, вам памятная гісторыя 1995 года, калі ваша фрэска ў музейным інтэр’еры пасля арт-фестывалю была зафарбавана?

— Ды не, зла я не трымаю. У тым, што мой малюнак не захаваўся, няма вялікай бяды: твор быў зроблены, ён адбыўся.

— Сёння ў нас ужо ўсё па-іншаму. Паглядзіце ў вакно (мы гутарылі на вуліцы Кастрычніцкай — І.С.) — колькі ў Мінску стала графіці!

— І сапраўды. Ды, на жаль, вельмі часта такія творы — ні пра што. Нельга, каб наш свет быў запоўнены каляровым нічым. Мяркую, трэба, каб была строгая селекцыя, трэба вельмі сур’ёзна дбаць пра мастацкі складнік гарадскога асяроддзя і запрашаць да працы сур’ёзных творцаў, ствараючы ім добрыя ўмовы, у тым ліку і фінансавыя.

— Ваша хобі — гадаванне экзатычных парод курэй. Наколькі яно дастасоўваецца да творчасці? Можа, гэта яшчэ адзін ваш канцэптуальны праект?

— Ды не, гэта два паралельныя сусветы. Каб не здурэць, чалавек мусіць неяк адпачываць. Куры дапамагаюць мне адпачыць ад мастацтва і ад людзей. І пры гэтым я адчуваю, што займаюся рэчамі вельмі грунтоўнымі — па сутнасці, удзельнічаю ў эвалюцыйных працэсах. Мала хто мае пра гэта веды і здатны ўсвядоміць іх механіку. Ты шчыра цешышся, калі ўдаецца выгадаваць новыя віды курэй (а большасць з іх у мяне, дарэчы — байцоўскія), калі ў выніку селекцыі ўдаецца атрымаць тыя якасці, якія ты і праграмаваў. Дарэчы, у птушкагадоўлі я дасягнуў не меншых поспехаў, ніж у мастацтве. Тры гады таму выйграў еўрапейскі чэмпіянат у Францыі, неўзабаве маю выправіцца на такія спаборніцтвы ў Данію.

— Падазраю, вас цікавіць не толькі вынік, але і назіранне за паводзінамі птушак.

— Так, вядома! Навукоўцы давялі, што чалавечая цывілізацыя мае недзе 8500 гадоў. А цывілізацыя птушыная — уяўляеце, колькі!

 Фота Ганны ШАРКО