Кірмаш праектаў “Вясёлка маладзёжных ініцыятыў”, акцыя “Дрэва Сяброўства”, прэзентацыя маладзёжных і дзіцячых СМІ — творчая праграма фестывальнага Дня моладзі прапануе віцябчанам і гасцям фестывалю шэраг імпрэз, у якіх зможа прыняць удзел кожны ахвотны.
Месцамі правядзення мерапрыемстваў сталі плошча Свабоды і парк імя Фрунзе горада над Дзвіной. У Віцебск прыбылі маладзёжныя дэлегацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі і горада Мінска.
У 10.00 на плошчы — адкрыццё акцыі, і далей на працягу ўсяго Дня моладзі на цэнтральнай сцэне ладзіцца прэзентацыя праектаў “Вясёлка маладзёжных ініцыятыў”.
Сімвалам Дня моладзі зрабілі вясёлку, якая ўвасабляе адзінства і непарыўнасць разнастайнасці, распавялі карэспандэнту “Культуры” ў ЦК ГА БРСМ, сем рэгіёнаў рэспублікі (6 абласцей і сталіца) прадстаўляюць сем напрамкаў маладзёжных ініцыятыў: спорт, тэатральнае майстэрства, выяўленчае мастацтва, дызайн, мадэліраванне, журналістыка, патрыятычнае выхаванне. Папярэдне праведзена жараб’ёўка і вызначана, у якім напрамку ўдзельнікі мусяць праявіць фантазію і арыгінальнасць. У адпаведнасці з накірункам праяўлення ініцыятывы аформлены тэматычная пляцоўкі, для кожнай з якіх вызначаны дамінуючы колер вясёлкі. Да прыкладу, Віцебская вобласць прадстаўлена фіялетавым. Іх пляцоўка мае назву “Увесь свет — тэатр” і прадстаўляе тэатральнае майстэрства. Усе ахвотныя могуць прыняць удзел у майстар-класе, які ладзіцца акцёрамі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. На сцэне працуе грымёрка, усё будзе адбывацца па законах тэатральнага дзейства.
Галоўныя крытэрыі ацэнкі ўдзелу ў кірмашы-спаборніцтве — фантазія і творчасць, відовішчнасць і інтэрактыўнасць прэзентацыі. Абапіраючыся на гэтыя пункты, напрыканцыпрацы тэматычных пляцовак журы падсумуе вынікі і назаве пераможцаў.
Усім гледачам, якія прыйдуць на свята і прымуць удзел у кірмашы, прэзентуюцца рознакаляровыя стужкі. Ствараць “Дрэва сяброўства” стала ўжо своеасаблівай традыцыяй Дня моладзі, і кожны ўдзельнік свята можа прымацаваць, прыкалоць сваю стужачку да галінак нашага дрэва, якое з’яўляецца сімвалам памяці, адзінства славянскіх народаў і надзеі на новую сустрэчу ўдзельнікаў Дня моладзі на наступным “Славянскім базары”.
Чарговым мерапрыемствам Дня моладзі стане прэзентацыя сродкаў масавай інфармацыі, заснавальнікам якіх з’яўляецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. У імпрэзе прымуць удзел рэдактары маладзёжных СМІ, члены клубаў юных журналістаў, юныя карэспандэнты газет, іх бацькі, шматлікія госці. Друкаваныя выданні прэзентуюць спецвыпускі, прысвечаныя Дню моладзі ў Віцебску, а ўсе, хто жадае паспрабаваць сябе ў нялёгкай журналісцкай справе, сёння могуць паўдзельнічаць у выпуску спецыяльнай газеты памерам 15 метраў.
Завяршае гэтую частку праграмы прэзентацыя вядучага Цэнтра маладзёжнага турызму ЗАТ “Беларускі спадарожнік”, які прадстаўляе турыстычныя паслугі студэнтам і моладзі сумесна з БРСМ. Гэтая марка з’яўляецца візітоўкай турызму ва ўсім свеце. У Беларусі структура таварыства ўяўляе сабой прадпрыемства рэспубліканскага значэння з філіяламі ва ўсіх абласных цэнтрах. Цэнтрам прадстаўлены каталогі экскурсійных праграм для моладзі.
Дарэчы, напярэдадні Маладзёжнага свята ўсім ўдзельнікам, гледачам і гасцям віцебскага фэсту прамоўтэры раздавалі буклет з латарэйным квітком, і яны аўтаматычна станавіліся ўдзельнікамі латарэі “Маладзёжная”.
Па словах арганізатараў, розыгрыш латарэі і ўручэнне выйгрышаў будуць штогадзінна праводзіцца на галоўнай сцэне на плошчы Свабоды пад час кірмашу праектаў. У цэлым, Дзень моладзі мяркуецца як сапраўднае свята маладосці, неўтаймоўнага імпэту і аптымізму, ініцыятывы маладых — будучыні Беларусі.
Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