Промні мовы ў “цёмныя вякі”

№ 42 (1377) 20.10.2018 - 26.10.2018 г

Для сур’ёзных навукоўцаў усяго свету пытанне адносна старажытнасці і апрычонасці нашай мовы даўно з’яўляецца вырашаным. Але стэрэатыпы, на жаль, трывушчыя. Думаецца, змагацца з імі варта найперш з дапамогай фактаў, а не эмоцый. Гісторык-архівіст Зміцер ДРОЗД па драбніцах сабраў дакументальныя сведчанні пра існаванне беларускай мовы ў самыя, здавалася б, “цёмныя” для яе вякі — XVIII — XIX стагоддзі. Прыведзеныя ім звесткі красамоўна даказваюць, што жывая крыніца ніколі не перасыхала, не зважаючы на самыя неспрыяльныя абставіны.

/i/content/pi/cult/714/15621/20.JPGУ часы заняпаду

Вядома, што беларуская мова паступова стала саступаць сваё месца польскай практычна ва ўсіх сферах жыцця пасля Люблінскага сейма 1569 года, калі Вялікае Княства Літоўскае і Польская Карона былі злучаныя ў Рэч Паспалітую Абодвух Народаў. Кульмінацыяй стала пастанова Варшаўскага сейма 1696 года, у якой, нібыта, забаранялася пісаць дзелавыя дакументы на беларускай мове і ўжываць яе ў справаводстве.

Усё XVIII стагоддзе нам уяўляецца адной вялікай пусткай у жыцці некалі вялікай славянскай мовы. Як сёння падаецца, тады яна амаль памерла. Але, думаю, гэта не зусім так. Бо ці магчыма адным указам “перавесці” ўсіх ураднікаў велізарнай краіны на іншую мову?

Спадзяюся, тысячы ацалелых да нашых дзён актавых кніг гродскага і павятовых судоў, магістратаў і гэтак далей яшчэ дачакаюцца сваіх ўедлівых даследчыкаў-лінгвістаў. Цікава было б ад іх пачуць, ці сапраўды тая мова, на якой пісалі ў згаданых установах, была самай што ні ёсць польскай. Асабіста я амаль упэўнены: падобныя даследаванні папоўняць нашы веды пра гісторыю беларускай мовы ў самы, здавалася б, неспрыяльны для яе час.

Пагатоў, зусім нядаўна цёзка па прозвішчы аднаго з першых беларускіх літаратараў Лявон Баршчэўскі адшукаў у фондзе “шчучынскага” архіву Друцкіх-Любецкіх тры тэксты пачатку ХІХ стагоддзя, напісаныя лацінкай на беларускай мове. Гэта невядомая раней рэдакцыя верша Яна Баршчэўскага “Рабункі мужыкоў”, велікодная жартаўлівая песня без назвы на 34 радкі і “Верш аб рэлігіі і абычайнасці”, які складаецца з 206 радкоў. Будзем спадзявацца, што нас чакаюць і больш раннія знаходкі.

Для камічнага эфекту

Мала хто ведае, але літаратурна-тэатральны дэбют Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — яго п’еса “Сялянка” — мела даўнія традыцыі. У XVIII стагоддзі беларуская мова, запісаная лацінскай графікай у польскай мадыфікацыі, часцяком ужывалася ў тэкстах камедый, у ліку дзейных асобаў якіх пастаянна фігуравалі сяляне. Як сцвярджае прафесар Уладзімір Анічэнка, аўтары наўмысна захоўвалі ў іх рэпліках жывое мясцовае маўленне.

Найбольш ранняй з такіх камедый з’яўляецца Intermedia. Bacchanalia (1725), тэкст якой збольшага польскамоўны, але некаторыя персанажы (сяляне) гавораць па-беларуску. Зразумела, тут варта прыгадаць і драматычныя творы, складзеныя ў 1787 годзе выкладчыкамі Забельскай гімназіі (або дамініканскага калегіума?) на Віцебшчыне Каэтанам Марашэўскім (Comedya) і ксяндзом Міхалам Цяцерскім (Doktor Przymuszony). Тут сітуацыя тая самая: “сялянскія” персанажы (а таксама і яўрэй) гавораць на звыклай для сябе беларускай мове — відавочна, добра вядомай і для акцёраў, і для іх публікі.

