Андрэ Пэрльштэйн: “Карцье-Брэсон быў снобам”

№ 42 (1377) 20.10.2018 - 26.10.2018 г

Фатограф Андрэ ПЭРЛЬШТЭЙН прывёз у Мінск разам са сваімі фатаграфіямі дух французскага кіно і незабыўную лёгкасць стансукаў. На выставе “Кіно 1970-х ды не толькі” ў Фалкон Клаб Буцік Кіно месьё Пэрльштэйн ахвотна распавядаў пра сустрэчы з легендамі кіно і моды, а пасля сеансаў, якія адмыслова дапаўнялі імпрэзу, не стамляўся адказваць на пытанні гледачоў да самага позняга часу. Словам, быў няўрымслівым, лёгкім, дасціпным і гаманкім. Ды нават вычапіць яго на эксклюзіўную размову атрымалася толькі ў перапынку паміж сустрэчай у Французскай медыятэцы і экскурсіяй па выставе.

/i/content/pi/cult/714/15619/16.JPGНекалькі словаў пра аўтара. Андрэ Пэрльштэйна сёння многія фатографы маглі б назваць шчасліўцам. Ён здымаў культавых асоб французскага кіно і моды: Алена Дэлона, Клода Лялуша, Франсуа Труфо, Пьера Рышара, Жака Таці, Жана-Луі Транціньяна, Жана-П’ера Мельвіля, Іў Сэн Ларана... Дзесяцігоддзі працы штатным і незалежным рэпарцёрам у розных часопісах (L’express, Point, VSD, Paris Match, Elle, Vital, Glamor, Your Beauty) дазволілі месьё Пэрльштэйну сабраць вялізную калекцыю фатаграфій французскага свету 1960 — 1980-х гадоў — і сёння яна налічвае больш за 100 тысяч негатываў. Як распавёў сам аўтар, фатаграфія стала для яго не проста задавальненнем і страсцю, яна зрабілася шляхам персанальнай свабоды. “Мае бацькі эмігрыравалі з Германіі перад вайной, — кажа фатограф. — З чатырнацці гадоў я працаваў рабочым, каб зарабіць сабе на хлеб. У 17 гадоў пайшоў у армію, бо ў мяне не было асаблівага выбару. А калі ў ваеным вучылішчы
прыйшлося выбіраць спецыяльнасць, у мяне было толькі адно жаданне — хутчэй пакончыць з гэтай вучобай. І сябра падказаў выбраць фатаграфію. І як толькі я ўзяў у рукі фатаапарат і пачаў рабіць здымкі, — я адразу адчуў палёгку і свабоду. Я знайшоў сваё жыццё праз гэту прафесію”. Такім быў шлях месьё Пэрльштэйна.

— Але як вы патрапілі ў свет кіно?

— Праз сваю дзяўчыну. Калі я толькі пачынаў і прыехаў у Парыж, я быў зусім “зялёным”. Не вельмі захапляўся кінематографам, у мяне былі прагалы ў адукацыі. Але мая дзяўчына вельмі любіла кіно, і мы штодня хадзілі ў кінатэатр. Прызнаюся шчыра, што, калі мяне ўзялі ў фатографы, напачатку я больш канцэнтраваўся на тым, каб добра выканаць работу. Ужо потым да мяне пачало прыходзіць усведамленне таго, хто гэтыя людзі, каго я фатаграфаваў, і кім яны з’яўляюцца для астатніх.

/i/content/pi/cult/714/15619/17.JPG— Адчування, што вы фатаграфуеце “залаты век” французскага кіно ў вас не было?

