Cвінг на мяжы джаза і бокса

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

Беларусь на конкурсе маладых выканаўцаў “Славянскага базару ў Віцебску” прадстаўляе Віталь Гардзей. Колішні “выпускнік” бабруйскага Заслужанага калектыву Тэатра песні “Шына-най” — і Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта па спецыяльнасці “маркетолаг”, уладальнік першага дарослага разраду па боксе — і ажно трох Гран-пры міжнародных конкурсаў на Украіне і ў Расіі, былы кіраўнік джазавага ансамбля Палаца культуры Бабруйска — і цяперашні артыст прадзюсерскага цэнтра “Спамаш”. Можа, такія “бінарныя апазіцыі” і прадказалі яму ў свой час змену сапраўднага прозвішча — Ефіменка — на псеўданім — Гардзей.

 /i/content/pi/cult/168/1561/Gardzej.jpg
— Псеўданім прыдумвалі ўсе, хто толькі мог, але мне ўсё не падабалася — усё было “не маё”. І раптам я ўзгадаў, што юнаком у рокавай тусоўцы мяне называлі “Гардзей”, — так і засталося. Усё ж гэта мне больш блізкае. Галоўнае, каб прозвішча не забывалі. Бо як праходзіш па пропуску — дык я Ефіменка, а як спяваць — дык Гардзей. Таму я і на сайце, і паўсюль нагадваю не толькі псеўданім, але і прозвішча. Трэба ўсё ж такі каранёў сваіх трымацца.

— Тым больш, што ў вас такая знакамітая сям’я, маці з бацькам — музыканты. Менавіта маці, як вядома, і стала вашым першым настаўнікам і ўзгадавала такога зорнага спевака, кіруючы тэатрам песні “Шына-най”.

Раптам у Віталя “зайграў” тэлефон: быццам пачуўшы нас, званіла маці.

— А бацькі не прымушалі вас займацца музыкай?

— Не, усё было з маёй згоды. Спачатку спяваў, у гадоў 13-14 тата паказаў мне, як іграць на гітары. Паводле адукацыі ён ударнік, але на справе — мультыінструменталіст, ды яшчэ і аранжыроўшчык: у “Шына-най” усе аркестроўкі — ягоныя. Нават калі я ў Мінск прывёз песні ў яго аранжыроўках, дык знакаміты Уладзімір Ткачэнка ацаніў зробленае ім вельмі высока — пры ўсіх хібах апаратуры, на якой тыя аранжыроўкі былі зроблены.

— А як жа ўзнік бокс? Гэта ўсё ж такі зусім іншая сфера...

— Гадоў у 15-16 я пазнаёміўся з цудоўным чалавекам — Аляксандрам Аляксандравічам Ермашэвічам. А той аказаўся майстрам спорту міжнароднага класа, удзельнікам чэмпіяната свету па боксе (дарэчы, пад час фестывалю, акурат 12 ліпеня — ягоны дзень нараджэння, і я яго віншую). Так і склалася. Праўда, з боку бацькоў гэтая мая ідэя — займацца боксам — не выклікала асаблівага захаплення.

— Я думаю, яны ад яе ўвогуле былі ў “накаўце”.

— Але зараз яны ставяцца да гэтага вельмі добра. І калі я жыў у Бабруйску, дык мама нагадвала, каб я не забываўся на трэніроўкі. Яна і зараз тэлефануе Сан Санычу, скардзіцца, калі я, на яе думку, “дрэнна сябе паводжу”.

— Дык зараз у Мінску вы на бокс забыліся?

— Тут пакуль няма ні ўмоў, ні, асабліва, часу. Але днямі тэлевізійшчыкі вырашылі зняць пра мяне сюжэт — запрасілі ў спартыўную залу. Ну я пачаў “мяцеліць” — нават сінякі з’явіліся, а потым выходжу — душавой кабіны няма, а ў мяне яшчэ наперадзе два інтэрв’ю, рэпетыцыя— так і давялося ісці.