Сучасная даследчыца Галіна Ціванова карпатліва прааналізавала фанетычныя асаблівасці тых беларускамоўных фрагментаў. І ў выніку прыйшла да высновы, што практычна ўсе рысы, характэрныя для беларускай мовы XXI стагоддзя (“аканне”, “дзеканне”, наяўнасць “ў” і гэтак далей) прасочваюцца ўжо ў тэкстах амаль 300-гадовай
даўніны, часам нават са 100-працэнтнай частатой!

Натуральна, такі характар выкарыстання беларускай мовы — для стварэння камічнага эфекту ў польскамоўным асяроддзі — сёння можа падацца нам нават абразлівым. Гэта амаль як у кіно Гайдая, дзе “асобы каўказскай нацыянальнасці” гаварылі з адмысловым акцэнтам. Аднак зважаючы на агульнае скарачэнне сферы ўжытку нашай мовы ў тыя часы, мы павінны быць удзячнымі нават аўтарам тых камедый.

Да ўсяго, як зазначае тая ж Галіна Ціванова, свой унёсак у развіццё мовы яны так ці іначай зрабілі: “Выпрацоўваюцца прыёмы перадачы на пісьме асноўных беларускіх фанетычных асаблівасцей сродкамі як кірыліцкай, так і лацінскай графікі. Інакш кажучы, у спробах практычнай арфаграфіі яўна вызначаюцца рысы, якія ў будучым стануць арфаграфічнай нормай”.

Дыялект дыялекту розніца

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай новая, расійская адміністрацыя пачала барацьбу з паланізацыяй. Натуральна, яна вялася зусім не дзеля інтарэсаў беларускага народа і яго мовы: на змену ішла жорсткая русіфікацыя. Але мова, на якой гаварыла большасць насельніцтва і якую новыя гаспадары разглядалі як адну з трох галін мовы рускай, стала, прынамсі, прадметам вывучэння этнографаў і філолагаў.

На самой справе, уяўленне пра беларускую мову як пра дыялект рускай (нароўні з “вялікарускай” і “маларасейскай”) не надта супярэчыць сучасным ведам. Але тут варта зрабіць невялікая тлумачэнне. Рэч у тым, што ў XIX стагоддзі пад словам “дыялект” амаль заўсёды разумелі менавіта “мову”, і абодва тэрміны выкарыстоўваліся як сінонімы.

Пра гэта сведчаць шматлікія згадванні як у афіцыйных, так і прыватных дакументах польскага, расійскага і нават славянскага дыялекту. Напрыклад: “Игнатий Мартинов сын Малькевич, жительствующий в деревне помещика Лясковского Маштарках, на вопрос показал, что, действительно, он вручил переводчику Марцинкевичу свои дворянские документы для перевода на российский диалект тому уже 4-й год”. Або: “В консистории требуется не токмо знания гражданских законов, польского и российского диалекта, но еще знания прав церковных и латинского языка”, “Документ на славянском диалекте ветхий, писанный в 1597 году”.

Як павінен ведаць кожны школьнік, беларуская мова прыналежыць да ўсходнеславянскай групы моў — поруч з рускай і ўкраінскай. Менавіта значныя адрозненні паміж імі дазваляюць сучасным лінгвістам называць іх менавіта асобнымі мовамі, а не дыялектамі (прынамсі, у сучасным сэнсе гэтых словаў).

Як сведчаць гістарычныя дакументы, каб усвядоміць тыя адрозненні, у XVIII стагоддзі не трэба было мець філалагічную адукацыю.

У пошуках скарбаў

Ужо першыя ж прадстаўнікі расійскай адміністрацыі, якія прыбылі ў наш край пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), адзначылі адрозненне той мовы, на якой гаварылі яны самі, ад мовы, якой карысталася мясцовае насельніцтва. Красамоўнае таму сведчанне — найкаштоўнейшыя для вывучэння гісторыі Беларусі мемуары Гаўрыіла Іванавіча Дабрыніна (1752 — 1824), які ў 1777 годзе быў прызначаны канцэлярыстам у Магілёўскае намесніцтва. Кніга выйшла ў 1872 годзе пад мудрагелістай назвай “Истинное повествование или Жизнь Гавриила Добрынина (пожившего 72 г. 2 м. 20 дней) им самим писанная в Могилеве и в Витебске”.