— Не. На самым пачатку кар’еры — дакладна. Імкнуўся анікога не падвесці, засяроджваўся на тэхніцы і дзеянні. Больш за тое, калі толькі распачынаў, я быў вельмі сарамлівым чалавекам. І толькі потым пачаў уваходзіць “у смак”. Стасавацца з акцёрамі, рэжысёрамі, музыкамі, палітыкамі — мая праца датычылася не толькі свету кіно. Раз за разам я ўключаўся ўсё больш — і адпаведна рос мой прафесіяналізм. Я стаў цікавіцца тым светам, што мяне атачаў, паглыбляцца ў яго. Можна сказаць, што я сталеў разам з маімі фатаграфіямі. І захапіўся на камунікацыю, якая потым стала ключом для многіх дзвярэй.

— Ды ўсё ж куміраў у тым жа кіно ў вас не было? Для многіх людзей — Дэлон, Труфо, Мельвіль — гэта былі небажыхары, людзі, якіх абагаўляе ўвесь свет.

— Дзіўная рэч, але сярод прадстаўнікоў французскай культуры я ні да каго не ставіўся з піетэтам. Хтосьці, калі дазнаваўся, што я фатаграфую таго ж Алена Дэлона, амаль пачынаў прасіць у мяне аўтограф. Аднак я быў даволі спакойны на гэты конт. Калі ты ў прафесіі — гэта дыстанцыя паміж фатографам і акцёрам не існуе. Ды і раней свет быў такі, што ўсё было прасцей. Тым больш, што ў мяне з “выканнем” заўсёды былі праблемы. Таму ў многіх стасунках адчуваў, што мы на роўных.

— А замежныя зоркі?

— Падлавілі. Тут захапленне было. Асабліва да Чарлі Чапліна. І да гэтай пары сустрэчы з ім успрымаю як падарунак лёсу.

— Я памятаю гэту фатаграфію Чапліна, прадстаўленую на выставе. Здымкі рабіліся ў Лондане, так?

— Так. Я здымаў вялікую зорку нямога кіно ў Лондане, у апартаментах, папярэдне прачакаўшы яе тры дні. Напружанне было страшнае. Памятаю, як Чарлі Чаплін змахнуў перхаць з цёмнай тканіны свайго касцюма. Мы не сказалі адзін аднаму ані слова. Але фатаграфія, на мой погляд, атрымалася.

— Месьё Пэрльштэйн, давайце пагаворым пра, уласна, саму фатаграфію. Што вам дазвалялася падчас здымак? Што вы самі сабе дазвалялі?

— У заданнях ад рэдакцыі я быў прывязаны да тэксту. І мой здымак мусіў адлюстроўваць пэўную гісторыю, якая распавядалася ў артыкуле. Часам я ездзіў на заданне з журналістам, часам асобна. Але, вядома, калі была магчымасць, імкнуўся выкарыстаць усё, што мелася: навакольны пейзаж, пэўнае атачэнне. Аднак былі і такія сітуацыі, калі на здымкі героя даваліся лічаныя хвіліны. Як у выпадку з Чарлі Чаплінам. Тры дні чакаў. А здымка доўжылася не больш за трыццаць хвілін.

— Хто быў вашым настаўнікам у фатаграфіі, калі можна так сказаць? Усе ведаюць выбітных французскіх фатографаў: Анры Карцье- Брэсона, Рабера Дуано… Ці дарэчна казаць пра іх уплыў на вас?

— Дарэчы, я асабіста быў знаёмы з імі двума. Ды магу прызнацца, што Дуано мне абсалютна бліжэй, чым Карцье-Брэсон. У тым ліку, і па чалавечых якасцях. З вялікім Анры я працаваў у лабараторыі і адзначу, паміж намі, што ён быў проста тыранам. Мне ад яго даставалася на “арэхі”! Памятаю, як ён папракаў мяне: “Што ты робіш! Чаму так?” Канешне, я з вялікай павагай стаўлюся да яго работ і майстэрства, але мушу адзначыць яго буржуазнасць і снабізм. Так, Карцье-Брэсон быў снобам.

— А Дуано?

