Помнік беларускаму футурызму

№ 42 (1377) 20.10.2018 - 26.10.2018 г

Створаны Язэпам Драздовічам свет прыцягвае ўвагу і самых розных творцаў сучаснасці. Два месяцы таму аўстралійскі мастак Фінтан Мэгі наведаў Мінск і пакінуў пасля сябе мурал, сюжэт якога быў натхнёны ў тым ліку і касмічнымі пейзажамі “вечнага вандроўніка”.

/i/content/pi/cult/714/15606/4.jpgСцяну 12-павярховага жылога дома на вуліцы Ляшчынскага цяпер бачна здалёк — там выяўлены падлетак з птушкай у руках, што адначасова нагадвае і робата, і скульптуру. Упэўнены позірк хлопчыка скіраваны кудысьці наперад, за ім бетонная сцяна, якую ён нібыта зруйнаваў, проста праз яе прайшоўшы.

Мурал быў створаны ў межах стрыт-арт праекта Urban Myths (“Гарадскія міфы”), распачатага беларускай арт-суполкай SIGNAL у 2015 годзе. Яго ўдзельнікі — вулічныя мастакі з розных краін свету, якія прыязджаюць у Мінск на некалькі дзён і з дапамогай мясцовых краязнаўцаў і валанцёраў даследуюць горад, вывучаючы, у тым ліку, і гісторыю Беларусі. Пад уражаннем ад пачутага і ўбачанага ствараюць эскізы таго, што хацелі б выявіць на сценах дамоў. Таму кожны з роспісаў — гэта не адасобленае аўтарскае выказванне на абстрактную тэму, а прысвячэнне канкрэтнаму гораду і жыццю ў ім.

Па словах Фінтана Мэгі, ён натхніўся дасягненнямі беларусаў у галіне IT і творамі нашых мастакоў розных часоў і пакаленняў, якіх аб’ядноўвае адно — памкненне адлюстраваць у сваіх працах уласныя ўяленні пра будучае і веды пра мінулае: гэта мазаічныя пано Аляксандра Кішчанкі, скульптура Паўла Вайніцкага і касмічныя серыі Язэпа Драздовіча.

Карціны апошняга аўстраліец убачыў у інтэрнэце, калі шукаў інфармацыю пра Беларусь. Зацікавіўся і запытаўся пра іх аўтара ў экскурсавода падчас шпацыру па Мінску. Як адзначыў сам мастак, летуценная інтэрпрэтацыя рэальных фігур і аб’ектаў, характэрная для Язэпа Драздовіча, блізкая і яму самому. Калі прыгледзецца да фону мурала, ён таксама падаецца краявідам нейкай невядомай планеты.

Свой твор на вуліцы Ляшчынскага Фінтан Мэгі прысвяціў пошуку Беларусі свайго месца ў свеце за кошт новых тэхналогій, смелых ідэй і свабоды мыслення. Творчасць, мастацтва, навука і тэхніка — вось у чым будучае нашай краіны, мяркуе мастак. У допісе на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” ён назваў гэтую працу “Хлопчык са скульптурай, ці Помнік беларускаму футурызму”.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"