“Мы” in progress

№ 42 (1377) 20.10.2018 - 26.10.2018 г

Кніга “Радзіва Прудок” Андруся Горвата атрымала яшчэ адну сцэнічную версію, увасобленую вядомым украінскім рэжысёрам Стасам Жырковым і артыстамі мінскіх тэатраў. Новы спектакль, сціпла акрэслены як work in progress (маўляў, незавершаная праца), названы “ГэтаМы”

/i/content/pi/cult/714/15614/10.JPGПраект нарадзіўся ў Мюнхене падчас летніх майстар-класаў, якія праводзіў там Стас у рамках Міжнароднай тэатральнай акадэміі з удзелам нашых артыстаў. Але галоўным ініцыятарам можа лічыцца менеджар Марына Дашук, якая ў свой час пазнаёміла рэжысёра з нашумелай кнігай, а таксама прывяла яго на прэм’еру аднайменнага спектакля Рамана Падалякі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.

Абедзве пастаноўкі разлічаны на камерную сцэну — і гэта бадай адзінае, што іх яднае. У астатнім яны прынцыпова адрозніваюцца. Бо ў аснову кожнага са спектакляў былі пакладзены не толькі розныя старонкі аднаго аповеду, але і розныя жанравыя мадэлі ды рэжысёрскія канцэпцыі. Купалаўцы, вядома, імкнуліся падкрэсліць сувязь аўтара са сваім тэатрам, дзе журналіст і пісьменнік працаваў дворнікам перад тым, як рушыць у вёску на радзіму продкаў. Яшчэ адной фішкай той інсцэніроўкі была скіраванасць да аб’яўленага ў краіне Года малой радзімы. Адпаведна, шукаліся прычыны такой змены месца жыхарства, а сімвалам яднання стаў космас — у тым ліку, і ў душы героя. У выніку ўзнік, па сутнасці, біяграфічны спектакль з філасофскімі
абагульненнямі.

“ГэтаМы” — пастаноўка зусім іншая. Замест біяграфічных дэталяў — абагульнены вобраз беларусаў, дадзены скрозь прызму гісторыі ХХ стагоддзя. Каларытныя вясковыя замалёўкі і народныя характары — усяго толькі пярэсты фон для актуалізацыі балючых праблем сённяшняга грамадства. А гэта і беларуская мова, і, шырэй, нацыянальная самасвядомасць, і захаванне гістарычнай памяці. А перадусім — развагі пра жыццё і смерць, блізкія кожнаму чалавеку незалежна ад яго нацыянальнай, палітычнай або сацыяльнай прыналежнасці.

Выхапленыя з кнігі фрагменты не рассыпаюцца на асобныя кавалкі, не пакідаюць адчування залішняй мазаічнасці. Спектакль выбудаваны па форме бы ідэальная сімфанічная партытура, дзе распрацоўка розных тэм прыводзіць да іх поліфанічнага яднання ў фінале, а кожная новая дэталь аказваецца звязанай з астатнімі: ці то вырастае з іх, ці то сама іх нараджае. Музычныя паралелі таксама невыпадковыя, бо тэатральная дзея мае яркае песеннае атачэнне: у пачатку і ў фінале гучыць фальклорны “Сівы лось”. Прычым выконваюцца розныя куплеты, тым самым знешняя “закальцаванасць” набывае рысы далейшага развіцця, становіцца, паводле музычнай тэрміналогіі, дынамічнай рэпрызай.

Сямёра артыстаў, занятых у спектаклі (Андрэй і Дар’я Новік, Зміцер Давідовіч, Мікалай Стонька, Васіль Бойдак, Антон Жукаў, Ілля Ясінскі), не падзяляюцца на цэнтральных і эпізадычных персанажаў. Рэжысёр размяркоўвае паміж імі літаратурны тэкст, які і становіцца адной з галоўных дзейных асоб, дазваляючы атрымаць асалоду ад лёгкага стылю аўтара. Але тэатральная дзея не ператвараецца ў “літмантаж”, якім пярэсцілі піянерскія ранішнікі. Перад намі — менавіта тэатр, пабудаваны на гульні, пераўвасабленнях, візуалізацыі тэксту і яго шматлікіх падтэкстаў. Ператварэнні артыстаў з аднаго героя ў другога, а таксама замены акцёраў пры выкананні адной і той жа ролі, адбываюцца імгненна, не дазваляючы гледачу апомніцца.

З дадатковых прылад — дзве нізенькія лавы і сем металічных лыжак. Спачатку тыя лыжкі прыкладаюць да вачэй бы манокль ці пенснэ, потым рассыпаюць — і яны так і застаюцца ляжаць на падлозе: час “збіраць камяні” не надышоў?

Апошняя фраза мае непасрэднае дачыненне і да лёсу самога спектакля. Падрыхтаваны ў вольны час (дададзім, у вольны ад рэпетыцый “Палявання на сябе”, пастаўленага тым жа Стасам Жырковым бадай з тымі самымі артыстамі), ён быў двойчы паказаны тэатральнай грамадскасці ў маленькім пакойчыку Цэнтра беларускай драматургіі. Але пастаноўка, безумоўна, вартая таго, каб увайсці ў рэпертуар тэатра: яна здольная зацікавіць шырокую публіку і прынесці мастацкую асалоду.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"