— Ведаеце, для мяне цалкам неверагоднай стала яго здымка для часопіса мод Vogue ў 1950-я гады. Гэты прыклад для мяне важны, таму што я сам фатаграфаваў і свет моды таксама. Не шмат людзей ведаюць пра гэту серыю французскага фатографа, але яна фантастычная. Дуано далі заказ на здымку свецкай хронікі, і ён прыдумаў такую рэч. Папрасіў прыняць удзел у здымках не мадэляў, а вядомых людзей. Ён фатаграфаваў на працягу некалькіх месяцаў: за кулісамі модных паказаў, на закрытых вечарынах, на званых вячэрах… Дуано здымаў гэта дзеянне ў простай рэпартажнай манеры сваёй камерай. Лавіў неверагодныя моманты. І захаваў на стужку жыццё Парыжа 1950-х! Брыжыт Бардо ў яго дэбютуе ў ролі мадэлі! Гэты прыклад стаўся для мяне ўзорам, як майстэрства фатографа ўздымаецца над тэхнічным заданнем.

— У вашай прафесійнай практыцы былі тыя людзі, да якіх ваша камера ставілася з асаблівай прыязнасцю?

— Скаладанае пытанне, калі ва ўласнай калекцыі сто тысяч негатываў. І многія, дарэчы, яшчэ чакаюць сваёй апрацоўкі. Па шчырасці, я любіў працаваць з кожным героем. Калі робіш партрэт чалавека — гэта заўжды прыгода, пэўная нечаканасць. Цікава яе справакаваць, дачакацца. Калі казаць пра працу ў кіно, то неверагодна цікава было працаваць на здымачнай пляцоўцы Клода Лялуша. Большасць ведае гэтага творцу па яго карціне “Мужчына і жанчына”. Не ўсе фільмы ў яго лічыліся добрымі, але я абажаў з ім супрацоўнічаць. Клод мае фантастычнае ўяўленне, ён на “ты” з камерай, здымкі заўжды былі дынамічныя, ён шмат рухаўся на пляцоўцы. Мне было надзвычай захапляльна за ім назіраць.

— Аднак вы шмат здымалі і на фільмах Жан-Пьера Мельвіля, які аказаў уплыў на французскую “новую хвалю”. Ды нават сябравалі з ім.

— Гэта вялікі майстар, што і казаць. На здымачнай пляцоўцы яго слухаўся нават сам Ален Дэлон, хоць, вядома, што акцёр дазваляў сабе на фільмах іншых рэжысёраў шмат чаго. Дэлон быў вельмі свавольным. Аднак, паўтаруся, у дачыненні Мельвіля трымаўся паважліва. Падчас працы над фільмам акцёр і рэжысёр звярталіся адзін да аднаго выключна на “вы”. У Мельвіля заўжды быў дакладна прапісаны сцэнарый, ён ведаў хто і што мусіць рабіць. Выключна працаваў са святлом — не выпадкова, што здымачная група ставілася да яго з вялікім піетэтам. Ён быў, канешне, “монстр” на пляцоўцы, але ўсім, хто з ім працаваў, было зразумела, што гэта вялікі рэжысёр. Для мяне гонар прадстаўляць яго карціны і валодаць унікальнай базай яго фатаграфій. Ды…

(Размова перарываецца. Месье Пэрльштэйн праз дваццаць хвілін мусіць правесці экскурсію па сваёй выставе. Яшчэ літаральна праз гадзіну яго чакаюць гледачы на паказе фільма “Чырвонае кола” Жан-Пьера Мельвіля ў кінатэатры “Ракета”).

P.S. Выстава Андрэ Пэрльштэйна ў рамках Месяца фатаграфіі ў Мінску і прыезд фатографа ў Мінск зладжаны пры дапамозе Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь. Аўтар выказвае падзяку ў падрыхтоўцы матэрыялу каардынатару культурных мерапрыемстваў амбасады Іне Мацыенка.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"