Апынуўшыся ў першым на сваім шляху беларускім горадзе — Рагачове — Дабрынін адразу пачынае запісваць беларускія словы: “С одной стороны Днепр, а с другой Друць слилися вместе, и при самом соединении, образовали из твердой земли острой клин, или по географически мыс, по-русски нос, по-белорусски рог, от чего вероятно и город, поселившийся на сей много-имянитой земли, получил название Рогачева”. Як бачым, дапытлівы, хаця і няпрошаны госць адразу шукае версію паходжання назвы горада менавіта ў беларускай мове.

Далей Дабрынін распавядае пра пацешны выпадак, які адбыўся з ім у жніўні або верасні 1781 года. Да магілёўскага губернатара Мікалая Энгельгардта з’явіўся
мясцовы шляхціц Наркевіч і распавёў яму пра месца, дзе схаваны скарб. Дабрынін разам з пракурорам Магілёўскага губернскага магістрата Палтаўцавым быў накіраваны на сакрэтныя раскопкі ў бок Чавусаў, у вёску Смолкі непадалёк ад казённага маёнтка Пятровічы. На пытанне, дзе скарб, Наркевіч, паводле мемуарыста, адказаў: “Треба шукаць… От туцось под упадло… Треба шукаць”.

У пошуках далейшай інфармацыі скарбашукальнікі выправіліся ў мясцовую карчму, поўную народу. Размову, якая там адбылася, Дабрынін апісвае, імкнучыся максімальна дакладна перадаць вымаўленне мясцовага люду. Паколькі мемуарыст разумеў, што расійскаму чытачу гэтая мова можа быць незразумелай, у зносках прыводзіцца пераклад [пакідаю яго ў квадратных дужках].

“Полтавцев подошед к одному старику: — “что старинушка? Давно ли на свете живешь?” — “А! ужу лет сотцо с горою” [Диалект белорусских мужиков. Значит: “лет со сто слишком”]. Я спросил его: “что-ж ты на свете помнишь? И что знаешь?” — “Помню, як шов Пiотр Алексеевич и Репнин”. “Каких ты лет тогда был?” — “Ужу сидев на печце, и чув як казали: царь-каже Пiотр Алексеевич”. Я, смекнувши времена российских и шведских в Польшу походов, в начале XVIII столетия, нашел, что старику нашему не 70 лет, однако-же сто слишком. Полтавцев: Скажи нам что добринькое. Старик: Ат, хвала пану Богу, коли пан даст шаговку, подинькую [Когда барин покажет двукопеечную меру вина, поблагодарю]. Полтавцев: А! Его надобно покуражить. Старик наш выпил, ему повторили. Он сел на лавку, запел слабым и дряхлым голосом мужичью песню, повалился и заснул! — Это было открытие нам клада…”

Перакапаўшы цягам трох дзён усё мясцовыя могілкі, сакрэтная камісія так нічагуткі і не знайшла. Падобна на тое, што адзіным скарбам гэтай экспедыцыі маглі б стаць запісаныя Дабрыніным “мужычыя песні”, але, на жаль, цікавасці да іх ён не праявіў. Зрэшты, нават прыведзеныя ім пару сказаў дазваляюць даведацца некаторыя асаблівасці, характэрныя і для сучаснай беларускай мовы.

У дзённіку Дабрыніна ёсць і яшчэ адзін вельмі цікавы эпізод: чыноўніку давялося папрысутнічаць на гістарычнай сустрэчы Кацярыны ІІ і будучага імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Ёзэфа ІІ. Апісваючы ўезд гэтых асобаў у “известное белорусское местечко Шклов”, мемуарыст сцвярджвае: “Выезд государыни-императрицы из Могилева был пред полуднем, при колокольном звоне, при пушечной пальбе и при… вялом стечении городского народа, ибо не должен я пропустить, что белорусские жители, почти всех состояний (…) смотрят на великий и малый предмет, на печальны и радостный, с кошачьим равнодушием и совсем не имеют той приятной наружности, которая рождается от внутренних движений, при случае отличных предметов”.

Зрэшты, тая амаль па-будысцку памяркоўная рэакцыя нашага народа на падзею, якую сам Дабрынін лічыў ці не найважнейшай у жыцці (“Я бачыў імператрыцу!”) насамрэч тлумачыцца проста. Прайшло ўсяго сем з гакам гадоў з моманту далучэння нашых земляў да Расійскай імперыі, і Кацярына ІІ здавалася беларусам не больш роднай, чым будучы нямецкі імператар.

Зміцер ДРОЗД,
гісторык-архівіст