Перавыданне 18-е. І, пэўна, не апошняе

№ 41 (1376) 13.10.2018 - 20.10.2018 г

5 кастрычніка ў Палацы Незалежнасці адбылася прэзентацыя выставачнага праекта “Спадчына Беларусі. Адноўленыя архітэктурныя каштоўнасці”, здзейсненага Аляксандрам Аляксеевым і Алегам Лукашэвічам пры садзеянні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/713/15590/album_spadchyna_belaru_opt.jpegГэта 18-е перавыданне кнігі-альбома згаданых аўтараў “Спадчына Беларусі”. Фаліянт можна лічыць сапраўдным бестселерам: з 2004 года і па сёння выдадзена ўжо 46 500 асобнікаў. Сапраўдны рэкорд для аналагічнай прадукцыі ў нашай краіне! Захоўваючы зыходную структуру, выданне ўвесь час удасканальваецца. Тыя помнікі дойлідства, што чытачам раней былі прадстаўлены на стадыі рэстаўрацыі, цяпер можна пабачыць у завершаным выглядзе. Пэўныя карэктывы ў альбоме адбыліся ўжо пасля таго, як фотавыстава беларускай гістарычнай спадчыны павандравала па замежных сталіцах, і яе аўтары мелі магчымасць пабачыць, што гледачоў чапляе, а што — не.

За кнігу-альбом “Спадчына Беларусі” спадары Аляксееў і Лукашэвіч атрымалі цэлы шэраг узнагарод. І галоўная з іх — прэмія “За духоўнае адраджэнне”. У часе прэзентацыі аўтары правялі экскурсію па выставе. У афіцыйнай імпрэзе бралі ўдзел першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, міністр культуры Юрый Бондар, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, міністр адукацыі Ігар Карпенка, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў, дыпламаты, навукоўцы, людзі культуры і мастацтва.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"