Коні, рыцары і бюст Напалеона

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

Пад час фестывальных дзён госці Віцебска маюць магчымасць больш падрабязна пазнаёміцца з гісторыяй горада. А ў ёй багата невядомага нават самім гараджанам.

 /i/content/pi/cult/168/1563/Koni1.jpg
Наведаўшы выстаўку ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі “1812 год на Віцебшчыне”, можна ўбачыць горад у часы вайны з напалеонаўскай Францыяй. Гэта сумесны праект музея і выкладчыка Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П.М. Машэрава, кандыдата мастацтвазнаўства Ігара Гарбунова, які прадставіў для экспазіцыі ваенна-гістарычныя мініяцюры — амаль 150 фігур воінаў французскай і рускай армій, складзеных у выглядзе невялікіх дыярам бітваў.
Акрамя таго, у экспазіцыі прадстаўлена больш за 300 экспанатаў з фондаў музея. Тут можна пазнаёміцца з дакументамі і перапіскай, манетамі і ўзнагародамі, прадметамі побыту, якія дазваляюць шырэй уявіць гістарычны фон, на якім адбываліся ваенныя падзеі 1812 года. Таксама на выстаўцы прадстаўлена зброя і абмундзіраванне абедзвюх армій. Але адным з галоўных экспанатаў, па прызнанні музейных работнікаў, з’яўляецца бюст Напалеона Банапарта, выкананы па ўзоры вядомага французскага скульптара А.-Д. Шадэ. Гэта адзін са шматлікіх каменных бюстаў, якія вырабляліся па загадзе імператара і павінны былі ўсталёўвацца ва ўсіх гарадах Расіі, заваяваных французскімі войскамі.
Увесь час для ўласнага выжывання чалавецтва стварала і ўдасканальвала зброю. І калі для першабытнага чалавека мяжой дасканаласці лічылася прымітыўная каменная зброя для палявання, то з узнікненнем пораху і развіццём тэхналогіі апрацоўкі металу стала ўдасканальвацца халодная і агнястрэльная зброя, пачалі праводзіцца турніры, больш жорсткімі зрабіліся войны.
Каб пераканацца ў гэтай гістарычнай дынаміцы, варта пазнаёміцца з экспанатамі выстаўкі “Агнём і мячом”, што таксама размешчана ў будынку старадаўняй ратушы.Адкрылася яна дэманстрацыяй рыцарскага бою. У музеі экспануецца больш за 100 адзінак прадметаў артылерыі і абароннай падрыхтоўкі, разнастайнай зброі розных краін, пачынаючы з XV і да другой паловы XIX стагоддзя.
 /i/content/pi/cult/168/1563/Koni2.jpg