— Усё ж лепей на рэпетыцыю, чым на спатканне. На каханне хоць час застаецца?

— Не. Я сябе спецыяльна трымаю ў “яжовых рукавіцах”, — тады прасцей будзе праспяваць “Крык птушкі” Уладзіміра Мулявіна: мне лягчэй уяўляць сябе пакінутым.

— Дык вы што, спецыяльна сварыліся дзеля гэтага?

— Не, я проста сказаў ёй, што ў мяне зараз ні на што няма часу.

— А яна, відаць, пакрыўдзілася.

— Так. Таму можна сказаць, што мы пасварыліся, але з майго боку гэта была, хутчэй, “сварка” тактычнага плана.

— І што ж вы ёй потым скажаце?

Маўляў, дзякуй, што ты мне дапамагла?

— Не ведаю. Але і сапраўды часу няма ні на што. Прыходжу дамоў, выключаю ўсе тэлефоны — не хочацца нават выходзіць на вуліцу.

— Але ж на ўласны дзень нараджэння — 4 ліпеня — часу, мабыць, хапіла?

— У гэты дзень — разам з Тэатрам песні Ірыны Дарафеевай — я выступаў у Маладзечне, у межах грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”. Але, дзякуй, мае калегі мяне павіншавалі.

— Як вы, дарэчы, пазнаёміліся з Ірынай Дарафеевай?

— Летась я ўдзельнічаў у Міжнародным конкурсе выканаўцаў маладзёжнай песні “Моладзь за Саюзную дзяржаву”, а яна была ў журы. Не паспеў вярнуцца дадому, як яна запрасіла мяне спачатку на кастынг тэлепраекта “Крутыя хлопцы”, а потым стала браць з сабой у туры, мы нават зрабілі з ёй некалькі дуэтных песень. Усё гэта стала для мяне грунтоўнай школай.

— Вашым выкладчыкам па вакале, наколькі мне вядома, з’яўляецца яшчэ адзін артыст Тэатра песні Дарафеевай — Алег Сямёнаў.

— Калі ў “Спамашы” мяне спыталі, хто будзе маім выкладчыкам, я папрасіў, каб гэта быў ён. Мы з ім і дагэтуль супрацоўнічалі, а потым аказалася, што ён з маім бацькам разам вучыўся ў Гомелі. Ён выдатны педагог, а да таго ж вельмі добры, вясёлы, кампанейскі чалавек. Вельмі ўдзячны я таксама фаніятару Жане Раманавай, да якой звяртаюцца ўсе, уключаючы ўдзельнікаў “Еўрабачання”. Асаблівая падзяка — кампазітару Уладзіміру Кандрусевічу за другую конкурсную песню. Праўда, яна пісалася для іншай артысткі “Спамаша” — Юліі Гусевай, але потым на конкурс абралі мяне. Яна добра яе спявала, ды многім падаецца, што такую сур’ёзную філасофскую песню павінен усё ж такі выконваць барытон.

— Хадзілічуткі, што для конкурсу вы збіраецеся мяняць імідж.

— Быў час, калі я валасы адрошчваў — потым мне іх астрыглі. Жартам я прапанаваў у другі конкурсны дзень увогуле галаву пагаліць. А мне і кажуць: маўляў, добрая ідэя. Я ажно спужаўся: проста ж жартаваў. Лічу, гэта не галоўнае, бо конкурс “Славянскі базар у Віцебску” тым і вылучаецца сярод іншых, што ён менавіта песенны, вакальны, і ўвага слухачоў павінна быць засяроджана менавіта на гэтым, а не на знешніх эфектах.

— Чаго ўвогуле ад конкурсу чакаеце?

— Канешне, перамогі. Я дагэтуль тройчы атрымліваў Гран-пры — не хацелася б псаваць традыцыю.

Надзея БУНЦЭВІЧ