“Мае п’есы жывуць два гады”

№ 41 (1376) 13.10.2018 - 20.10.2018 г

Драматург Павел ПРАЖКО першапачаткова атрымаў прызнанне за межамі Беларусі. У Расіі яго п’есы змянілі “новую драму”, прадэманстраваўшы, што захапляльнымі могуць быць не толькі “несцэнічныя” сюжэты, але і сам тэкст, эксперыменты з фразамі і словамі. А ўжо пасля пастановак знакамітых расійскіх рэжысёраў і шматлікіх перакладаў, п’есы Пражко пакрысе пачалі з’яўляцца і ў беларускай афішы. Яго “Ураджай” нават стаіць у планах Купалаўскага тэатра. Пры гэтым сам спадар Павел застаецца адной з найбольш загадкавых і апрычоных асобаў айчыннай тэатральнай прасторы, актыўна не паддаючыся на чые-кольвечы спробы загнаць яго ў нейкую ўласную сістэму каардынат.

/i/content/pi/cult/713/15595/3_opt.jpegЗазнаць адкрыццё

— Мне заўсёды лёгка давалася напісанне тэкстаў, але доўгі час хацелася іншага. Найперш вабіла фізіка. Я да яе час ад часу вяртаюся — прыкладам, цяпер вось чытаю нон-фікшн па гэтай тэме. Там распавядаецца пра тыя адкрыцці, пра якія раней людзі і не здагадваліся. А адкрыцці мяне вабілі заўсёды.

Быў час, калі я на рынку прадаваў дыскі. Мне вельмі хацелася распаўсюджваць музыку. Часам нават купляў нешта цікавае ў суседкі, а потым выстаўляў на сваіх паліцах. Але ў яе атрымлівалася гандляваць, а ў мяне — не.

Тое, чаго я прагнуў, не заўсёды атрымлівалася. А што лёгка давалася, цякло само па сабе. Неяк ва ўніверсітэце выкладчык даў заданне скласці п’есу. І я напісаў. А пасля да нас прывялі знакамітага драматурга. Я запытаў, колькі яму спатрэбілася часу, каб дасягнуць свайго ўзроўню. Пачуўшы ў адказ пра 4 — 5 гадоў, зразумеў, што магу дазволіць сабе такі тэрмін на спробы ў драматургіі.

Пазбавіцца пасрэдніка

— У мяне няма такога, каб пэўныя гадзіны ў дзень я надаваў напісанню п’есы. Я доўга думаю над новым тэкстам, доўга збіраю матэрыял, чапляюся за нейкія сітуацыі ці словы, пэўны час жыву гэтым — а пасля саджуся і хутка запісваю. Прынцыпова не карыстаюся дыктафонам, бо ён стварае непатрэбную мне дыстанцыю. Гэта — як фотаапарат, які становіцца паміж вандроўнікам і ўбачаным ім месцам. Любая прылада адразу спараджае магчымасць адгарадзіцца ад сітуацыі, застацца ў зоне камфорту і не ўключацца — бо памятаеш, што можна будзе пераслухаць запіс пазней пры іншых умовах. А гэта хіба шчыра?

Ніколі не вымучваю з сябе словы. Пішу-пішу, але, калі адчуваю, што больш не складваецца — кідаю. Магчыма, назаўсёды. Магчыма, вярнуся да гэтага тэксту пазней. Раз-пораз здараецца, што работа нібыта завершана, але штосьці не дае мне спакою, таму буду хадзіць і думаць пра скончаны ўжо тэкст. Аднак амаль не бывае такога, каб я перапісваў нейкую сцэну па просьбе рэжысёра.

Мая работа — напісаць п’есу, большае мяне не цікавіць. Калі чалавек узяўся ставіць — дзякуй вялікі! Аднак гэта ўжо яго творчасць, таму я не адсочваю, дзе і што з маіх п’ес ставіцца. Ды і не імкнуся глядзець пастаноўкі. Што калі не будуць ставіць мае п’есы? Не расстроюся. Увогуле, упэўнены, што мае п’есы жывуць два гады, а пасля губляюць актуальнасць. Дый ці можна насамрэч паставіць перад сабой мэту напісаць тэкст на ўсе часы?

Раней калі працаваў, пастаянна ўключаў музыку. Самую розную, за выключэннем хіба занадта цяжкай або рэпа. Цяпер імкнуся так не рабіць, бо бачу, што яна ўплывае, і хачу таго ўплыву пазбыцца.

Не для мяне

— У мяне ёсць электронны адрас для ліставання, магу заглянуць у сацыяльныя сеткі, аднак не маю патрэбы заводзіць асабісты акаўнт. Не шукаю, што пішуць пра мяне і маю творчасць. Прачытаю, толькі калі жонка пакажа. Мне не патрэбны нейкі пасярэднік для спазнання свету. Сацсеткі сталі для людзей месцам, дзе можна паказаць сябе такім, якім ты хочаш сябе бачыць, а не якім з’яўляешся насамрэч. Як драматург я болей цікавага магу пачуць у маршрутцы ад суседа, які размаўляе па тэлефоне, чым пабачыць у сеціве.

Не кожную тэму я перанясу ў свой тэкст. Драматург Аляксандр Гельман у адной з п’ес распавядае, што два тыдні маленькі ляжаў у канцлагеры побач з трупам маці. Па маім адчуванні, такія перажыванні немагчыма выказваць публічна. Яны настолькі асабістыя, што пасля іх губляюцца любыя магчымасці для разваг, рэфлексіі.

Драматургія горада

— Я не змог бы жыць за горадам. Неяк паспрабавалі з жонкай пашукаць дом у 30 кіламетрах ад сталіцы. Ездзілі, глядзелі. Усё, здаецца, няблага — аднак вельмі ціха. Быццам застаецца толькі выйсці на падворак і памерці. Я не люблю цішыню. Мінск — добры горад. Вялікі ён ці маленькі? Сумняваюся, што вялікі. Верагоднасць сустрэць на вуліцы знаёмага тут куды вышэй, чым у іншым мегаполісе.

Пісаць пра чалавека ў вялікім горадзе значна цяжэй, бо, падаецца, у гэтым выпадку дыскурс толькі адзін: калі горад вялікі, то толькі адна гісторыя магчыма — я і ўсё вакол. А сапраўдныя вялікія гісторыі — яны ў маленькіх гарадах, пасёлках. Там сапраўдныя жарсці, бо ўсе адзін аднаго ведаюць, і драматургічны канфлікт узнікае на кожным кроку.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"