Варта адзначыць, што экспанаты тут надзвычай разнастайныя. Так, на выстаўцы прадстаўлены розныя віды халоднай клінковай зброі (мячы, шаблі, шашкі, кінжалы, палашы, шпагі, рапіры, ятаганы), ударна-здрабняльнай зброі (бердышы, сякеры, булавы, шастапёры), агнястрэльнай зброі (пісталеты, вінтоўкі і стрэльбы, ад крэмневых да капсульных). Вялікую цікавасць уяўляюць прадметы артылерыі XVII— XІX стагоддзяў: бамбарды, марціры, гарматы і іншае. Прадстаўлены таксама і прадметы для ўласнай абароны — кірасы, кальчугі, нагруднікі. Экспанаты ілюструюць развіццё халоднай і агнястрэльнай зброі, ход своеасаблівага спаборніцтва, у выніку якога агнястрэльная зброя стала дамінаваць у бітвах. У такім аб’ёме калекцыя зброі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея выстаўляецца ўпершыню.
Акрамя гэтых выставак, у музеі да фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” прымеркавана адкрыццё экспазіцыі фотамастакоў з Літвы Юргі і Рычардса Анусаускасаў “Далёкае-блізкае”. У іх працах — святло тых імгненняў, без якіх жыццё можа стацца шэрай паўсядзённасцю.
Аксіёма: курэнне — шкода для здароўя. Але даведацца, якое месца займае тытунь і прадметы для яго спажывання ў еўрапейскай гісторыі XVII— XX стст., можна на выстаўцы “О часіны, о норавы” ў Віцебскім музеі прыватных калекцый — філіяле абласнога краязнаўчага, дзе сабрана калекцыя люлек — ад галандскіх да мясцовых, табакерак і чубукоў. Усе прадметы адрозніваюцца матэрыяламі вырабу і памерамі, а некаторыя маюць упрыгожанні з бісеру і бурштыну. Да прыкладу, у калекцыі ёсць мініяцюрныя сувенірныя люлькі, але асабліва ўражвае адна — такіх памераў і вагі, што для яе перамяшчэння была нават створана спецыяльная каляска. Большая частка экспанатаў была сабрана ў другой палове ХІХ ст. В.Федаровічам, уладальнікам першага прыватнага музея ў Віцебску.
 /i/content/pi/cult/168/1563/Koni3.jpg
На другой выстаўцы гэтага музея можна ўбачыць “Горад, якога няма” — калекцыю арыгінальных паштовак ХІХ — пачатку ХХ стст., на якіх зафіксаваны архітэктурныя абліччы як мясцовых храмаў, так і адміністрацыйных, жылых будынкаў. Матэрыялы былі адабраны з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і прыватных калекцый.
У аснове выстаўкі “Вачэй зачараванасць” мясцовага літаратурнага музея, прымеркаванай да “Славянскага базару ў Віцебску”, ляжыць рамантычны жаночы вобраз ХІХ стагоддзя — маці, каханай, замацаваны на старых фотаздымках і паштоўках, што дазваляюць адчуць дух эпохі, даведацца пра тагачасную моду. Акрамя гэтага, выклікае цікавасць і прадметны рад выстаўкі: аксесуары, побытавыя рэчы жанчын. Найбольшую ж каштоўнасць маюць паштоўкі з першай серыі віцебскага выдаўца Ф.Добрага, створаныя ў 1896 годзе.
Сумесна з Польскім інстытутам у Мінску літаратурны музей адкрыў выстаўку факсімільных копій жывапісу XVIIІ — ХІХ стст. “Коні і коннікі” са збору Нацыянальнага музея ў Варшаве. Акрамя рэпрадукцый, у экспазіцыі змешчаны прадметы конскай збруі, шпоры, страмёны, званочкі, у тым ліку і падковы з цвікамі з раскопак Верхняга і Ніжняга замкаў Віцебска, плётка з сырамятнай скуры.
А на выстаўцы “Кола агню” ў гэтым жа музеі можна ўбачыць мастацкую кераміку, створаную ў палявых умовах па старадаўніх беларускіх тэхналогіях у межах 5-ці міжнародных пленэраў “Арт-Жыжаль”, праведзеных на беразе Беразіны ў Бабруйску.
Доўгачаканай падзеяй стала адкрыццё пасля рамонту напярэдадні фестывалю Віцебскага мастацкага музея. У новай экспазіцыі прадстаўлены творы беларускага і замежнага мастацтва. Пры гэтым вялікая ўвага ў ім аддадзена работам майстроў віцебскай мастацкай школы.Пад час фестывалю не абмінаюць госці Віцебска і музей-сядзібу знакамітага мастака Івана Рэпіна “Здраўнёва”, у якой, апрача пастаяннай экспазіцыі, сёлета адкрылася выстаўка віцебскага мастака Ф.Гумена.

Канстанцін АНТАНОВІЧ
На здымках: (уверсе) адкрыццё выстаўкі “Агнём і мячом”;
фрагмент экспазіцыі выстаўкі “Агнём і мячом” у Віцебскім
абласным краязнаўчым музеі; экспанат выстаўкі
“О часіны, о норавы” ў Віцебскім музеі.