Дарэчы, ролю помніка “выконваў” менавіта Сяргей Харытон. Сведкі кажуць, атрымалася. Калі ж казаць сур’ёзна, дык помнікам работніку культуры павінна стаць выява самой Культуры — прыгажуні-разумніцы са шчаслівымі вачыма.
Сёння, як вядома, у Магілёве адбываецца V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. З гэтай нагоды, як паведамляе Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, прэзентуецца і выстава-кірмаш рамёстваў. Працуе яна на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Тут прадстаўлена дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ўсіх раёнаў Беларусі і 16 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Магілёўская вобласць прэзентуе асобную экспазіцыю “Кірмаш па-магілёўску”. Тут можна пазнаёміцца з аб’ектамі нематэрыяльнай спадчыны: Горскім, Іллінскім кірмашамі Краснапольскага і Касцюковіцкага раёнаў. Кругляншчына пакажа Свята лялькі, Слаўгарадчына парадуе сырам.
Вернемся да нізкі навін ад Галіны Крацянок. У Смарогні вуліца Якуба Коласа стала цэнтрам сельскагаспадарчага кірмашу. А ў Вішнеўскім доме культуры шанаваліся настаўнікі. Падчас імпрэзы выступілі вакальна-інструментальны ансамбль “Настальгія” Жодзішкаўскай школы мастацтваў, а таксама — акампаніятар Лешчаняцкага сельскага клуба Ірына Найдзіч.
“Сёмы раз рэалізоўваецца на Пастаўшчыне міжнародны сельскагаспадарчы праект “Майстры вёскі”, — распавядае вядучы спецыяліст Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Вольга Лойка. — Сёлета ў аграгарадку Навасёлкі за гэтае званне змагаліся пяць сем’яў, у тым ліку — і з Літвы. У фае цэнтра культуры дзейнічала выстава сямейных творчых дасягненняў. Сярод экспанатаў былі не толькі слоікі з закаткамі, але тканыя, вышытыя рэчы. Падчас конкурсаў выступалі вучні і настаўнікі Навасёлкаўскага філіялу Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў і народны ансамбль беларускай песні “Маладзіца”.
Андрэй Струнчанка напісаў, што на базе Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці прайшлі практычныя заняткі для слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі — кіраўнікоў аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах, што дзейнічаюць ва ўстановах культуры вобласці. Падчас заняткаў прэзентавалі дзейнасць народнага жаночага клуба “Залаты ўзрост” з аграгарадка Мазалава. Выставу-дэгустацыю страў нацыянальнай кухні прапанавалі ўдзельнікі клуба этнаграфіі і фальклору “Капышане” з Аршанскага раёна.
Ельскі раённы цэнтр арганізацыі культурнага адпачынку насельніцтва і метадычнай работы працягвае наладжванне мерапрыемстваў раённага арт-праекта “Творчасць. Пазнанне. Уменне”. Мэта — арганізацыя эфектыўнай супрацы ўстаноў культуры клубнага тыпу і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі для развіцця інтарэсаў і здольнасцяў. У этнакутку Валаўскага цэнтра народных традыцый праведзена фальклорнае свята “Жывая вада бацькоўскіх крыніц”. Дзеці пазнаёміліся з мясцовымі народнымі касцюмамі.
Распавядае метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун: “Супрацоўнікі нашай установы сустрэліся з Дзмітрыем Радзівончыкам — паэтам, літаратуразнаўцам, сябрам Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэатамі другога абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі ў намінацыі “Паэзія”. Пры гэтым прысутнічалі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для сталых людзей Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мастоўскага раёна.”
Праменад талентаў адбыўся ў аграгарадку Ганчары. Загадчык філіяла “Ганчарскі дом культуры” Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Булай піша, што ў мерапрыемстве ўдзельнічалі людзі сталага ўзросту з вёсак Ганчарскага сельскага савета. Прадэманстраваць свае таленты сабраліся музыканты і спевакі, паэты і чытальнікі. І ўсё ў іх атрымалася!
А вось у аграгарадку Дзітва (таксама Лідскі раён) прайшло конкурснае шоу з удзелам прыгажунь залатога ўзросту. Праграма ў мясцовым Доме культуры так і называлася — “Элегантны ўзрост — 2018”. Пераможцам конкурсу стала Марыя Ганчар з Ліды. Пра гэта распавяла мастацкі кіраўнік Дзітвянскага дома культуры Рэгіна Снітко.
Пра яшчэ адну навіну з Лідскага раёна напісала вядучы метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вольга Троцкая. У аграгарадку Ходараўцы ладзілі Гарбузовы фэст. Цэнтрам падзей стаў мясцовы сельскі клуб-бібліятэка, ля якога неўпрыкмет вырасла гара аранжавых гарбузоў незвычайных памераў. Багата сабралася і народу. Тут можна было пакаштаваць гарбузовыя прысмакі: кашу, пірагі, джэм, сочыва, гарбуз з салёнымі гуркамі, гарбузовы суп, нават квас з гарбузу. Самы важкі гарбуз (97 кілаграмаў) вырасціў Уладзімір Вітко. Прызам для дбайнага гаспадара стаў мех капусты ад мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства.